Нядаўні выпуск афіцыйнага выданьня альбома “Schwarze Bande” для тэрыторыі СНД наштурхнуў мяне на думку зрабіць інтэрвію зь Хендрыкам Мёбусам (aka Jarl Flagg Nidhögg). Інтэрвію плянавалася даволі кароткім, бо багацейшая біяграфія Хендрыка і ABSURD разглядаецца ва ўсемагчымых выданьнях, у тым ліку “Князях Хаоса” і “Ваўках сярод авечак”, таму зноў зьвяртацца да старых успамінаў сэнсу не было. Але я не ўлічыў два моманты. Па-першае, біяграфія ABSURD пасьля вымушаных уцёкаў Хендрыка ў ЗША асьвятлялася значна менш падрабязна і па-ранейшаму мае багата цёмных плямаў (спадзяюся, нам удалося гэта выправіць), а па-другое, Хендрык, як і я, чалавек вельмі ўедлівы, схільны да максімальна дэталёвага апісаньня падзей і тлумачэньня сваіх думак, што асабліва важна цяпер, калі імя ABSURD спрабуюць прысвоіць махляры. Таму замест сціслай размовы атрымалася… тое, што атрымалася: вераемна, найвялікшае інтэрвію ў гісторыі Bagnik Zine. Адразу ж выбачаюся за магчымыя памылкі ў тэксце; пераклад набіраўся рукамі, і правяраць яго няма аніякай змогі.
Вітаю, Хендрык! Зазвычай я раблю інтэрвію з маімі суразмоўцамі вельмі ўдумліва, ствараючы вялікую карціну іхнага шляху ад самога пачатку да сёньняшняга дня. Аднак з табой гэта не спрацуе, бо твая біяграфія настолькі багатая падзеямі, што на гэта спатрэбіцца цэлая кніга. Таму я паспрабую засяродзіцца на больш актуальных рэчах, хоць і гістарычны экскурс таксама, вядома, будзе.
Паколькі вакол ABSURD па-ранейшаму адбываецца мітусня, незразумелая для чытачоў, якія не сачылі за ёй з самога пачатку, перш за ўсё давай павернемся назад у часе і выразна абазначым бадай што самую важную рэч: якім быў арыгінальны склад ABSURD, то-бок хто заснаваў гурт?
J.F.N.: На судзе можна было б адказаць: “У пакоі знаходзіліся тры чалавекі, але толькі два зьдзяйсьнялі злачынства!” Але, калі сур’ёзна, ідэя заснаваньня гурта зьявілася яшчэ ў 1991-м, і цяпер немагчыма сказаць, каму яна прыйшла да галавы ўпершыню. У той час Вольф, DMD і я былі часткай таго ж самага кола сяброў; Вольф і DMD ужо гралі на гітарах, а DMD нават пісаў уласныя песьні. Пасьля падзей у Нарвэгіі, калі адбыўся выбух першабытнае сілы Black Metal, для нас было цалкам натуральна далучыцца да гэтага руху і таксама стварыць свой Black Metal-гурт. Намінальна, DMD, Вольф і я заснавалі Absurd 2-га студзеня 1992-га году, але толькі я і DMD практыкаваліся і запісваліся разам. Вольф займаўся распаўсюдам нашых запісаў у сеціве абмену касэтамі. Ён быў нашым “мэнеджэрам” у той час, і, такім чынам, часткай гурта, нягледзячы на тое, што ён практычна ня ўдзейнічаў у Absurd у якасьці музыкі. Таму, хоць намінальна Вольф ёсьць адным з заснавальнікаў гурта, ён пачаў актыўна займацца музыкай Absurd толькі зь 2001-га.
Быўшы ў турме, вы далі канцэрт, што потым быў выданы як IN KETTEN “Live at JVA Ichtershausen 1995”. Я маю спытаць: як гэта ўвогуле адбылося? Я магу ўявіць сабе, што ў заходнеэўрапейскай турме дазваляюць практыкавацца з музычнымі інструмэнтамі, але жывы выступ і яго запіс, мусібыць, было вельмі цяжка арганізаваць? Больш за тое, вы нават запісалі некалькі трэкаў для дэбютнага альбому Absurd, па-ранейшаму быўшы in Ketten!
J.F.N.: Штосьці падобнае наўрад ці магчыма сёньня, але ў 1994-м мінула ўсяго некалькі год з моманту скону ГДР, і турэмную сістэму рэфармавалі, у тым ліку і ў Цюрынгіі, зрабіўшы акцэнт на “рэабілітацыі” асуджаных. Гэта таксама азначала, што ім дазвалялася займацца забаўляльнай дзейнасьцю, такой як граньне на інструмэнтах у гурце. Дабрачынная асацыяцыя прапаноўвала інструмэнты і настаўнікаў музыкі, а турэмная адміністрацыя – месца для рэпетыцый. Зразумела, мы без усякага сораму скарысталіся магчымасьцю. Пад назвай “In Ketten” мы гралі песьні, якія зьмяшчалі крытыку грамадства, і кавэры на іншыя гурты, але патаемна мы працавалі над песьнямі Absurd і нават запісалі некалькі. З гэтым часткова дапамага ўсё тая ж дабрачынная асацыяцыя. Канцэрты (здаецца, іх было тры, а мо й болей) ў турме прапанаваў арганізаваць начальнік турмы, і адзін зь іх ён нават запісаў на VHS. З таго відэа да нашых часоў дажыў толькі гук, і гэты запіс ужо выданы на CD і LP пад назвай In Ketten.
1996-1999 быў перыядам уздыму ABSURD як бадай што найбольш уплывовага NS Metal-гурта на плянэце. Мы ўсе ведаем, што гэта твая правіна, ха-ха, але ці быў ты адзіным удзельнікам банды, які ў той час разьдзяляў ідэі НС?
J.F.N.: Пэўныя тэндэнцыі назіраліся ў тэкстах Absurd ужо ў 1995-м —”Der Sieg ist unser”, напрыклад. Я б сказаў, што я прасоўваўся на гэтым шляху больш рашуча і радыкальна за DMD, але ён разьдзяляў мае погляды. Нядаўна я зноў трымаў у руках некаторыя лісты, што ён пісаў мне ў 1997-м. Зь іх відавочна, што ён тады працаваў над тэкстамі для Asgardsrei і Kyffhäuserreich — гэтыя дзьве назвы прапанаваў я — і мы рэгулярна абмяркоўвалі іх. Ён часта меў пытаньні на пэўныя тэмы — пра міталёгію, гісторыю, ідэялёгію — і я заўсёды дапамагаў яму інфармацыяй і прапановамі, якія вырашальна ўплывалі на ягоныя тэксты. Але гэта былі ягоныя тэксты, ён пісаў іх, і толькі ён сам адказны за іх зьмесьціва. Празь 25 гадоў рабіць выгляд, што DMD насамрэч не хацеў, каб Asgardsrei стаў дакумэнтам і манумэнтам NSBM – вельмі несумленна, гэта папросту выкрыўленьне гісторыі.
Як вы апынуліся на No Colours Records, улічваючы, што Darker than Black на той момант ужо існаваў?
J.F.N.: Вельмі проста: хоць Darker Than Black Records існаваў з 1994-га, у нас не было фінансавых сродкаў, каб выдаць запіс. У той час выпуск CD, напрыклад, быў страшэнна дарагім і складаным працэсам. Стварэньне вокладак таксама было праблемай, бо кампутарныя тэхналёгіі яшчэ не сталі агульнадасяжнымі і простымі ў выкарыстаньні. Таму Вольф пагутарыў з Штэфенам з No Colours, якога вельмі зацікавіла перспектыва выданьня Facta Loquuntur. Дагэтуль Capricornus ужо выдаў касэту Thuringian Pagan Madness; гэты запіс плянаваўся як 7″EP, і выдаць яго абяцаў Samoth’аў Nocturnal Art Productions, але Samoth патрапіў у турму, і нічога не атрымалася. У Capricornus’а таксама бракавала сродкаў, каб выдаць нешта большае за касэту з прафэсійна надрукаванай укладкай. Таму мы былі шчыра ўдзячныя Штэфену за ягоную прапанову выдацца на No Colours. І ён зрабіў гэта! Ён выдаў Facta Loquuntur на CD і LP, і мы былі больш чым задаволеныя вынікам.
Пакінуўшы Эўропу ў 1999-м, ты нейкім чынам перадаў гурт Вольфу. Як гэта адбылося? Як Свен Цымпер (aka Unhold) стаў удзельнікам ABSURD?
J.F.N.: Вольф ужо зьвярнуўся да гэтай гісторыі ў сваім інтэрвію для blackmetalterror.com, але я ахвотна перакажу яе. Як я ўжо казаў, ён быў шчыльна зьвязаны з Absurd з самога пачатку, хоць і не быў часткай складу як музыка. Калі я быў вымушаны пакінуць Германію напрыканцы 1999-га (іначай я б зноў вярнуўся ў турму, што ў канчатковым выпадку і здарылася), я папрасіў DMD працягнуць дзейнасьць гурта. Ён адмовіў. Для яго гурт быў мёртвым, і ён ня меў амбіцый, каб рабіць штосьці яшчэ з Absurd. Вольф быў з гэтым ня згодны, бо, як і для мяне, спыненьне дзейнасьці Absurd для яго ня мела сэнсу, асабліва пасьля выпуску сьвежага Asgardsrei і пачатку працы над наступнымі рэлізамі (Totenlieder, Kyffhäuserreich), якія былі ўжо анансаваныя. Але, паколькі дагэтуль Вольф не быў актыўным удзельнікам Absurd, ён ня мог проста ўзяць і працаваць з гуртом на самоце. Яму патрабавалася пэўная легітымнасьць, наданая кімсьці, хто, па меркаваньне фанатаў, меў права гаварыць ад імя Absurd. Калі ён растлумачыў мне свае думкі, я цалкам зь ім пагадзіўся і выказаў сваю падтрымку празь інтэрвію і ліставаньне з таварышамі. Але ў 2001-м Вольф сутыкнуўся з праблемай: ён меў песьні, напісаныя DMD для Absurd, і нават студыйны бюджэт, наданы лэйблам (Hate Records), але ня меў музыкаў, каб запісаць гэтыя песьні. Вось тут і зьявіўся Unhold. Мы ўжо ведалі яго па ягоным уласным гурце Luror і ўдзелу ў Cryogenic, і Вольф ведаў, што Unhold ёсьць таленавітым і здатным музыкай. Таму Вольф запрасіў яго папрацаваць на студыі, і разам яны запісалі Werwolfthron.
Можаш зрабіць выкладку па аўтарах музыкі / лірыкі ABSURD за перыяд 2002-2014? Бо я ведаю, што яна адрозьніваецца ад “афіцыйнай” інфармацыі, і што ты таксама браў удзел на тых запісах, нават калі пра гэта нідзе не напісана. Асабліва мяне цікавіць “Werwolfthron”, бо гэты альбом ствараўся з 1995-га, і ў яго мае быць багата аўтараў. А яшчэ, кім / чым ёсьць Saufwut (асоба (?), што нібыта напісала 3 трэкі для гэтага альбому)?
J.F.N.: Я разьдзяляю меркаваньне Вольфа: Absurd ёсьць чымсьці большым за суму яго ўдзельнікаў. На працягу 30 іх было мноства — некаторыя пісалі песьні і фармавалі стыль і гучаньне Absurd, іншыя пісалі песьні і стваралі канцэпцыі, а некаторыя папросту дапамагалі з выкананьнем партый. Але кожны зь іх зрабіў унёсак у тое, якім гуртом Absurd ёсьць сёньня, і ніхто не можа заявіць, што ўсё гэта дзякуючы толькі яму аднаму. Вось чаму я ніколі нават не падумаю пра тое, каб выкрасьліць каго-колечы з гісторыі Absurd або абвяргаць ягоны ўнёсак у творчасьць гурта.
У 1990-м, за рэдкімі выключэньнямі, тэксты і песьні для Absurd пісаў DMD. Вольф час ад часу прыносіў нешта ад сябе, а я, напрыклад, напісаў тэкст для ‘Sonnenritter’ з Asgardsrei (пакладзены на музыку сіламі JK і RP / Von Thronstahl), але DMD быў бясспрэчным галоўным кампазытарам. Дзякуючы гэтаму ў рэпертуары Absurd ёсьць песьні пра каханьне, бо DMD заўсёды ведаў, як напісаць музычную оду сваёй чарговай пасіі. Аднак зь цягам часу я паўплываў на стыль DMD сваімі ідэямі, прапановамі і канцэпцыямі (Asgardsrei, Kyffhäuserreich). Насамрэч ён быў удзячны за гэта, бо яму было цяжкавата на самоце адказваць за музычна-тэкставы складнік Absurd.
Адмовіўшыся працягваць дзейнасьць Absurd за маёй адсутнасьцю, нягледзячы на маю просьбу, а потым таксама адмовіўшыся прыняць прапанову Вольфа ўзяць удзел у запісе спліта Kyffhäuserreich, DMD абарваў свае сувязі з гуртом. Тое, што засталося зь ягоных твораў, было пазьней награна Вольфам і Unhold’ам; першапачаткова гэтыя песьні прызначаліся для Facta Loquuntur. Аднак іх было замала для паўнавартаснага альбому, таму Werwolfthron, як і Facta Loquuntur у свой час, спадзяваўся на новыя песьні і ‘затычкі’. У выпадку з Werwolfthron “затычкамі” сталі мой тэкст для песьні, два інструмэнтальныя трэкі, а таксама тры песьні мясцовай фолк-банды Saufwut. Вольф аплаціў за іх студыйны запіс, але яны нават ня ведалі, што запісваюць свае трэкі для Absurd.
Потым выйшаў спліт Wolfskrieger з Pantheon, для якога былі перазапісаныя старыя песьні Absurd, а таксама запісаныя новыя на мае тэксты. На Totenlieder зноў былі выкарыстаныя песьні DMD, бо на той момант Unhold ужо пасябраваў зь ім і заплаціў яму за музыку. Ці былі гэтыя песьні створаныя яшчэ да 1999-га, сказаць не магу, але гэта малаверагодна, улічваючы, што я ведаў літаральна кожную песьню, якую DMD пісаў для Absurd у тыя гады. І хоць мы разам плянавалі Totenlieder і анансавалі яго ў 1998-м, першапачатковая канцэпцыя гэтага альбому ня мела аніякага дачыненьня да таго, што ў выніку запісалі Вольф і Unhold. Адна зь песьняў, падрыхтаваных для Totenlieder у 90-х – ‘Nuklearer Sturm’, але ў выніку яна выйшла на дэбютным альбоме Eternity ў 2004-м. Вольф напісаў для Totenlieder сваю песьню (музыку і тэкст), яна называецца ‘Der Scharlachrote Tod’.
На Raubritter патрапіла яшчэ адна песьня Вольфа (‘Über die Weiten Midgards’), а таксама перазапіс ‘Green Heart’. Unhold ня браў удзел у гэтым рэлізе, які выйшаў у 2004-м. Я знаходжу вельмі адметным тое, што сам Unhold заяўляе, што DMD нібыта перадаў яму ўсе правы на свае песьні ў 2004-м (!) і папрасіў яго выпусьціць іх на будучых рэлізах: ‘DMD (…), пасьля вербальнае перадачы мне сваіх кампазыцый і лірыкі ў 2004-м — з просьбай выпусьціць іх на адпаведных рэлізах у будучыні…‘. Менавіта ў той час ані DMD, ані Unhold не былі часткай Absurd. Дык што, атрымліваецца, два былых удзельніка гурта змовіліся за спінамі мяне і Вольфа ўжо тады, каб папярэдзіць будучае выкарыстаньне песьняў DMD у творчасьці Absurd?
Я хацеў бы скарыстацца магчымасьцю і зьвярнуцца да тэмы ‘правоў’ у дачыненьні да Absurd. У Black Metal (і ня толькі) існуе агульнапрынятае меркаваньне, што песьні, напісаныя пад канкрэтны гурт, запісаныя гэтым гуртом і выданыя пад назвай і лёгатыпам гэтага гурта аўтаматычна становяцца часткай канону гурта. Незалежна ад таго, ці застаюцца людзі, якія стварылі гэтыя песьні ў складзе гурта, пакуль сам гурт існуе і застаецца легітымным, ён мае права на перавыданьне, выданьне і выкананьне ўсіх гэтых песьняў.
У іншым выпадку, асэнсаванае і функцыянальнае існаваньне гурта было б немагчымым, бо ў большасьці гуртоў склад увесь час зьмяняецца. Таму часьцей за ўсё не выклікае спрэчак наступнае сцьвярджэньне: тое, што належыць гурту, застаецца ў гурта. Гэтак працуюць амаль усе Black Metal-гурты, і гэта прымаюць фанаты.
Аднак гэтая схема мала ў чым супадае з фармальным, законным вызначэньнем аўтарскага права. Па законе, аўтарскае права ёсьць неадчужальным (у тым ліку на працягу 70 гадоў пасьля сьмерці аўтара), і адзінае, што можна зрабіць – перадаць сваё права камусьці іншаму. Але аўтарскае права не абмяжоўваецца толькі тэкстамі і музыкай; яно распаўсюджваецца таксама на выкананьне партый асобных інструмэнтаў і вакал. Удзельнікі гурта могуць заяўляць свае правы на гэтыя элементы.
Паводле лёгікі Unhold’а, калі ён заяўляе, што DMD перадаў яму ўсе правы на песьні ў неабмежаванае выкарыстаньне, ён спадзяецца на закон аб аўтарскім праве, але не разумее яго поўнага сэнсу. Паводле закону, DMD ніяк ня мог бы перадаць яму ўсе правы на песьні, дзе я граю на бубнах, а іншыя ўдзельнікі выконваюць свае партыі, без нашай згоды. Калі Unhold мае правы толькі на тэксты і музыку DMD, тады ён мусіць выдаліць старыя запісы і перазапісаць усе тыя песьні з новымі бубнамі, новым басам, а дзесьці й з новай гітарай. Але й гэта ня ўсё — песьні, напісаныя самім Unhold’ам, у сучаснай форме таксама ня цалкам належаць яму. Яму б давялося напісаць новыя тэксты, дзесьці перарабіць усю музыку і, галоўнае, перазапісаць вакал, першапачаткова выкананы Вольфам. Бо не існуе кантракту, паводле якога Вольф і я пагадзіліся б передаць свае правы Unhold’у.
Без судовага рашэньня усе заявы пра аўтарскае права па сутнасьці ёсьць пустаслоўем. З маральнага пункту гледжаньня ты можаш мець рацыю, але, калі ты не даказаў сваё права з дапамогай закону, ты ня можаш выкарыстоўваць яго напоўніцу, і табе застаецца толькі скардзіцца ў Інтэрнэце. Калі камусьці гэтага хочацца… калі ласка, наперад.
Unhold браў удзел на Blutgericht. Адзін з тэкстаў мой (насамрэч два, але толькі адзін быў належным чынам пакладзены на музыку), іншыя ўзятыя з фальклёру і народных песьняў (напрыклад, ‘Totentanzlied aus Flandern’). Тут, наколькі мне вядома, музыка на 100% напісаная Unhold’fv. Ён напісаў нават больш песьняў і тэкстаў для іх, але ня скончыў працу, таму гэтыя творы не патрапілі на альбом. Адна з гэты песьняў, ужо з новым тэкстам, пазьней выйшла на Grabgesang у якасьці загалоўнага трэку. Іншую, таксама з абноўленым тэкстам, дапрацаваў Вольф у 2014-м (‘Größer als der Tod’).
Grimmige Volksmusik меў выйсьці значна раней, але яго ўдалося скончыць толькі за вяртаньнем Unhold’а да Absurd. Першапачатковай задумкай быў зборнік германскіх народных песьняў, выкананых у стылі black metal, але Unhold’у не спадабалася гэткая ідэя, таму яны абмежавалі рэліз пяцьцю трэкамі — для многіх фанаў гэтыя трэкі сталі культавымі і нават вызначылі стыль Absurd. Вольфу так спадабалася гэтая канцэпцыя, што ён працягнуў развіваць яе ў сваім новым пражэкце Der Tod und die Landsknechte.
Потым я выйшаў з турмы і прапанаваў сваю канцэпцыю і тэксты для Der fünfzehnjährige Krieg і Weltenfeind. Абодва рэлізы былі запісаныя ў 2007-м і выйшлі праз год. Многія фанаты лічаць песьні з Weltenfeind вяршыняй творчасьці Absurd. Здаецца вельмі дзіўным, што Unhold і Gelal сур’ёзна абмяркоўвалі перазапіс гэтых песьняў з новымі тэкстамі. Меркавана, гэта мела на мэце абыход забароны на распаўсюд Weltenfeind у Германіі, але насамрэч гэта была чарговая спроба рэвізіянізму, накіраванага на выкрэсьленьне мяне і маіх тэкстаў з гісторыі Absurd. Іронія таго, што Unhold і Gelal назвалі свой сумесны лэйбл словам з тэксту, напісанага мной, мусібыць, кроіць іх па сёньня!
Калі і чаму ABSURD забаранілі ў Германіі? Гурт забаронены як бы цалкавіта, ці гаворка ідзе толькі пра асобныя песьні / альбомы?
J.F.N.: Absurd не забаронены. Але быў выпадак, калі музычны гурт (Landser) асудзілі і забаранілі ў Германіі як ‘злачынную арганізацыю’, гэта быў унікальны выпадак нават па сусьветных мерках. Што забаронена, дык гэта некалькі песьняў Absurd, і, адпаведна, рэлізы, на якія яны ўваходзяць (аднак, калі прыбраць з рэлізаў гэтыя песьні, іх можна прадаваць). Гэтыя забароны маюць разнастайныя прычыны, ад ‘праслаўленьня гвалту’ да ‘падбухторваньня насельніцтва’. Гэта песьні, то-бок мастацтва, але ў Германіі не існуе ані вольнасьці слова, ані артыстычнай вольнасьці. Паколькі гэтыя песьні нельга выконваць жыўцом, выступы Absurd у Германіі (ды й паўсюль) заўсёды вельмі рызыкоўныя і заўсёды знаходзяцца пад пагрозай зрыву.
Феерычна, што Unhold выклаў на сваім вэб-сайце кантракт з DMD, пра які мы ўжо размаўлялі. У гэтым кантракце DMD заяўляе сваё права аўтарства на тыя самыя песьні, забароненыя ў Германіі, а Unhold выказвае сваю гатоўнасьць і жаданьне выдаваць / перавыдаваць гэтыя песьни. Але гэта ёсьць злачынствам у Германіі, і не мае значэньня, што лэйбл Weltenfeind знаходзіцца ў ЗША – бо DMD і Unhold ня там! Для суда гэта было б адкрытым прызнаньнем віны, і будзь які спраўны адвакат ня толькі б сказаў, што нельга падпісваць гэткі кантракт, але б і папярэдзіў, якія наступствы можа прынесьці яго апублікаваньне. Я не разумею, навошта Unhold зрабіў гэта, але, мабыць, ён ведае, што яму няма чаго баяцца? Час прынясе адказ.
Ці DMD пакінуў ABSURD па-сапраўднаму? Ва ўсёй мітусьні вакол гурта ў апошнія гады ён як быццам заўсёды знаходзіцца недзе за кулісамі, як быццам хоча заявіць пра сваё права на гурт, але ня можа – з даволі відавочных, як мне падаецца, прычын. Паводле ягоных паводзінаў, ён моцна злуецца на цябе, але чаму?
J.F.N.: Тое, што на першы погляд можа падавацца супярэчлівым, насамрэч дужа проста, калі зьвярнуцца да мінуўшчыны і характару DMD. У 1995-м ён упершыню спалохаўся і не хацеў працягваць дзейснасьць Absurd. У той час мы былі на сярэдзіне запісу Facta Loquuntur, замаскіраваўшыся пад In Ketten, і колішняя дзяўчына DMD патрабавала, каб ён кінуў гэтую справу, бо баялася, што нас выкрыюць, і ў яго будуць праблемы з адміністрацыяй турмы. DMD прыслухаўся да яе спыніў свой удзел у запісу Facta Loquuntur. Ён не падзяліўся сваімі трывогамі з намі (C.H. Surt’ам і мной), не, ён сур’ёзна разглядаў ідэю зламаць сабе руку, каб мець добрую адмазу. Я быў настолькі раззлаваны на гэта, што ў некалькіх інтэрвію таго перыяду заявіў, што DMD больш ня ёсьць часткай Absurd, бо ён здрадзіў гурту. DMD затрымаў працэс сканчэньня Facta Loquuntur, а потым мы ўжо не маглі яго скончыць, бо нас з іншых прычын разьдзялілі і разьвезьлі па розных турмах.
Пасьля вызваленьня з турмы, і нават да запісу Asgardsrei, быў яшчэ адзін момант гневу і расчараваньня, зьвязаны з DMD. Вольф узгадваў гэта ў сваім інтэрвію для blackmetalterror.com: у верасьні 1998-га мы хацелі ўпершыню выступіць з Absurd на арганізаваным намі канцэрце (з такімі гуртамі, як Nagelfar, Riger, Barad Dür і г.д). DMD пагадзіўся, і мы нават правялі пару кароткіх рэпетыцый (Вольф меў граць на басе, бо C.H. Surt быў недасяжны). Але раптам DMD зьнік. Мы з Вольфам нават паехалі ў Дрэздэн, да ягонай колішняй дзяўчыны, каб пагутарыць з DMD. Але яго там не было, і на канцэрт ён таксама не прыехаў. Чаму? Зноў жа, яго перамог уласны страх.
Магчыма, ягоны страх быў не зусім неабгрунтаваным, я магу гэта зразумець. У рэшце рэшт, я меў вярнуцца ў турму напрыканцы 1999-га, але замест гэтага вырашыў уцячы за мяжу. Але перад гэтым я напісаў DMD ліст і папрасіў яго працягнуць дзейнасьць Absurd за маёй адсутнасьцю, бо мы па-ранейшаму мелі пляны на наступныя рэлізы (Kyffhäuserreich, Totenlieder). DMD адмовіў мне; для яго з Absurd было скончана, і ён не жадаў мець нічога агульнага з гуртом. Аднак праз паўгады ён і ягоная колішняя жонка сустрэліся з Вольфам, і яны абмеркавалі Kyffhäuserreich (заплянаваны як спліт Absurd з Heldentum), і DMD урачыста паабяцаў Вольфу, што запіша свае песьні. Але неўзабаве ён зноў адмовіўся працягваць. Вольф таксама распавядае пра гэта ў інтэрвію для blackmetalterror.com.
У амерыканцаў ёсьць гэтак званы “закон трох памылак”. Кажучы па-бэйсбольнаму, тры страйкі – і ты выляцеў! Для Вольфа і мяне было відавочна, што ад DMD больш няма чаго чакаць, і мы злавілі яго на слове: з таго моманту ён ня меў нічога агульнага з Absurd. У Вольфа меліся песьні, якія мы хацелі запісаць для Facta Loquuntur, і ён меў цьвёрды намер запісаць і выдаць іх ад імя Absurd. Я згадзіўся з гэтым, а DMD пра ягоную згоду ўжо ніхто не пытаў.
Вольф гадамі ігнараваў DMD і ніколі не плаціў яму за гэтыя песьні. Я разьдзяляў ягоную пазыцыю, і пасьля свайго выхаду з турмы ў 2007-м я таксама давёў да DMD, што нічога іншага ён ад мяне чакаць не мае.
Аднак мы ня ўлічылі Unhold’а. Ён ня ведаў DMD асабіста, калі Вольф запрашаў яго дапамагчы з Werwolfthron, але потым DMD і Unhold пасябравалі. Яны абодва гралі ў Wolfsmond, і DMD перадаў Unhold’у шмат песьняў і тэкстаў для выкарыстаньня ў Absurd. Unhold заплаціў DMD за ўсё гэта, сьвядома падарваўшы пазыцыю Вольфа на гэты конт.
Гэтыя асабістыя і бізнэсвыя стасункі паміж Unhold’ам і DMD працягваюцца па сёньня, пра што сьведчаць Grabgesang і Werwolflicht. Для DMD цалкам лягічна стаяць на баку Unhold’а, бо той яму плаціць. А вось Вольфа ён ненавідзеў, а цяпер ненавідзіць і праклінае мяне, бо мы разглядаем яго як здрайцу Absurd і не жадаем, каб ён дакранаўся да гурта і яго спраў.
DMD мае тую ж мэту, што й Unhold: ён хоча атрымліваць прыбытак ад Absurd без усіх тых нязручнасьцяў, што цягне за сабой імя гэтага гурта, улічваючы яго гісторыю і рэпутацыю. Але менавіта гісторыя стварыла рэпутацыю Absurd, і толькі дзякуючы ёй гурт стаў легендарным, сусьветна вызнаным, сінонімам бескампрамісных перакананьняў і сталасьці.
Па меркаваньню прыхільнікаў, сяброў і ворагаў Absurd, я зрабіў вялікі ўнёсак у гэтую рэпутацыю, і за гэта я ахвяраваў уласнай вольнасьцю і гадамі майго жыцьця. У 2003-м мы з Вольфам разам стаялі перад судом, і абвінавачваньні тады тычыліся Absurd і Asgardsrei. Я мог бы назваць DMD як аўтара тых песьняў, але я гэтага не зрабіў. Замест таго я пайшоў у турму на 6 гадоў.
DMD публічна адмежаваўся ад NS(BM) і кпіў з Asgardsrei, кажучы, што ён нават горшы за раньнія дэма. Я маю ўсе нагоды, каб злавацца на DMD і зычыць яму найгоршага. Але я б сказаў, што мне на яго настолькі абыякава, што я нават ня стану ўзгадваць ганебныя падрабязнасьці зь ягонага асабістага жыцьця, хоць яны таксама граюць ролю ў вышэйапісаных падзеях. Хай ён робіць што хоча, але ў тым, што тычыцца Absurd, ён не мае права слова аб кіраваньня. Гэтак было ў 2001-м, і, з майго гледзішча, нічога не зьмянілася.
Здаецца, да пэўнага моманту паміж табой і Unhold’ам былі добрыя стасункі. Як ужо было сказана вышэй, ты ўдзельнічаў на запісах, зробленых ім і Вольфам. Калі і чаму ўзьнікла варожасьць? Чаму ён так моцна хоча, каб ABSURD належаў яму, нават калі ўсім вядома, што ты ёсьць заснавальнікам гурта, і такім чынам маеш вырашальнае слова ў гэтым пытаьні?
J.F.N.: Я ведаў Unhold’а з 1998-га, але мы ніколі не сябравалі. Вядома, у свой час мы камунікавалі, але цяпер мы толькі гаворым адзін пра аднаго. У 2001-м Вольф абмяркоўваў з мной вяртаньне Absurd у новым складзе, але выбар музыкаў, зразумела, быў за ім. І, як мы ведаем, ён абраў Unhold’а. Аднак, як Вольф казаў у інтэрвію для blackmetalterror.com, першыя рознагалосьсі паміж імі ўзьніклі ўжо ў 2004-м, і Unhold у той перыяд ня ўдзельнічаў у канцэртах або запісах Absurd. Апошні запіс адбыўся ў 2007-м, да 2012-га гурт яшчэ некалькі разоў выступіў жыўцом, і ўсё спынілася. Затым з боку Unhold’а не было аніякіх рухаў, прынамсі ня ў бок Absurd, але ён не сядзеў склаўшы рукі. За гэты час ён паступова абрастаў сувязямі на мэйнстрымавай мэтал-сцэне, заводзіў асабістыя знаёмствы, у тым ліку з дапамогай гуртоў, якія ён выдаваў праз WTC. Гэта пачалося з Ascension; гэны гурт здабыў адчувальную папулярнасьць нават на мэйнстрымавай сцэне, хоць многія мелі праблемы з тым, што яны падпісаныя на WTC. Зрэшты, у хуткім часе ўсё зьмянілася.
Вольф Рюдыгер-Мюльман ёсьць намесьнікам галоўнага рэдактара Deaf Forever, нямецкага часопісу, вельмі ўплывовага на нацыянальнай мэтал- і рок-сцэне. Трыццаць гадоў таму Мюльман быў усяго толькі дробным журналістам у яшчэ драбнейшай мясцовай газэце ў Цюрынгіі, дзе ён пісаў пра ‘злачынствы black metal’ і заклікаў да поўнай забароны гэтай музыкі, усіх гуртоў і іх фанатаў. Потым ён наняўся ў музычную прэсу і раптам стаў ‘экспертам’ па black metal. З самога пачатку ён выразна абазначыў сябе як антыфашыста, які прагне выкараніць усе элементы НС у мэтале. У той жа час ён неяк заўважыў у дачыненьні да Watain, калі яны яшчэ былі маладымі і скандальнымі, што нельга дапусьціць, каб гурт з гэткай колькасьцю фанатаў лічыўся прымальным сярод ‘нацыстаў’ black metal-сцэны.
Значыцца, Unhold з аднаго боку і Мюльман зь іншага боку нейкім чынам аб’ядналіся, і для апошняга выявілася вялікім шчаслівым супадзеньнем, што Unhold ніколі не быў ‘нацыстам’. Вядома, дзякуючы Absurd, ён меў сувязі на гэтак званай ‘правай сцэне’. Практычна ўсе канцэрты Absurd арганізоўвалі Hammerskins, B&H, WCOTC і г.д. Але сам Unhold ніколі не разьдзяляў ідэялёгію гэтых людзей. Вядома, ён жартаваў пра габрэяў і дазваляў сабе расісцкія выказваньні, але за гэтым ніколі не было палітычнага падмурку.
І таму Unhold даволі лёгка пераканаў Мюльмана. Больш за то, Мюльман публічна паручыўся за Unhold’а і сур’ёзна сьцвярджаў, што Unhold ня ёсьць ‘нацыстам, які кажа і робіць нацысцкія рэчы’, а зусім наадварот: ён, верыце ці не, сапраўдны дэмакрат і выбітны гуманіст!
Апроч таго, удзел Unhold’а ў Absurd тады ўжо быў спрэчным пытаньнем, але як гэтак атрымалася? Справа ў тым, што ў гады бязьдзейнасьці Unhold паклапаціўся аб тым, каб Absurd існаваў толькі намінальна. Ён не запісваў новы альбом і не перавыдаваў старыя. Ён дазваляў гурту зьвядаць і пятрэць, спадзяваўшыся, Absurd памрэ ціхай сьмерцю і згіне ў забыцьці. Гэтага Unhold хацеў бы больш за ўсё: вырашаць лёс Absurd адзінаасобна, каб ніколі больш не апраўдвацца за яго.
Наўзамен на гэта рэлізы WTC аглядаліся ў Deaf Forever, а ў гуртоў бралі інтэрвію, што адкрывала для Unhold’а новыя рынкі. Ён пільна сачыў за тым, каб у каталёзе WTC не было аніякіх ‘неадназначных’ рэлізаў. Гэткія рэліы ён прадаваў празь іншыя лэйблы і дыстрыбутараў, па-ранейшаму зарабляючы на іх грошы.
У 2017-м, параіўшыся з Вольфам, я рэфармаваў Absurd і вярнуў гурт на сцэну. Нічога горшага з Unhold’ам здарыцца папросту не магло, бо ён страціў кантроль над гуртом і яго рэлізамі. У хуткім часе Вольф таксама вярнуўся на сцэну з сваім гуртом Der Tod und die Landsknechte. Перад гэтым Вольф перадаў мне правы на выданьне бэк-каталёга Absurd (у тым ліку на рэлізы, якія ён фінансаваў і прадукаваў асабіста), і Unhold адчуў сябе абдзеленым.
Вядома, грошы адыгралі тут пэўную ролю, але я цьвёрда ўпэўнены, што для Unhold’а галоўным былі не яны: для яго важней за ўсё кантраляваць наратыў Absurd. Я ніколі не забараняў яму рабіць свае перавыданьні рэлізаў Absurd, на якіх ён удзельнічаў. Чаму ён робіць гэта вельмі неахвотна, або ня робіць увогуле, застаецца яго ўласным сакрэтам. Але той факт, што я сам магу перавыдаць гэтыя альбомы і вырашаць, якім чынам яны будуць прасоўвацца і прэзентавацца, відавочна дадаў яму галаўнога болю.
Відавочна, калі б Unhold больш не хацеў мець дачыненьня да скандальнай мінуўшчыны Absurd, найбольш лягічным рашэньнем для яго было б аб’явіць аб сваім сыходзе або публічна адмежавацца ад гэтай самай мінуўшчыны. Але ён гэтак не працуе, бо ён прагне ўсё кантраляваць. Разьвітаньне з Absurd азначала б, што хтосьці іншы можа заняць яго месца і кантраляваць гурт, а Unhold усё адно будзе асацыявацца з Absurd празь свой былы ўдзел — незалежна ад таго, падабаецца гэта яму ці не. Таму ён хацеў бы не саступаць сваю пасаду ў Absurd, а толькі трымаць гурт у закладніках сваёй летаргіі — для Unhold’а гэта быў дасканалы варыянт.
Толькі пасьля таго, як я рэактываваў Absurd, Unhold даў свой адказ, запісаўшы некалькі пазасталых песьняў. Я ўпэўнены, што ў іншым выпадку ён бы гэтага не зрабіў і дазволіў бы Absurd задыхнуцца пад цяжарам ягонай абыякавасьці.
Я веру, што Unhold наўмысна нічога не рабіў і не запісваў з Absurd гадамі, але відавочна і тое, што зь цягам часу ягоная крэатыўнасьць моцна саслабела. Нават Der fünfzehnjährige Krieg зьмяшчаў толькі адну новую песьню. Пасьля Weltenfeind ён шмат гадоў нічога не запісваў і не ствараў — і ня толькі для Absurd. Кажуць, што трэці альбом Luror даўно запісаны, але ляжыць нявыданы. Апроч таго, у часы Blutgericht, на сваім творчым піку, Unhold запісаў альбом у стылі раньніх Katatonia, дзе было багата ягонага адметнага чыстага вакалу. Гэты пражэкт таксама застаўся нявыданым, бо ён ня хоча або ня можа яго скончыць. А што з апошнім альбомам Grand Belial’s Key Kohanic Charmers? На канцэрце ў Фінляндыі ў 2016-м Unhold і Gelal сказалі мне, што паляцяць у Германію, каб скончыць запіс альбома. Музыку яны запісалі, але вакал Unhold’а давялося чакаць і чакаць, і альбом выйшаў толькі ў 2022-м – праз шэсьць гадоў!
Калі Unhold нарэшце запісаў песьні ў 2019-м, яны насамрэч не былі новымі або нядаўна напісанымі ім. І тых песьняў было ўсяго 5, хоць пасьля даўжэннага перапынку ўсе чакалі на новы альбом. Вось чаму я перакананы, што Unhold, як па тактычных, так і па аб’ектыўных прычынах, не жадаў і ня мог працягваць працу з Absurd пасьля 2012-га.
Ягоны канфлікт з мной не датычыцца таго, хто ёсьць заснавальнікам Absurd або хто мае права зарабляць на песьнях Absurd. Не, збольшага гэта пра кіраваньне наратывам. Гэта аб тым, што мае ўвасабляць у сабе гурт Absurd. І на гэты конт нашыя з Unhold’ам меркаваньні вельмі моцна разыходзяцца.
Unhold абвінавачыў мяне ў жаданьні ‘нацыфікаваць усё да крайнасьці’. Гэта турбуе яго, і ня толькі таму, што сам ён не ‘нацыст’, але й таму, што для яго вельмі няёмка, калі яго зьвязваюць з NSBM, асабліва калі гэта стварае яму праблемы. Absurd лічыцца — ці слушна, ці не, хай вырашаюць іншыя — гуртом-першапраходцам NSBM. Гэта было верна яшчэ да таго, як Вольф запрасіў Unhold’а ў склад. Мусібыць, гэта заўсёды яго турбавала, спачатку грызла знутры, а цяпер ён ужо гэтага й не хавае.
Зь ягонага гледзішча, усе праблемы з прасоўваньнем і продажам рэлізаў WTC узьнікаюць толькі таму, што ён граў у гэтак званым ‘NSBM’-гурце Absurd. Гэта немагчыма скасаваць, але ён можа заяўляць, што Absurd — прынамсі падчас ягонага знаходжаньня ў складзе — ніколі ня граў NSBM. Калі ў яго атрымаецца пераканаць у гэтым іншых, праблемы зьнікнуць — прынамсі, ён у гэта верыць. Але ён бачыць мяне як перашкоду.
Як ён намагаецца даць гэтаму рады? Ён спрабуе выкрасьліць мяне з гісторыі і біяграфіі Absurd. Паслухайце толькі, што кажуць ягоныя прыхвастні: яны заўсёды паўтараюць, што, па-першае, я ніколі не быў заснавальнікам гурта, а па-другое, мой унёсак у Absurd з самога пачатку быў мізэрным. Паводле Unhold’а ды іх, я наўмысна падрываў дзейнасьць гурта, намагаўшыся запхнуць яго ў палітычнае асяродьдзе, да якога Absurd ніколі не належаў. Такім чынам, мяне трэба заднім днём выкінуць з Absurd. Тады не застанецца нагоды адносіць Absurd да NSBM, і гэта будзе азначаць, што Unhold ніколі ня ўдзельнічаў у NSBM-гурце. Гучыць лягічна, верна?
Вяршыняй гэтага гістарычнага рэвізіянізму стаў выпуск жорстка адцэнзуранай вэрсіі Asgardsrei ў сьнежні 2022-га. Мяне выдалілі з усіх фотаздымкаў гурта (у сапраўднай сталінскай манеры!), а буклет да дыска зьмяшчаў хваравіты тэкст, як быццам напісаны DMD, дзе тлумачылася, што відавочна нацыянал-сацыялістычныя вершы на Asgardsrei насамрэч былі про-германскімі, а людзі не зразумелі іх накіраванасьці ў 1999-м толькі таму, што я нібыта аздобіў першае выданьне альбома вобразамі і сымбалямі Трэцяга Райха, на што DMD ніколі не даваў згоды.
Кампанія Unhold’а па адбяленьню Absurd на гэтым не сканчаецца. Нават на Grabgesang быў наўмысна выкарыстаны стары лёгатып Absurd з перагорнутым крыжам і пэнтаграмай, а потым яго таксама разьмясьцілі на Werwolflicht. Гэты альбом цалкам бясшкодны і нікога ня можа абразіць; ягонае аздабленьне, згенераванае з дапамогай штучнага інтэлекту, выглядае як ілюстрацыя для дзіцячай кніжкі казак, а ў тэкстах пануе чыстае фэнтэзі пра зданяў, лясы і мітычных істотаў. Гэткі альбом ніколі не забароняць у Германіі або дзесьці яшчэ. У яго няма патэнцыялу для скандальнасьці — ніхто нават не падумае падымаць вакол яго шум. Ён бясшкодны па сутнасьці. Але Unhold усё адно адмаўляецца прадаваць яго праз інтэрнэт-краму WTC. Вось як!
Тое, што ў Германіі гэты альбом збольшага распаўсюджваюць RAC-лэйблы, не супярэчыць намаганьням Unhold’а па абяленьні Absurd. Яны прыносяць яму вялікія грошы, закупляючы рэлізы, і ахвотна бяруць усё новае з лёгатыпм Absurd, бо ведаюць, што Absurd ёсьць адным з нешматлікіх Black Metal-гуртоў, які любяць слухачы RAC і скінхэда. Unhold карыстаецца рэпутацыяй Absurd як NSBM-гурта, пакуль гэта дапамагае яму прадаваць дыск, але не памыліцеся: у той жа самы час ён намагаецца зьмяніць ДНК Absurd, каб у выніку пазбавіцца гэтай самай рэпутацыі. Як кажуць, хоча і рыбку зьесьці, і самі ведаеце на што сесьці!
Аднак Unhold ніколі ня зможа ўвайсьці ў бясьпечную для яго прастору, пакуль я ствараю для яго перашкоду, але я не ссунуся з месца. Маё бачаньне Absurd фундамэнтальна іншае; ён хоча пераўтварыць Absurd на нешта абагуленае і бяскрыўднае. Але не за маім жыцьцём!
Зь якім іншым гуртом магло здарыцца, каб той, хто далучыўся да складу празь 10 гадоў пасьля яго заснаваньня і быў яго часткай усяго некалькі гадоў, мог раптам заявіць сваё права ўласнасьці на гурт, і гэта пры тым, што адзін з заснавальнікаў — той, хто па-ранейшаму або зноў актыўны — супраць гэтага? І каб фанаты гэта прынлі? Нават тое, што ў 2023-м Вольф сказаў Unhold’у, каб той проста выдаў ужо Werwolflicht з сваім вакалам, бо ён ‚заслужыў гэта права‘, не скасоўвае фактаў. Вольф ужо ня быў удзельнікам Absurd з поўным правам голасу, бо ён быў ужо 5 гадоў як пакінуўшы гурт і заснаваўшы свой пражэкт Der Tod und die Landsknechte. Таму ён гаварыў не як прадстаўнік Absurd, а проста выказваў сваё асабістае меркаванье былому таварышу па гурту.
Легітымнасьці ў дзеяньнях Unhold’а ня болей, чым у словах DMD, які ня ёсьць часткай Absurd з 1999-га і неаднаразова адмяжоўваўся ад гурта.
Gelal з GRAND BELIAL’S KEY быў запрошаны Unhold’ам у 2019-м, і ён зараз адзін з тых людзей, хто найбольш гучна кажа ўсякае гаўно пра цябе, хоць у кантэксце Absurd ён ня болей чым найміт, наняты іншым наймітам. Ці ён увогуле ведае цябе асабіста? Іншы клінічны выпадак – T.T. з ABIGOR, які не мае аніякага дачыненьня да ABSURD, але кідацца ў твой бок вербальнымі экскрэментамі для яго, здаецца, важней, чым дбаць пра ўласны дабрабыт. Чаму гэтыя людзі настолькі апантаныя Хендрыкам Мёбусам?
J.F.N.: Так, я ведаю Gelal’а асабіста. Я бачыўся зь ім двойчы, мы каротка гутарылі. Апошні раз быў у 2016-м. Што наконт стасункаў паміж Gelal’ам і Unhold’ам, то насамрэч вельмі цікава, хто тут ад каго залежыць. Падчас выступу GBK у Фінляндыі Unhold выйшаў на сцэну з аркушыкамі, дзе былі напісаныя тэксты песьняў. На іх зьмяшчаліся дэталёвыя інструкцыі пра тое, дзе і як трэба пець, а дзе рабіць паўзы. Усё было напісана на ангельскай, не на нямецкай, значыць, гэтыя інструкцыі Unhold мусіў атрымаць ад Gelal’а. Хіба гэта ня дзіўна? Які з цябе фронтмэн гурта, калі табе трэба даваць гэткія інструкцыі перад выступам і рабіць падказкі непасрэдна падчас выступу? Чагосьці падобнага можна чакаць толькі ад найміта.
Парада Unhold’у зацьвярдзіць свае намаганьні на Absurd праз запіс новых рэлізаў таксама была высунутая Gelal’ам. Абодва пайшлі на студыю ў красавіку 2019-га, каб папрацаваць над новым альбомам GBK, але замест таго яны запісалі песьні, якія потым выйшлі ад імя Absurd на трох розных рэлізах. Вольф на студыі не быў, і ён даведаўся пра гэтыя запісы ўжо постфактум.
У адрозьненьні ад Unhold’а, я мяркую, што для Gelal’а мае значэньне толькі фінансавы аспект Absurd. Творчых амбіцый у дачыненьні гэтага гурта ў яго няма. Не тое каб ён увогуле калісьці дбаў пра Absurd. А вось Рычард ‚Grimnir‘ Мілз, ягоны былы напарнік, быў вялікім фанатам і блізкім сябром Absurd. Вольф таксама не памятае, каб хоць раз абмяняўся словам з Gelal’ам. Gelal зарабляе на жыцьцё продажам мэксіканскай вулічнай ежы афраамерыканскім жыхарам Вашынгтона, пакуль ягоная украінская жонка запраўляе маленькай парыкмахерскай. У ЗША даволі часта даводзіцца шукаць другую ці нават трэцюю працу, каб зводзіць канцы з канцамі, таму дадатковы прыбытак ад продажу запісаў і мерчу Absurd выглядае для яго вельмі прывабна.
Магчыма, хтосьці цікавіцца, чаму я раскрываю дэталі прыватнага жыцьця Gelal’а. Але тут не патрабуецца аніякая дэтэктыўная праца ці гэтак званыя ‘мэтоды антыфа’, бо ўся гэтая інфармацыя ёсьць у публічным доступе. Перад выступам GBK у Фінляндыі напрыканцы 2024-га Gelal шматразова намагаўся здабыць імя і адрэсу дзяўчыны Widar’а. Чым гэта магло быць, калі ня спробай застрашваньня? Так ці так, Gelal не паважае чырвоныя лініі, якія мусяць існаваць нават у падобных спрэчных сітуацыях, каб абараніць сям’ю і блізкіх людзей. Ён мусіць усьвядоміць, што гэта працуе ў абодва бакі, і лепей увогуле не ступаць на гэты шлях. Напэўна, падчас жыцьця ў Паўднёвай Амерыцы ён занадча часта глядзеў мыльныя оперы, таму яго цяпер і клічуць Алексам Тэленавэлай.
Мажліва, Gelal папросту сьледаваў прыкладу іншых рупараў і марыянетак Unhold’а, які даўно намагаўся перанесьці ягоны з мной канфлікт на маю сям’ю. Вольф меў адыграць ролю інструмэнта эскалацыі гэтага канфлікту ў паўнавартасную братэрскую вайну.
Вольф адмовіўся ісьці на павадку, бо кроў гусьцейшая за ваду. Але персанажы кшталту Asemit’а, былога вакаліста Totenburg, зараз злуюцца празь тое, што Вольф не забіў мяне. Перапрашаю? Што гэта за шалёныя заявы? Asemit, як і Unhold, ня ёсьць адзіным дзіцём у сям’і. У іх таксама ёсьць браты. Чаму яны думаюць, што мой брат мае забіць мяне празь канфлікт, які датычыцца нават не яго, але чужых людзей? Ад гэтага ажно мову займае — і гэта па-сапраўднаму агідна.
У выпадку з TT — цяпер лепей вядомым як Томас Тантрумбергер — мы маем справу з абсэсіўна-кампульсіўным разладьдзем, якое праяўляецца ў выглядзе нездаровай апантанасьці мной. Аднак ён, як і Gelal, мае больш рацыянальны матыў у якасьці стартавай кропкі. Калі PK (RIP) цалкам адмежаваўся ад публічнасьці ў сувязі з Abigor, а TT узяў на сябе адказнасьць за інтэрвію і сацыяльныя сеткі, ён засяродзіўся на тым, каб надаць Abigor статус на мэтал-сцэне, якога, ягоным меркаваньнем, заслугоўвае гэты гурт. А гэта статус першапраходца і ролевай мадэлі, якая стаіць на адным узроўні з Mayhem, Darkthrone, Burzum і гэтак далей. Яму баліць ад таго, што Abigor бракуе прызнаньня і павагі (ягоным меркаваньнем). Але замест таго, каб пашукаць прычыны гэтага ва ўласнай біяграфіі — у рэшце рэшт, PK (RIP) на некалькі гадоў выганяў яго з Abigor за страшэнныя праблемы з наркотыкамі і тусоўкі на тэхна-вечарынах у Вене ў той час, калі ён меў працаваць на рэпетыцыйным пункце — ТТ вырашыў спісаць усе свае праблемы на нічым не абгрунтаванае меркаваньне аб тым, што Abigor мае сувязі з ‘нацыстамі ў Black Metal’.
Зразумела, гаворка ідзе пра мяне, бо я меў вельмі прыязныя і доўгія стасункі з PK (RIP) у 1990-х і таксама пісаў для яго тэксты; адзін зь іх быў выкарыстаны на другім альбоме Abigor Nachthymnen у 1995-м. TT шмат гадоў ня меў аніякіх праблем з гэтым — нават наадварот. Ён працаваў над некаторымі рэлізамі D.T.B. Records на сваёй хатняй студыі, і нават вельмі рупліва, старанна аднавіў арыгінальныя стужкі Asgardsrei для перавыданьня альбома ў 2012-м.
Ягоныя паводзіны зьмяніліся пасьля знаёмства з Unhold’ам, калі яны пасябравалі і сталі бізнэсовымі партнёрамі. Abigor падпісалі кантракт з W.T.C. Productions, што ўзмацніла вышэйузгаданыя праблемы для Abigor: цяпер у гурта былі ня толькі ‘спрэчныя’ сувязі ў мінулым, але яны яшчэ й падпісаліся на ‘сумнеўным’ лэйбле!
Сумнеўная рэпутацыя WTC абумоўленая выключна тым, што Unhold граў у Absurd. А Absurd лічыцца NSBM-гуртом — паводле лёгікі Unhold’а, а цяпер і TT — толькі таму, што я нібыта няслушна ўпісаў гурт у гэтую катэгорыю. Калі яны выкрасьляць мяне як ‘першапрычыну’, то зь іх будзе зьняты цяжар “віны”, і Absurd, Unhold, WTC і Abigor больш ня будуць уразлівымі для абвінавачваньняў. Гэтак выглядае задумка Unhold’а і TT, і вось чаму TT працягвае гучна заяўляць, што я маю зьнікнуць ня толькі з Absurd, але і з усяго black metal.
Ён з часам зусім ашалеў і пачаў распаўсюджваць абсурдную (sic!) лухту пра мяне, але ўсё дарэмна. Я нікуды ня зьнікну! Усё гэта выглядае як нейкая адчайная спроба экзарцызму, бо немажліва зьмяніць мінулае і перапісаць гісторыю. Як я сказаў, тое, што некалі мела рацыянальны матыў, даўно пераўтварылася на мыльную оперу з залішкам драмы, і сёньня ніхто, акрамя непасрэдна ўцягнутых у яе людзей, не жадае пра яе чуць або папросту не дбае.
У 2024-м Unhold і Gelal раптоўна выдалі новы альбом пад назвай “Werwolflicht”. Яшчэ да анонсу ён выклікаў пэўнае замяшальніцтва, бо ён уцёк у сеціва ў якасьці новага запісу WOLFSMOND, і ты працягваеш паўтараць, што, хутчэй за ўсё, гэты альбом першапачаткова не прызначаўся для ABSURD. Чаму ты гэтак думаеш?
J.F.N.: Пасьля выхаду Werwolflicht некаторыя людзі, у тым ліку блізкія да Unhold’а і Gelal’а, пачалі заяўляць, што гэта самы найабсурдаўскі з альбомаў Absurd, і гэта, маўляў, цалкам відавочна. Сам Unhold заяўляе, што ў слухача нават не можа ўзьнікнуць сумневаў, што гэты альбом напісаны для Absurd. Таму я маю развіць гэтую тэму і патлумачыць сваю пазыцыю.
Ёсьць тры асноўныя пункты, якія прымушаюць мяне сумнявацца ва Unhold’авай вэрсіі падзей. Па-першае, ён заяўляе, што ўсю лірыку для Werwolflicht напісаў DMD з 1996-га па 2004-ы. Гэта хлусьня. DMD альбо запісаў усю сваю музыку і тэксты для Absurd да 1999-га самастойна, альбо перадаў яе іншым асобам. Unhold быў сярод тых, хто выкарыстоўваў ягоныя песьні і тэксты да запісу Totenlieder уключна. Выключэньнямі ёсьць толькі песьні для Werwolfthron, якія Вольф атрымаў ад C.H. Surt’а і запісаў бяз згоды DMD, а таксама песьні для Kyffhäuserreich, пакуль што нявыданыя. Больш нічога з тых часоў не засталося, каб раптам знайсьці гэта празь 20 гадоў.
У 2017-м Unhold і DMD нават падпісалі кантракт, дзе было пазначана, якія канкрэтна песьні і тэксты DMD напісаў для Absurd, і за якія Unhold мае яму заплаціць. Гэты спіс уключае песьні для Kyffhäuserreich, але там не ўзгадваюцца песьні і тэксты, што ўвайшлі на Werwolflicht. Амаль не выклікае сумневаў, што гэтыя песьні не існавалі прынамсі да 2017-га, і гэта даказвае выпуск Grabgesang у 2021-м. На міні-альбом не ўвайшла аніводна песьня з Werwolflicht, хоць яны ўжо нібыта існавалі. А калі яны існавалі, дык чаму Werwolflicht не быў запісаны ў 2019-м? Хіба гэта б ня мела больш сэнсу? Навошта выдаваць EP і размазваць усё на тры асобныя рэлізы, калі ў цябе ўжо ёсьць гатовы альбом?
Па-другое, Werwolflicht не анансаваўся ў 2019 / 2021, калі Unhold надрукаваў спіс будучых рэлізаў на Promo 11/2019 A.Y.P.S. – дыску, дзе ўзгадваліся Grabgesang, Kyffhäuserreich і The Eternal War (заплянаваны зборнік перазапісаных старых песьняў Absurd у стылі Der fünfzehnjährige Krieg). Аднак пра Werwolflicht там ані слова.
Нарэшце, па-трэцяе, сам Вольф пацьвердзіў (у інтэрвію для blackmetalterror.com), што ён ня чуў аніводнай песьні з Werwolflicht да вясны 2023-га і ня ведаў, што Unhold працуе над нейкім новым альбомам. Улічваючы, што незадоўга да гэтага Unhold пытаў Вольфа пра спіс песьняў Absurd для перазапісу пад вышэйузгаданы зборнік The Eternal War, выглядае вельмі дзіўным і амаль неймаверным, што ён пры гэтым нічога не сказаў Вольфу пра Werwolflicht і не паспрабаваў нейкім чынам падключыць майго брата да запісу.
Нам вядома, што ў інтэрвію Wolfsmond за 2022-гі год (таксама для blackmetalterror.com) DMD казаў, што новы альбом Wolfsmond скончаны, і неўзабаве ён будзе запісвацца на студыі. Ён нават падзяліўся падрабязнасьцямі: “Нашыя песьні гатовыя для студыі. Яны зноў будуць пра сьмерць, туман, цемру і воўчае паляваньне“. Гэты альбом Wolfsmond так і не выйшаў. Але раптам выйшаў Werwolflicht, і песьні на гэтым альбоме якраз пра “…сьмерць, туман, цемру і воўчае паляваньне”.
У тым, што DMD выступае патаемным аўтарам для іншага гурта, няма нічога новага. Апошні альбом Totenburg, Jenseits des Grabes, таксама напісаў ён – і тэксты, і музыку.
Цяпер да таго контараргумэнта, што кожны можа пачуць вялікую розьніцу паміж стылямі Absurd і Wolfsmond. Па-першае, я хацеў бы заўважыць, што DMD ня ёсьць адным з заснавальнікаў Wolfsmond. Unhold таксама далучыўся да гурта пазьней. Wolfsmond заснаваў Managarm, які пісаў большую частку тэкстаў і музыкі для гурта, пакуль не пакінуў яго пасьля выпуску Album III. Калі вы слухаеце Wolfsmond, вы збольшага слухаеце песьні Managarm’а. Вядома, яны адрозьніваюцца ад Absurd — тут няма сумневаў.
Аднак DMD аддаў некалькі песьняў, напісаных для Absurd, для дэбютнага альбому Wolfsmond Des Düsterwaldes Reigen. Што зрабіла іх песьнямі Wolfsmond? Тое, што яны былі ў канчатковым выніку запісаныя для Wolfsmond і выпушчаныя на альбоме Wolfsmond.
Чаму б гэтаму не працаваць у абодва бакі? Managarm ужо шмат гадоў не ў складзе Wolfsmond, таму ўсе новыя песьні, пачынаючы з Album III, мусібыць напісаў DMD. Але ніхто пакуль што гэтых песьняў ня чуў, таму параўнаньне паміж Werwolflicht і песьнямі Wolfsmond, некалі напісанымі Managarm’ам, ёсьць недарэчным. Замест гэтага іх трэба параўноўваць зь песьнямі Wolfsmond, напісанымі пасьля сыходу Managarm’а, але гэта немагчыма. Новы альбом Wolfsmond яшчэ ня выйшаў, і толькі DMD і Unhold ведаюць, як Wolfsmond будзе гучаць бяз Managarm’а.
Для Unhold’а таксама даволі звыкла дадаваць да песьняў DMD нешта ад сябе. Ён робіць гэта з 2001-га, з перыяду запісу Werwolfthron. Ён мог зрабіць тое ж самае зь песьнямі, якія DMD першапачаткова напісаў для Wolfsmond, і якія Unhold пазьней вырашыў выдаць за новы альбом Absurd.
Напрыканцы варта ўзгадаць заяву Wolf’а ў ягоным інтэрвію для blackmetalterror.com, дзе ён кажа, што Unhold час ад часу дасылаў яму сэмплы для новых песьняў Absurd, над якімі ён нібыта працаваў. Два зь іх можна знайсьці тут: https://hordeabsurd.com/media-streaming/. Аднак, як кажа Вольф, нічога зь іх не ўвайшло на Werwolflicht, і таму ўзьнікае пытаньне, для чаго прызначаліся гэтыя сэмплы і што зь імі сталася. Некаторыя людзі кажуць, што яны гучаць падобна да Luror. Па праўдзе, тое ж самае можна сказаць пра Werwolflicht: гэта збольшага сольная праца Unhold’а, а ягоным сольным пражэктам заўсёды быў Luror.
Не, няма цьвёрдых доказаў маім падазрэньням пра тое, што Werwolflicht складаецца зь песьняў, першапачаткова напісаных не для Absurd. Аднак ёсьць цьвёрдыя прычыны не лічыць Werwolflicht сапраўдным альбомам Absurd. Напрыклад, таму, што Вольф на ім ня ўдзельнічаў, а Unhold абяцаў яму, што альбом не выйдзе безь ягонага ўдзелу, бо вакал Вольфа да гэтага моманту быў неад’емнай часткай творчасьці Absurd – паводле таго ж самога Unhold’а.
У 2018-м Вольф стварыў DER TOD UND DIE LANDSKNECHTE і пакінуў ABSURD. Ты ведаеш, чаму ён гэта зрабіў?
J.F.N.: Вольф падрабязна распавёў пра гэта ў сваім інтэрвію для blackmetalterror.com. Я ў той перыяд актыўна камунікаваў зь ім, таму таксама магу падзяліцца ўражаньнямі і сваімі ведамі.
Апошнім сумесным студыйным досьведам Вольфа і Unhold’а быў запіс Der fünfzehnjährige Krieg і Weltenfeind у 2007-м. Потым яны яшчэ даль некалькі канцэртаў, але ў 2012-м і гэта скончылася.
Вольф не хацеў чакаць, пакуль Unhold нарэшце захоча рабіць новы альбом, таму ён вырашыў узяць справу ў свае рукі. Ён напісаў тэксты (акрамя аднаго, ‘Unzerstörbar’, які напісаў я; потым ён быў выкарыстаны Der Tod und die Landsknechte) і прыдумаў канцэпцыю для новага альбому пад назвай Ad Astra Cruentus. Вольф нават анансаваў яго, выклаўшы поўны трэкліст і вокладку, каб зматываваць Unhold’а на ўдзел. Але ўсё было марна! Unhold не паддаўся, і за спінай Вольфа даваў усім зразумець, што не зацікаўлены ў запісе Ad Astra Cruentus.
Тады Вольф узяў песьню з студыйнай сэсіі Blutgericht, запісаў яе з новым тэкстам і выдаў на EP у 2014-м, проста каб паказаць, што Absurd яшчэ жыве. Але з боку Unhold’а зноў не было аніякай рэакцыі.
Мы з Вольфам доўга абмяркоўвалі гэтую сітуацыю, і я прапанаваў яму пачаць шукаць новых музыкаў для Absurd. Але Вольф не хацеў увязваццца ў гэтую нудоту, і ён быў ня ўпэўнены, што патэнцыйныя новыя музыкі могуць быць нароўні з Unhold’ам або лепей за яго. Таму ён працягваў чакаць на Unhold’а, які даваў абяцаньні і зацягваў працэс, але нічога не рабіў.
У 2017-м арганізатары фэстываля Asgardsrei запрасілі Absurd у якасьці хэдлайнераў, і, паводле майго досьведу (я наведваў фэстываль з 2016-га), я паведаміў Вольфу, што гэта мае быць найбольш прафэсійная і маштабная магчымасьць для канцэрту Absurd. Вольфа гэта моцна зацікавіла, але не Unhold’а.
Я зноў прапанаваў яму выйсьці на сцэну з сэсійнымі музыкамі. Дазволіць гэтай магчымасьці сплыць, бо Unhold занадта лянівы або баязьлівы? Недапушчальна! Вольф сказаў, што я магу тады выступіць сам, калі гэта настолькі важна для мяне. Гэтак я і зрабіў! Але пра гэта пазьней…
Так ці так, для Вольфа настаў момант, калі ён ужо не бачыў сябе ў будучыні як актыўнага музыку. Прынамсі не з Absurd — для яго гэта было відавочна, і ён растлумачыў гэта арганізатарам фэстываля Asgardsrei.
Нягледзячы на ўсе расчараваньні і няўдачы, Вольф усё адно хацеў, каб лірыка, якую ён даўно напісаў для Ad Astra Cruentus, была пакладзеная на музыку. Таму ў 2018-м ён зьвярнуўся да Bile з гурта Leichenzug, які раней ужо граў на бубнах на канцэртах Absurd. Bile пагадзіўся напісаць музыку на тэксты Вольфа менавіта такім чынам, як уяўляў сабе Вольф. Гэтак быў заснаваны Der Tod und die Landsknechte, празь год пасьля таго, як Вольф разьвітаўся з Absurd.
Вольф выкарыстаў усе тэксты, якія мы прызначалі для Ad Astra Cruentus, у сваім новым гурце. Калі б Unhold не адкідаў усе ідэі Вольфа і не дратаваў яго сваёй бязьдзейнасьцю, Absurd працягнуў бы працаваць яшчэ ў 2014-м, калі не раней — і гучаў бы прыкладна як Der Tod und die Landsknechte сёньня. Unhold змарнаваў больш за 10 гадоў і страціў мноства добрых ідэй і тэкстаў, перш чым нарэшце нешта запісаць у 2019-м і выдаць гэта ад імя Absurd.
Аднак на той момант ані Вольф, ані Unhold ужо не былі ўдзельнікамі Absurd. Wolf не быў, бо ён пакінуў Absurd і заснаваў новы гурт, а Unhold не быў, бо ў 2001-м Вольф — не я — запрасіў яго ў Absurd, а я не запрашаў яго вярнуцца ў склад у 2017-м. Так ці так, у 2020-м Вольф ужо быў удзельнікам іншага гурта, калі ён пагадзіўся выканаць гасьцявы вакал на трох песьнях з Grabgesang. На Werwolflicht ён адмовіўся ўдзельнічаць нават у якасьці госьця.
Відавочна, Вольф адчуў сябе па-сапраўднаму вольным, пакінуўшы па-за сабою дзесяць гадоў бязьдзейнасьці з Absurd і нарэшце ўвасабіўшы сваё творчае бачаньне і амбіцыі ў новым гурце. Der Tod und die Landsknechte разглядаецца большасьцю фанатаў (якія збольшага ёсьць таксама фанатамі Absurd) як натуральны працяг Grimmige Volksmusik, і мне вельмі шкада, што гэты пражэкт не распачаўся адразу пасьля Der fünfzehnjährige Krieg. Ён адгукаецца ў сэрцах фанатаў і займае нішу на сцэне — нічога падобнага на ёй больш няма. Я ганаруся за Вольфа, за тое, як ён здолеў зрэалізаваць сябе, але шкада, што ён плянуе пакінуць сцэну пасьля другога альбому Der Tod und die Landsknechte. Я лёгка магу ўявіць, як гэты гурт можа працягнуць сваю дзейнасьць, але гэта рашэньне Вольфа, і я паважаю яго.
Распавядзі нам, як ты адрадзіў ABSURD у 2017-м. Ці з самога пачатку ты вырашыў, што гэта будзе паўнавартаснае вяртаньне, а не часовая рэактывацыя дзеля аднаго выступу?
J.F.N.: У 2017-м для мяне было зразумела, што я не стану марнаваць сілы і час на адраджэньне Absurd у новым складзе, каб пасьля 1-2 канцэртаў зноў пайсьці на адпачынак. Па першасьці я сканцэнтраваўся на наборы складу гурта, зь якім можна было б практыкавацца і выступаць. Хоць я ўжо ўяўляў новыя рэлізы Absurd, канцэрты былі прыярытэтам.
У той самы дзень, калі адбыўся наш апошні на дадзены момант канцэрт, у лютым 2019-га ў Францыі, быў выданы дыск Live in Suomi Finland Perkele 2008. Гэта быў відавочны выпад у бок Absurd і мяне асабіста. Хацелася б заўважыць, што гэты жывы запіс 2008-га не прызначаўся для выпуску, бо Unhold і Вольф былі ім незадаволеныя. Так ці так, буклет да CD уключаў усякія дурныя і недарэчныя прыпіскі, кшталту ‘Сапраўдны — не фальшывы!’ ды іншай бязглузьдзіцы.
Я падумаў: ‘Добра, гаўнюкі вы малыя! Я прыму гэты выклік!’. Таму, замест таго, каб засяродзіцца на канцэртах, мы вырашылі спачатку запісаць новы матэрыял (заадное каб мець песьні для жывых выступаў). Аднак раздзьмутая пандэмія сапсавала гэты плян, і толькі ў 2021-м мы пачалі запісваць альбом Schwarze Bande.
Які склад ABSURD сёньня, і чаму ён моцна зьмяніўся ў 2018-м?
J.F.N.: З 2017-га па 2019-ы мы давалі канцэрты. Я замяніў некаторых музыкаў, каб аптымізаваць нашыя выступы і сцэнічны імідж. Калі настаў час запісваць новы матэрыял, я хацеў займець у Absurd абазнанага і таленавітага кампазытара — як і Вольф у 2001-м. Deimos, які граў на гітары на канцэртах Absurd з 2004-га, а потым далучыўся да мяне ў 2018-м, меў багата добрых ідэй, але ён сьледаваў кепскаму прыкладу Unhold’а, запісваўшы ня цэлыя кампазыцыі, а толькі асобныя фрагмэнты. Я не хацеў, каб у Absurd быў гэткі падыход, тым болей што дзесяцігодьдзе бязьдзейнасьці напрыканцы эры Вольфа і Unhold’а паказала мне, да чаго гэта можа давесьці.
Я пачаў гутарыць на гэтую тэму з Widar’ам з Bilskirnir. Мы даўно знаёмыя, ужо амаль 30 гадоў, і ён заўсёды быў сябрам і фанатам Absurd. Больш таго, з уласнымі пражэктамі ён зарабіў сабе высокі статус на сцэне, і ён дастаткова ўпэўнены ў сабе, каб разглядаць песьні DMD і Unhold’а не як нейкі дасканалы ўзор, але як матывацыю пісаць песьні яшчэ лепшыя за іх. Менавіта гэтым ён і займаецца цяпер. Widar ёсьць сталым удзельнікам складу Absurd з 2020-га, і ён піша большую частку нашых песьняў, а я раблю лірыку.
Нас падтрымліваюць Leichenaar (бас) і KPS (бубны) з Фінляндыі. Гэта сучасны і адзіны легітымны склад Absurd.
Часам чуваць галасы, якія кажуць, што я выкарыстоўваю наймітаў, нібыта замаўляю песьні для Absurd у сэрвіснага агенцтва і плачу за іх, але гэта, вядома, лухта. Маё становішча нічым не адрозьніваецца ад таго, што было ў Вольфа ў 2001-м, калі ён вырашыў працягваць дзейнасьць Absurd бяз DMD і мяне. Яму таксама давялося шукаць музыкаў для новага складу. Калі Widar ёсьць наймітам, то й Unhold таксама — з той розьніцай, што Widar папросту больш здатны і творчы за Unhold’а. У нас ужо гатовыя песьні для новага альбому — цалкам новыя песьні — пакуль Unhold па-ранейшаму перабірае старыя запісы або моліць DMD напісаць яму новыя песьні за грошы.
Дарэчы, адно адрозьненьне паміж 2001-м годам і сёньняшнім днём усё ж існуе: я ня толькі адзін з заснавальнікаў Absurd, але я таксама актыўна ўдзельнічаў у гурце ў першыя 10 гадоў існаваньня, пакуль не страціў гэтую магчымасьць і Вольф не заняў маё месца. Тое, што я раблю сёньня, цалкам законна, як і тое, што рабіў Вольф у 2001-м.
Хоць ABSURD паўсюль лічыцца “NSBM”, з 1999-га году ў творчасьці гурта няма нічога, зьвязанага з НС, і нават пасьля вяртаньня ў 2017-м ты абіраеш іншыя тэмы (хоць многія чакалі, што ты пераўтварыш ABSURD на нешта кшталту ARYAN KAMPF 88). Ты больш ня верыш у палітычны бок нацыянал-сацыялізма?
J.F.N.: Мая палітычная пазыцыя і погляды застаюцца нязьменнымі. Аднак я ніколі не разглядаў NSBM як выключна палітычную музыку, і я таксама не лічу, што NSBM-гурт абавязкова мае быць прывязаны да тэматыкі Трэцяга Райху і Другой Сусьветнай вайны. NSBM ёсьць, як я казаў у 1999-м, апошняй спробай захаваць black metal як радыкальную і бескампрамісную контркультуру. Усё астатняе, асабліва шатанізм, заўсёды паглынаецца мэйнстрымам і робіцца сацыяльна прымальным. На Захадзе ў нашыя часы толькі станоўчае стаўленьне да нацыянал-сацыялізму гарантуе імунітэт ад паглынаньня музычнай індустрыяй і СМІ.
Але нацыянал-сацыялізм ня ёсьць маналітнай ідэялёгіяй. Ён увабраў мноства філясофскіх, культурных і духоўных плыняў канца 19-га стагодьдзя, а з часоў развалу Трэцяга Райху ў 1945-м ён эвалюцыянаваў і перарадзіўся ў формах і кантэкстах, якія раней лічыліся б невымоўнымі. Вось чаму так недарэчна выглядае аргумэнт, што, маўляў, Адольф Гітлер пагарджаў бы black metal. Герман Херускер таксама б, напэўна, жахнуўся ад паганскага мэталу. Гэткія гістарычныя параўнаньні ёсьць бессэнсоўнымі, бо мы жывем сёньня, а не ў мінуўшчыне. Палітычная, сацыялістычная і культурная сітуацыя ў 2024-м зусім не такая, як у 1924-м або 1934-м, напрыклад.
З Absurd я не хачу чытаць палітычныя лекцыі — не, я хачу паказаць з гуртом альтэрнатыўную рэальнасьць, засяродзіўшыся на тэмах, сымбалях, мітах і постацях, якія сёньня асуджаюцца і зьнеслаўляюцца. Але я раблю гэта амбівалентным і нават вытанчаным чынам, унікаючы маральнага дуалізму, які робіць усё і ўсіх чорным або белым. Мяне больш антыгероі, ліхадзеі і злачынцы, якія сталі гэткімі толькі празь прымхі лёсу і выпадковасьці. Нават агульнавызнаныя героі часьцей за ўсё запэцканыя крывёй і крочаць па трупах, але на гэта забываюцца, зважаючы толькі на зіхоткае сьвятло іхняе пасьмертнае славы.
Ці існуе сувязь паміж ідэялягічнымі зьменамі ўнутры ABSURD і зьменамі лёгатыпу гурта?
J.F.N.: Так, вядома. Эвалюцыя лёга Absurd адлюстроўвае зьмены ў лірыцы. Напачатку адданыя шатанізму, мы пазьней перайшлі да пангерманскага паганства. Вось чаму перагорнуты крыж і пэнтаграма ў лёгатыпе саступілі месца сонечнаму колу і М’ёльніру. Потым я вырашыў наогул пазбавіць лёгатып Absurd рэлігійных адценьняў, бо рэлігія адыгрывае мізэрную ролю ў маіх тэкстах. Я засяроджаны не на д’ябле ці багах, але на чалавецтве і ўсіх яго складаных супярэчнасьцях.
Я згодны з тым, што напісаў Фрыдрых Ніцшэ: ‘Той, хто змагаецца з пачварамі, мае быць асьцярожным, каб самому не пераўтварыцца на пачвару. А калі ты доўга ўглядаешся ў бездань, бездань пачынае ўглядацца ў цябе‘. Homo homini lupus!
Апроч рэдкіх песьняў там і сям, ABSURD імкнуліся выкарыстоўваць нямецкую мову, а цяпер у вас усё на нямецкам. Чаму вы вырашылі адмовіцца ад ангельскай мовы ў ABSURD?
J.F.N.: Справа ў тым, што цяпер я пішу тэксты так, каб іх было ямчэй сьпяваць на сцэне. Я немец, мае продкі жылі ў Цюрынгіі і Сілезіі на працягу мноства пакаленьняў, і мая родная мова нямецкая. Я не магу настолькі ж пасьпяхова выяўляць сябе на іншых мовах, таму было цалкам лягічна, што Absurd цяпер мае толькі нямецкамоўныя тэксты. Аднак я па-ранейшаму пішу тэксты на ангельскай для іншых гуртоў.
Цяпер да найбольш складанага з актуальных пытаньняў: нявыданы альбом ABSURD “Kyffhäuserreich” нядаўна быў анансаваны і табой, і Unhold’ам. Растлумач гэтую сітуацыю. Ці мае Unhold’аў нядаўні “Werwolflicht” штосьці агульнае з гэтым альбомам?
J.F.N.: Тэксты і песьні для Kyffhäuserreich былі створаныя адначасова з песьнямі для Asgardsrei, і я захоўваю іх з таго моманту. Сама ідэя, як і назва Kyffhäuserreich, былі прапанаваныя мной, а DMD напісаў тэксты і песьні, засноўваўшыся на маіх задумках. Аднак мы не запісалі іх, і сам DMD, нягледзячы на абяцаньне, якое ён даў Вольфу, таксама гэтага не зрабіў. У той час я ўжо жыў у ЗША, дзе мяне пазьней затрымалі і арыштавалі, і я адшукаў тэксты сярод сваіх асабістых файлаў і лістоў толькі праз шмат гадоў.
Яшчэ ў 1998-м мы анансавалі Kyffhäuserreich як будучы рэліз Absurd, які выйдзе ў форме спліта з Heldentum. Значна пазьней пра гэта даведаўся Unhold, і, відавочна, ён ня толькі выкупіў гэтыя песьні ў DMD, але й даплаціў яму, каб той запісаў дэма.
Аднак Unhold таксама нічога не зрабіў. Чаму? З аднаго боку, песьні яму не падабаліся — яны былі задужа паганскімі, задужа працяглымі. А зь іншага боку, DMD выставіў умову, што Вольф не будзе сьпяваць на гэтых песьнях, калі Unhold пажадае запісаць і выдаць іх.
Пэўна, DMD саступіў у гэтым пытаньні у 2019-м, і таму Kyffhäuserreich быў анансаваны Unhold’ам сярод будучых рэлізаў на ўкладцы да дыска Promo 11/2019 A.Y.P.S. Аднак ён па-ранейшаму ня выданы, хоць запісаць яго абяцалі ўжо некалькі разоў – бяз Вольфа, як і хацеў DMD у самым пачатку.
У наступным годзе, 2025-м, будзе адзначацца 500-я гадавіна Цюрынгскай Сялянскай Вайны, якая ахапіла таксама й рэгіён Кіфхойзэр. Гэта выдатная нагода, каб нарэшце запісаць і выдаць Kyffhäuserreich з Absurd, аддаўшы павагу нашай радзімай Цюрынгіі і, зразумела, гары Кіфхойзэр, якая мела багатую і цікавую гісторыю яшчэ да імператара Барбаросы, ажно з Каменнага Веку.
Калі мы анансавалі Kyffhäuserreich, Unhold зноў ачуняў ад сваёй летаргіі і заявіў, што таксама хоча нарэшце выдаць Kyffhäuserreich. Але, зноў жа, гэта толькі заява… Ён нібыта валодае ‘правамі’ на гэтыя песьні, хоць мне тады цікава, чаму я меў іх на руках задоўга да таго, як ён увогуле даведаўся пра іх. Так ці так, у канчатковым выніку фанаты будуць вырашаць, якая з дзьвюх інтэрпрэтацый Kyffhäuserreich (калі Unhold не абмяжуецца пустым анонсам…) ім бліжэй.
Ваш альбом “Schwarze Bande” нядаўна быў выданы лэйблам Deep Dark Forest для краін СНД. Ён мае буклет, цалкам перакладзены на расейскую мову. Празь гэта ты сутыкнуўся з пэўным асуджэньнем з боку украінскіх таварышаў. Як той, хто ведае, як рабілася гэтае выданьне, я магу сказаць – з поўным разуменьнем прычын гэтай першапачатковай рэакцыі – што людзі, якія стаяць за рэлізам, сымпатызуюць Украіне і ня ёсьць расейцамі, а расейская мова была выкарыстаная папросту таму, што яна найбольш распаўсюджаная ў рэгіёне. Таксама я ведаю, што праца над рэлізамі ABSURD у лагеры Deep Dark Forest працягваецца: наступным будзе зборнік дэма “Life Beyond the Grave: 1992-1994”. Што ты думаеш пра гэты рэліз, і ці чакаюцца іншыя замежныя рэлізы ABSURD у бліжэйшай будучыні? Таксама хачу адзначыць, што пры ўсёй нямалай колькасьці правых лэйблаў у Расеі і суседніх краінах, чамусьці дагэтуль ніхто не паклапаціўся афіцыйна выдаць запісы ABSURD для гэтага рэгіёну (адзіным выключэньнем ёсьць палепшанае выданьне “Asgardsrei”, выпушчанае ва Украіне ў 2017-м).
J.F.N.: Кожны, хто ведае мяне і сачыў за маім шляхам у нацыялістычным руху, ня мусіць мець аніякіх сумневаў наконт таго, на чыім баку мае сімпатыі ў гэтым канфлікце (які распачаўся значна раней за 2022-гі). Аднак я адмаўляюся прымаць ідэю калектыўнай віны і калектыўнага пакараньня. Ніхто не мае несьці адказнасьці за дзеі рэжыма ў сваёй краіне, калі для гэтага няма цьвёрдай прычыны, і ў краінах СНД, несумненна, ёсьць годныя людзі, якія любяць Absurd, але не маюць магчымасьці замовіць нашыя рэлізы з-за мяжы.
Было вырашана выправіць гэта, выпусьціўшы Schwarze Bande ў перакладзеным на расейскую мову варыянце, і я па-ранейшаму лічу гэта добрай ідэяй. Я разумею пачуцьці нашых сяброў, таварышаў і фанатаў ва Украіне. Яны маюць поўнае права адмаўляць усё расейскае, але у вайне нічога ня зьменіцца ад таго факту, што ў Schwarze Bande цяпер ёсьць расейскамоўны пераклад. Заяўляць, што выкарыстаньне расейскай мовы тоесна падтрымцы Пуціна і вайны, азначае гуляць на яго карысьць! Трэба разумець, што гурт Absurd, які сам заўсёды знаходзіцца пад перасьледам з боку дзяржавы, сымпатызуе дысідэнтам зь іншых краін. Яшчэ 15 гадоў таму я ня меў ілюзій наконт натуры пуцінскага рэжыму і заўсёды папярэджваў тых, хто намагаўся праслаўляць яго на Захадзе. Выданьне Schwarze Bande ніяк не супярэчыць гэтай традыцыі, і украінамоўны рэліз ва Украіне таксама плянуецца.
Але ты ўзьняў добрае пытаньне — чаму не было гэткіх лякалізаваных ці іншых рэлізаў Absurd для СНД і ўсяго ўсходняга рэгіёну? Мажліва, нашыя запісы раней было лёгка здабыць у арыгінале (зусім не – F1sher16), і таму ніхто не хацеў марнаваць час і высілкі на выпуск рэгіянальнага варыянту.
Якія пляны ABSURD на бліжэйшую будучыню?
J.F.N.: Зараз мы працуем над чатырма новымі рэлізамі. Гэта спліт Division z.V. / AO з War88, потым, вядома, Kyffhäuserreich, а таксама EP Prana Atma і наш наступны альбом Todeskampf. Акрамя таго, мы зноў плянуем даваць канцэрты, і таксама да гэтага рыхтуемся.
Ты ніколі не быў трывалым удзельнікам аніводнага гурта, акрамя ABSURD, але твой гасьцявы вакал можна пачуць на запісах такіх банд, як ENDSIEG, MALEFICE, NECROSYNTHESYS, NOKTURNE, STRAWAZ (дарэчы, ці ня той гэта хлопец, які напаў зь сякерай на хлопца з WULKANAZ, а потым яшчэ вінаваціў цябе ў “публікацыі сакрэтнай карэспандэнцыі”, якая была ўсяго толькі наборам п’яных пагрозаў?). Раскажы пра гэтыя супрацоўніцтвы. Я заўважыў, што, акрамя выпадку з NOKTURNE, усе гэтыя гасьцявыя вакалы былі запісаныя пасьля твайго вяртаньня з ABSURD у 2017-м… Таксама ты напісаў багата тэкстаў для гуртоў кшталту THE TRUE WERWOLF, ABIGOR, AD HOMINEM, EVIL, CAPRICORNUS, GRAVELAND, DROWNING THE LIGHT, FUNERAL WINDS, TWO RUNES (цэлы альбом!). Як часта гурты просяць цябе дапамагчы ім з лірыкай?
J.F.N.: Хацелася б выправіць непаразуменьне. Гасьцявы вакал для Nokturne выконваў не я. Хоць гурт прасіў мяне, мой сябр і колішні калега Відар Вэрацір дужа хацеў гэта зрабіць, таму я саступіў яму. Яго голас моцна адрозьніваецца ад майго. Ты верна заўважыў, што я пачаў браць удзел на запісах іншых гуртоў толькі пасьля вяртаньня з Absurd, бо я трохі паднабраўся досьведу.
Што да лірыкі, тут усё праўда, Я здаўна пішу тэксты для сяброўскіх гуртоў, і я працягну гэта рабіць пры неабходнасьці і магчымасьці. Напрыклад, я буду браць удзел як аўтар лірыкі і гасьцявы сьпявак на наступным альбоме Goatmoon. Гэта сяброўскі ўчынак, і, акрамя таго, у мяне заўсёды ёсьць ідэі, якія не пасуюць да Absurd, але могуць быць зрэалізаваныя ў іншых гуртах.
У маладога таварыша з Strawaz былі праблемы ў мінулым, але я падтрымліваю новае пакаленьне black metal, і я рады, што ён пераадолеў іх і зараз рупліва працуе над новымі песьнямі.
Была (ці па-ранейшаму ідзе?) кампанія, распачатая Алексам Тэленавэлай, Томасам Тантрумбергерам ды іншымі вяшчальнікамі Unhold’а, нацэленая на тое, каб гурты і лэйблы, зь якімі я працую, павярнуліся супраць мяне. Стэфан з Strawaz на кароткі час паддаўся на гэта, але потым зразумеў сваю памылку і выбачыўся. Выбачана і забыта!
Цяпер хацелся б пагутарыць пра Darker Than Black Records. Распавядзі, чаму ты вырашыў стварыць лэйбл у 1994-м, якія былі яго мэты і прынцыпы? Як яны зьмяніліся зь цягам часу? Ці мае яго назва нейкі глыбокі сэнс – маўляў, гэта Black Metal-лэйбл, але ня толькі, таму ён “чарнейшы за чорнае”?
J.F.N.: У 1994-м мы хацелі выдаць Thuringian Pagan Madness як EP, і, зразумела, для гэтага патрабаваўся лэйбл. Назву Darker Than Black Records выдумаў Leichenschrei (Opferblut, Lacerated Gods), і гэта бадай што адзіная добрая рэч, якую я магу пра яго сказаць. Darker Than Black, вядома, ёсьць найвышэйшай ступеньню ў граматычным сэнсе, і я заўсёды разумеў гэта як тое, што лэйбл будзе выпускаць гурты, якія прымаюць наш дэвіз ‘Black Metal ёсьць больш чым музыкай’ блізка да сэрца.
У нас бракавала грошай, таму мы не маглі выдаць Thuringian Pagan Madness самастойна. Samoth хацеў зрабіць гэта празь свой лэйбл Nocturnal Art Productions, але таксама патрапіў у турму. D.T.B. Records стаў падлэйблам Malicious Records, прызначаным для выпуску 7-цалёвых EP, але, на жаль, мы выдалі толькі адзін EP гурта Silexater, бо Malicious Records зьнік празь няздольнасьць выплаціць падаткі. Толькі ў 1997-м нам удалося па-сапраўднаму запусьціць лэйбл, але ўжо толькі для CD-рэлізаў.
Аднак і гэта было ненадоўга, бо служба дзяржаўнай бясьпекі двойчы прыходзіла да нас з ператрусамі і ў выніку разбурыла нашае дыстра ў 1999-м. Потым я паехаў за мяжу, і некалькі заплянаваных рэлізаў DTB выйшлі на новазаснаваным мной лэйбле Ancestral Research Records. Потым мяне зноў арыштавалі і пасадзілі ў турму на некалькі гадоў. У той перыяд Вольф заснаваў Nebelklang (Nebelfee Klangwerke), але ў 2006-м, незадоўга да майго вызваленьня, ён прадаў лэйбл. Таму, вызваліўшыся ў 2007-м, я працягнуў дзейнасьць DTB. На сёньня ў нас ўжо каля 600 рэлізаў ва ўсіх асноўных фарматах.
З DTB я хачу рабіць унёсак у black metal, падтрымліваючы новыя гурты і пражэкты, а таксама перавыдаваць творы ветэранаў сцэны. У той жа самы час я хачу захоўваць і перадаваць сапраўдную сутнасьць black metal як радыкальнай і бескампраміснай контаркультуры. Вось чаму для DTB не існуе цэнзуры. Аднак мы з артыстамі ўлічваем заканадаўства Германіі, бо нікому не будзе лягчэй, калі я патраплю пад суд, або, што яшчэ горш, зноў апынуся ў турме за выпуск рэлізаў іншых гуртоў.
Здаецца, ты выдаў першыя 7”EP і CD ў 1997-м, але першы LP выйшаў толькі ў 2009-м. Ці цяжка было напачатку працаваць зь вінілам? Тут, дзе я жыву, гэта поўная катастрофа.
J.F.N.: Тут, вядома, справа ў тым, што вініл шмат гадоў быў на трэціх ролях і лічыўся нішавым прадуктам. Напрыканцы 1990-х многія рэлізы ўжо выходзілі толькі на CD, і Вольф таксама выпускаў толькі CD на Nebelklang. Пасьля калапсу вінілавага рынка ў Эўропе амаль не засталося вінілавых фабрык, і сітуацыя пачала выпраўляцца зусім нядаўна. Але я рос у эпоху, калі CD не існавалі, а вініл і касэты былі адзінымі (і аналёгавымі) фарматамі для музыкі. Я па-ранейшаму вельмі добра памятаю першыя панкаўскія і мэталічныя запісы, якія мы з Вольфам куплялі на чорным рынку ва ўсходняй Германіі за страшэнныя грошы.
Вось чаму для мяне было відавочна, што DTB мае выпускаць таксама вініл, і, калі паўстала магчымасьць, я адразу ж заняўся гэтым.
Я часта задаю гэтае пытаньне ўладальнікам лэйблаў зь вялікім партфоліа: ці памятаеш ты ўсе свае рэлізы?
J.F.N.: Зразумела, я памятаю ўсе рэлізы Darker Than Black Records, хоць часам мне трэба пра іх нагадваць, ха-ха!
Які рэліз DTB найбольш пасьпяховы ў пляне продажаў і папулярнасьці? Найменш пасьпяховы?
J.F.N.: Несумненна, Kaevum, Vothana і Absurd самыя пасьпяховыя. У гэтых гуртоў кожны рэліз прадаецца па некалькі тысяч копій у кожным фармаце. Аднак многія рэлізы разыходзяцца толькі ў колькасьць 100 копій, або нават менш, па розных прычынах. Па статыстыцы, калі ты маеш столькі рэлізаў, заўсёды будуць як агаломшальныя посьпехі, так і правалы.
Твой улюбёны рэліз?
J.F.N.: Адкажу нахабна і перадузята — гэта Schwarze Bande, натуральна. На гэтым рэлізе нам удалося спалучыць вершы, графіку, музыку і дызайн, стварыўшы суцэльны мастацкі твор, які можна паўнавартасна ацаніць, толькі трымаючы ў руках CD або LP.
Найбольш дарагі ў вытворчасьці рэліз?
J.F.N.: Гэта будзе па-ранейшаму нявыданы 5-плыткавы бокс Absurd Life Beyond the Grave 1992 – 1994. Ён атрымаецца дужа дарагім, вось чаму ўжо некалькі лэйблаў пагаджаліся выдаць яго, але потым здавалі назад. Цяпер у нас ёсьць сродкі, каб зрабіць гэта самастойна.
Рэліз тваёй мары – калі ты ўвогуле думаў пра гэта?
J.F.N.: Пэўна, то Facta Loquuntur у першапачаткова задуманым варыянце, з усімі песьнямі, якія DMD стварыў для яго. Потым, бадай, Hvis lyset tar oss Burzum з скарочанай Tomhet і дадаткам у выглядзе Et hvitt lys over skogen. А яшчэ выданьне EP Emperor 1992-га і 1994-га гадоў адным альбомам.
Некаторыя лэйблы ганарыста заяўляюць, што не прымаюць прома і самастойна выбіраюць, каго падпісваць, хоць яны часта выдаюць маладыя гурты, таму я думаю, што гэта толькі поза. А ты слухаеш прома?
