Рэцэнзія: THORNSPAWN / MALEDICTVS – Guided by Vengeance & Bloodlust

Год: 2021
Выдаўца: Werewolf Records
Рэйтынг: 7,8 / 10

Нагадаю шаноўным чытачам, што THORNSPAWN – гэта старажытны штатаўскі гурт, які нядаўна справіў сваё 30-годьдзе. Большую частку гэтых 30 гадоў THORNSPAWN праіснаваў у глыбокім андэграўндзе, хоць свае моманты ў яго былі – напрыклад, адзін з альбомаў выходзіў на Osmose і нават выдаваўся па ліцэнзіі ў СНД. У 2011-м гурт пераўтварыўся на гэткі амерыканскі LUCIFUGUM, калі ачольца THORNSPAWN падключыў да яго сваю жонку Hell’у. Гэтая кабета – няўтомная актывістка андэграўнднага фронту, і я кажу гэта ў станоўчым сэнсе. Заўсёды недзе грае і ўдзельнічае (засьвяцілася нават на рэлізе расейскага VHORTHAX), нешта арганізуе, мае свой мерчавы лэйбл, адным з навейшых рэлізаў якога ёсьць худзі CAPRICORNUS / DER STÜRMER. Таму можна лічыць, што праверка на чысьціню пройдзеная; пра гэткіх людзей ніколі не напіша які-небудзь Дэніел Лэйк з маднейшага часопісу Decibel.

Спліт, які я зараз разглядаю – пашыраная вэрсія арыгінальнага касэтнага рэлізу, якая ўтрымлівае некалькі дадатковых трэкаў. Пра THORNSPAWN я ўжо пісаў, але то было даўно, таму нагадаю – гэта шумнае і бамбёжнае ліхадзейства, якое (зноў жа, у станоўчым сэнсе) ажно крычыць “ЗША”. Хоць музыка прызнаецца, што граць на гітары яго натхніў Blackmoon з DARK FUNERAL, насамрэч у ягоным стылі няма нічога эўрапейскага. Гэта зухаватая сумесь BLACK WITCHERY (у хуткіх фрагмэнтах) і PROFANATICA (у павольных), плюс прапушчаны праз гарманайзэр вакал (амерыканцы чамусьці любяць рабіць гэта, хоць атрымліваецца амаль заўсёды гаўно). Потны, жорсткі, крывавы і барбарскі чорны мэтал Шатана. Моц!

MALEDICTVS – гэта THORNSPAWN наадварот. Тут Hella піша музыку і грае на большасьці інструмэнтаў, а ейны муж грукае на бубнах. Адрозьненні ў гучаньні двух праектаў адметным чынам увасабляюць шлюбную сінэргію: THORNSPAWN – маскулінны цяжар, MALEDICTVS – жаночая вытанчанасьць і бадай што каціная кусачая агрэсія, але па сутнасьці гэта той жа самы шпаркі, злосны, інтэнсіўны Чорны Мэтал. MALEDICTVS мне падабаецца трошкі больш, бо тут вельмі цэпкія мэлёдыі з пробліскам эўрапейскага характару. Але зноў паўтару, абодва праекты – два бакі аднаго мэдалю, і таму перад намі адзін з найбольш суцэльных сплітаў у сьвеце.

Вэрдыкт музычнай частцы ўсяго спліта зьдзіўляе мяне самога: нестандартнасьці і навізны тут ані на каліва, але чамусьці гэтыя рыфы і трэмола, якія я чуў сто мільёнаў разоў у выкананьні іншы гуртоў, менавіта тут зноў працуюць. Напэўна, сакрэт у непрытворным пале і адданасьці справе Black Metal. Апроч таго, кавэр на HELLHAMMER таксама яшчэ ніколі не псаваў аніводны рэліз. Абавязкова паслухайце.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *