Бліц-рэцэнзіі 80: ANGR, BASARABIAN HILLS, REAPER, SOLITVDO

80-ы выпуск кароткіх рэцэнзій.

ANGR – I
Год: 2021
Выдаўца: самвыд
Рэйтынг: 7 / 10

Беларуска-расейскі гурт (музыка ананімны, вакаліст з TEMPLE OF NIHIL). Па стылі гэта вельмі суворы і нардычны MAYHEM – халодны, велічны, зь вялікай колькасьцю атруты ў кожнай ноце, шалёнымі бласт-бітамі і “рытуальнымі” сьпевамі, але на цёмную нардычную тэматыку. Калі слухаць альбом нядоўга, то ўсё фантастычна добра і правільна, аднак зь цягам часу ён трошкі абрыдае. Трэкі доўжацца па 7 і болей хвілін, але рыфаў у кожным зь іх набіраецца хіба што на хвіліны 3. Музыка падобнай інтэнсіўнасьці ня надта добра працуе ў гэткіх гарганцюанскіх формах. Але патэнцыял у яе вялікі, і я трошкі зьдзіўлены, што, нават з улікам усіх абставін, альбом яшчэ ніхто не выдаў на CD.

 

BASARABIAN HILLS – Attraction
Год: 2016
Выдаўца: Silentium In Foresta Records
Рэйтынг: 5,6 / 10

Гэта было маё першае знаёмства з малдоўскім праэктам, які напэўна вядомы тутэйшым слухачам за свой валасаты лагатып і доўгатэрміновае супрацоўніцтва з Der Schwarze Tod. Прызнаюся, своеасабовы стыль музыкі BASARABIAN HILLS мне ня надта спадабаўся – гэта даволі звонкі эмбіент з зацыкленай ударкай і гітарай у якасьці фонавага інструмэнта. Напаўмэталічны эмбіент я ніколі не любіў, у гэтым плане я пурыст. Магчыма, з вакалам гэта гучала б лепей. Або без гітары і ўдаркі. У выніку – набор неблагіх мэлёдый, якія выклікаюць асацыяцыі з пазнавальнымі тэлеперадачамі пра навуку.

 

BASARABIAN HILLS – The Path of Hope
Год: 2021
Выдаўца: Der Schwarze Tod
Рэйтынг: 5,8 / 10

Пакуль што самы новы альбом праэкта, які таксама не асабліва мне спадабаўся. Дзякуй прэс-рэлізу, які дапамагае больш дакладна выказаць, чаму. “Starting as a blueprint of Swedish LUSTRE…” – Люстра заўсёды была гаўном. “Spirit Of The Forest invites us to a fairytale journey through long forgotten landscapes from our deep childhood…” – менавіта, гэта вельмі “казачная” музыка, дзе пакуль яшчэ няма ружовых аднарогаў, але пра дзяцінства мне яна таксама не нагадвае ані на каліва. А дзяцінства ў мяне было, як маім меркаваньнем, вельмі добрае. “Black metal without black metal as it is” – ну, тут і дадаваць няма чаго. Я часта паўтараю, што ў нашыя часы ўсё, дзе ёсьць электрагітара, прынята пазначаць як Black Metal, але не падумаў пра геніяльны рэклямны ход: пазначыць тое, што наогул ня ёсць Metal, не кажучы ўжо пра Black, як “не Black Metal”! Во! Карацей, да BASARABIAN HILLS я больш не дакрануся, не маё гэта.

 

REAPER – The Atonality of Flesh
Год: 2021
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 5,9 / 10

Гэты рэліз Iron Bonehead мяне расчараваў. Дуэт з Швэцыі грае прыпанкаваны Speed Thrash Metal, відавочна імкнучыся заваяваць слухача сваёй зухаватасьцю і злоснасьцю, але ў выніку атрымліваецца нейкая недарэчнасьць. Вакал – гаўно. Агрэсія – ненатуральная. А слухаць тут няма чаго, у сьвеце мільён альбомаў у падобным стылі, зробленых на парадак больш пераканаўча.

 

SOLITVDO – Hegemonikon
Год: 2021
Выдаўца: Aeternitas Tenebrarum Musicae Fundamentum 
Рэйтынг: 8,4 / 10

Вельмі дынамічны традыцыяналісцкі мэтал з Італіі. Па сутнаьсці гэта ROTTING CHRIST, узбагачоны клявішнымі партыямі, а таксама разнастайнымі дадатковымі струннымі, духавымі і смычковымі інструмэнтамі. Памножце гэта на італьянскую эмацыйнасьць, і вы атрымаеце неймаверна агністы мэтал, які запаліць агонь у сэрцы нават самага безнадзейнага цыніка. Магутны і прыгожы твор!

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *