Год: 2023
Выдаўца: Inferna Profundus Records
Рэйтынг: 7 / 10
Чыліец Карлас з вядомага гурта 13TH TEMPLE ўсё часьцей наведвае старонкі майго вэбзіну, і гэтым разам мне хацелася б надаць увагу ягонаму праекту RÜNDGARD. Дэбютны альбом, які выйшаў колькі год таму, быў выдатным асобнікам пакланеньня старажытнаму нарвэскаму Black Metal і расейскаму RUNDAGOR. Новы альбом рухаецца трошкі ў іншы бок. Гэта таксама старажытнае ліха, але ў ім яднаюцца сімфанічная лютасьць EMPEROR, рытуальная складовая SAMAEL ды BATHORY, і прымітыўнасьць самых раньніх BEHEMOTH. Пры тым, што якасныя паказнікі музыкі RÜNDGARD палепшыліся (гук, узровень кампазіцый, дынаміка), праект страціў вялікую частку своеасабовасьці. Цяпер ён мала чым адрозьніваецца ад мноства іншых гуртоў, якія граюць архаічны Чорны Мэтал з багатымі клявішнымі партыямі.
На гэтым месцы я хвілін 15 сядзеў і ламаў галаву, думаючы, што б яшчэ напісаць, але думкі раптам скончыліся. “Ulvmonddomānen” ва ўсім на 666% правільны, але ў ім няма нічога адметнага, а паўтараць словаблудства пра “люстэркі апраметнай” і “трансфармацыю духа” з прэс-рэлізу я не хачу. Альбом моцны, слухаць татальна рэкамендую, купляць – …? І годзе.