J.F.N.: Вядома, я па-ранейшаму слухаю і гляджу прома. Часам даволі хутка, бо разумею, што мне гэта нецікава, але зазвычай я ўважліва слухаю прынамсі адну песьню і праглядаю старонку гурта на Metal Archives, калі яна ўжо існуе.
Давай уявім, што я малады артыст, які стварыў годны дэбютны запіс. Калі я хачу выдацца на Darker Than Black, што мне трэба зрабіць? Якую падтрымку можа прапанаваць твой лэйбл?
J.F.N.: У любым выпадку, ты мусіш скантактавацца з мной наўпрост. Многія прома ёсьць масавымі рассылкамі, якія адпраўляюцца адразу да вялікай колькасьці лэйблаў, і да гэткіх я адразу губляю ўвесь інтарэс. Як лэйбл рупліва адбірае для сябе гурты, так і гурт мае падбіраць для сябе лэйблы і зьвяртацца да іх наўпрост. Потым разам можна абмеркаваць, ці пасуюць гурт і лэйбл адзін да аднаго. Ад DTB я выступаю як выканаўчы прадусэр і даю фінансавую і лягістычную падтрымку падчас падрыхтоўкі рэлізу — ад запісу да дызайну. Таксама я адказваю за непасрэдны выпуск і распаўсюд рэлізу.
Апроч магчымай дапамогі з лірыкай, што яшчэ ты робіш для сваіх падпісантаў? Маю на ўвазе дызайн, мікс / мастэрынг і г.д.
J.F.N.: Натуральна, я прапаную поўны фарш. Усё, што можа і павінен прапаноўваць лэйбл, каб мастацкае бачаньне музыкі цалкам ўвасабілася ў фізічным рэлізе.
У эпоху гуртавых продажаў ты не адмовіўся ад абменаў; я гэта глыбока паважаю. На твой погляд, у чым важнасьць абменаў для андэграўнду?
J.F.N.: На андэграўнднай сцэне, да якой па-ранейшаму адносіцца Darker Than Black Records, абмены зь іншымі лэйбламі ёсьць звычайнай практыкай. Гэта найлягчэйшы спосаб распаўсюджваць рэлізы ўнутры сцэны, які таксама дапамагае захоўваць бюджэт выдавецтва.
У маёй працы для лэйбла я маю быць даволі гнуткім, іначай мы не выжывем, але для мяне існуюць некаторыя фундамэнтальныя “no-go”. Напрыклад, я ніколі ня стану прадаваць левацкую прапаганду, хрысьціянск мэтал або расейскі гурт Satarial (бо гэта папросту ганьба). Ці ёсьць у цябе падобныя прынцыпы?
J.F.N.: Так, менавіта як ты сказаў: хоць у тым, што датычыцца дыстра, я значна больш гнуткі і цярпімы, калі параўноўваць з тым, што я выдаю празь DTB, я ўсё адно не стану сьлепа прадаваць абы-што. Гурт або рэліз, які цалкам супярэчыць маім перакананьням і ідэалам, ніколі не патрапіць у мой каталёг.
Некаторыя гурты атрымалі ад DTB вельмі добрае паскарэньне, перш чым яны патрапілі на “вялікія лэйблы” пачалі гаварыць пра цябе ўсякую хуйню. Галоўны прыклад – закаханы ў трансвестыта цыркач GALDR, які па-ранейшаму глыбока траўмаваны трыма рэлізамі на тваім лэйбле. Ёсьць яшчэ SAOR, які не хоча мець нічога агульнага з “нацысцкім лэйблам”. Ці ёсьць яшчэ гэткія пераабутыя персанажы? Ці шкадуеш ты, што працаваў зь імі ў мінулым?
J.F.N.: Можна было чакаць, што, улічваючы вялікую колькасьць гуртоў, зь якімі я працаваў празь лейбл за гэтыя гады, заўсёды будуць прыклады расчараваньняў або нават ‘здрады’. Часьцей за ўсё гэта брак шчырасьці, калі гурт пераходзіць на іншы лэйбл, але нават не паведамляе мне пра гэта. Калі я пазнаю пра гэта празь Інтэрнэт або ад трэціх асобаў, зразумела, я вельмі незадаволены. Часам праблема паўстае ўжо пасьля выпуску рэліза, бо гурт раптам больш не жадае паважаць папярэднія пагадненьні.
Трэба сказаць, што я амаль ніколі не складаю пісьмовых кантрактаў з музыкамі. Усё робіцца празь вусную ўгоду і пацісканне рук замест подпісу. Калі ты ня можаш давяраць чыямусьці слову, тады нават кантракт, складзены юрыстам і завераны натарыюсам, не абароніць цябе ад парушанага абяцаньня. Без мінімальнага ўзаемнага даверу гурту і лэйблу папросту ня трэба супрацоўнічаць. Апроч таго, большасьць музыкаў і гуртоў, зь якімі я працую, паходзяць з-за мяжы. Міжнародныя судовыя разбіральніцтвы празь межы і на розных мовах ёсьць справай дзяржаўных устаноў і глабальных карпарацыі, але для людзей нашага кшталту пра гэта ня можа быць і гаворкі.
Я мог бы напісаць шмат усяго пра прыклады (ты ўжо ўзгадаў два) разбурэньня стасункаў паміж мной і гуртамі, але, шчыра кажучы, я не жадаю больш марнаваць на іх словы. На кожны гурт, які мяне расчараваў, будзе дваццаць гуртоў, зь якімі мы супрацоўнічаем дасканала, без аніякіх скаргаў з абодвух бакоў. Але пра гэта ніхто на сцэне не гутарыць, бо плёткі і драма заўсёды больш цікавыя.
Бадай, я не шкадую пра аніводны з рэлізаў Darker Than Black Records, але мне шкада часу, грошай і энергіі, змарнаваных на тых, хто гэтага не заслугоўваў. Няўдзячнасьць ёсьць вельмі папулярнай узнагародай у сьвеце, нават у сьвеце black metal.
Хочаш узгадаць якіх-небудзь кідалаў?
J.F.N.: Проста зараз ніхто да галавы не прыходзіць, але большасьць маіх партнёраў па справе ведае мяне гадамі. Напэўна, я ўжо маю дасатковы досьвед у гэткіх пытаньнях, таму наўрад ці хтосьці на сцэне зможа мяне ашукаць.
Улічваючы “небясьпечны” статус DTB і трывалы ціск з боку нямецкай улады, кіраваць лэйблам, мусібыць, вельмі цяжка. Якія твае асноўныя заняткі як уладальніка DTB? Ці дапамагае табе хтосьці яшчэ, якія-небудзь наёмныя працаўнікі, напрыклад? Ці ёсьць у цябе праца па-за лэйблам?
J.F.N.: Я займаюся лэйблам сам, але жонка дапамагае мне з паштовымі аперацыямі. У гэтым сэнсе ў нас сямейны бізнэс. Мы ёсьць афіцыйна зарэгістраванай кампаніяй, таму, вядома, мы павінны падпарадкоўвацца дзяржаўным пастановам. Гэта перш за ўсё датычыцца падаткаў і мытаў, але таксама законаў пра ‚распальваньне варожасьці‘ і прапаганду ўсякіх забароненых рэчаў. Гэтыя законы вельмі строгія, але прымяняюцца адвольна. Я ўжо не раз сутыкаўся з абвінавачваньнямі кшталту таго, што руна з футарка, маўляў, ‘выглядае занадта падобна да забароненага сымбаля’. На кантэкст ніхто не зважае, хоць, зразумела, ёсьць розьніца паміж паганскім гуртом, які выкарыстоўвае выяву руны ў кантэксце старажытнай веры, і NSBM-гуртом, аблепленым сымболікай Трэцяга Райху. Але гэтая розьніца, відавочная для незалежнага назіральніка, ігнаруецца праваахоўнікамі. Гэта стварае сітуацыю на нашай сцэне, калі ты не можаш быць на 100% пэўным, што CD або LP, які ты трымаеш у руках, ёсьць цалкам бясьпечным з пункту гледжаньня закона. Дзяржава наўмысна стварае гэтую сітуацыю, бо яна ведае, што людзей лягчэй кантраляваць, калі яны жывуць у стане няпэўнасьці і сумневаў.
У іншых краінах можа быць па-іншаму. Напрыклад, у Фінляндыі аніводны лэйбл можа не трывожыцца, што на наступны дзень пасьля рэлізу ўзброены атрад паліцыі выламае дзьверы ў офіс і канфіскуе ўвесь наклад дыскаў або плытак. Там ты можаш выдаваць і прадаваць што заўгодна, і дзяржава ня ўмешваецца. Мусібыць, працаваць у гэткіх умовах вельмі прыемна!
Аднак трэба таксама заўважыць, што людзі прымаюць гэткія вольнасьці як належнае і не разумеюць, што ў іншых месцах ты можаш страціць усе свае сродкі існаваньня і нават волю за тыя ж самыя рэчы. Калі няма чаго баяцца, то, напрыклад, узаемадзеяньне кагосьці з рэчамі кшталту нацыянал-сацыялізму часта ёсьць павярхоўным, чыста правакацыйным. Калі ж адданасьць гэтай ідэялёгіі зьвязанае з рызыкай перасьледу і турэмнага тэрміну, гэта ўсё мяняе. У дадзеным выпадку ты паводзішся вельмі асьцярожна, і толькі моцныя ўнутраныя перакананьні могуць пераканаць цябе пайсьці на гэткую рызыку. Балбатаць заўсёды лягчэй, ніж рабіць!
Гэта таксама зьвязана з тым, што я ўжо казаў вышэй — black metal можа быць больш, чым проста музыкай, толькі калі ты гатовы прыносіць дзеля яго ахвяры і сутыкацца з наступствамі. Вядома, я не кажу, што чалавек мае старанна шукаць праблемы сабе на галаву! Але існуе мноства прыкладаў — узяць таго ж Unhold’а — калі хтосьці працуе над іміджам бязьлітаснага black metal-фанатыка, але насамрэч імкнецца ўнікаць усякай рызыкі, каб не займець праблемы з урадам, СМІ або антыфа.
Я, напэўна, адзіны black metal-музыка з Германіі, які ўжо адсядзеў у турме за злачынствы, зьвязаныя з black metal, і ўсё адно яшчэ мае ўстаць перад судом. Антыфа некалькі разоў цікавалі мяне каля майго дому, спальвалі мае машыны і нападалі на мяне.
Мне ня трэба даказваць сваю бескампрамісную натуру, і я добра разумею, што словы і дзеі маюць наступствы. Вось чаму я толькі сьмяюся, калі некаторыя людзі на black metal-сцэне спрабуюць мне пагражаць. Я ўжо быў таму, куды яны баяцца патрапіць, рабіў тое, што яны баяцца рабіць, і перажыў тое, што страшыць іх настолькі, што яны гатовыя на ўсё, каб гэтага ўнікнуць. Таму, калі хтосьці на гэтай сцэне хоча мяне ўразіць, ім трэба старацца лепей, а не даймаць мяне сваёй бессэнсоўнай балбатнёй у Інтэрнэце.
Як ты пазнаёміўся з беларускай мэтал-сцэнай? Што ты пра яе думаеш? Твае ўлюбёныя гурты? Дарэчы, як там справы з перавыданьнямі FOLKVANG?
J.F.N.: Пазнаёміўся ў 1994-м, паслухаўшы першае дэма Gods Tower. Значна пазьней я працаваў з гуртамі з Беларусі, такімі як Massenhinrichtung. Black metal-банды з Беларусі па-ранейшаму ў значнай ступені існуюць ва ‘Ўсходнім Блёку’, і, апроч усіх выклікаў, зьвязаных з гэтым, гэткае становішча несумненна дае ім важны творчы імпульс. Гуртам з усходняй Германіі, не праспансаваным дзяржавай, таксама было вельмі цяжка, і яны ўсё вымушаныя былі рабіць самастойна. Але гэта зрабіла іх больш аўтэнтычнымі, творчымі і арыгінальнымі. Напэўна, штосьці падобнае па-ранейшаму магчыма ў краінах кшталту Беларусі. Што да рэлізаў Folkvang, то я працую над імі, і яны таксама выйдуць на вініле.
Якія пляны Darker Than Black на бліжэйшы час?
J.F.N.: Павольна, але пэўна новыя рэлізы выходзяць на LP і CD, а таксама зноў на касэтах. Вы можаце чакаць новай музыкі ад Kaevum, Totale Vernichtung, Absurd, Aufnorden і шмат каго яшчэ. У нейкі момант я таксама мушу замовіць новы сайт для лэйбла, а пакуль што вы можаце сачыць за абнаўленьнямі ў нашых сацыяльных сетках або на адпаведных інтэрнэт-форумах.
На гэтым усё. Дзякуй за твой час і адказы. Калі хочаш штосьці дадаць да інтэрвію, то калі ласка!
J.F.N.: Вох, гэта, напэўнай, найбольш падрабязнае інтэрвію, якое я даў за вельмі доўгі час! Для большасьці чытачоў, бадай, яно будзе ‘tl;dr’, але я пастараўся раскрыць усе пытаньні і адказы на іх максімальна падрабязна, каб у будучыні мець магчымасьць папросту спасылацца на гэтае інтэрвію і не паўтарацца. Таму я дзякую табе за гэта!
Паколькі я неаднаразова спасылаўся на інтэрвію Вольфа (https://blackmetalterror.com/2024/08/20/der-tod-und-die-landsknechte-an-in-depth-interview-with-wolf-moebus), я б парэкамэндаваў людзям таксама пачытаць яго. Абодва нашыя інтэрвію намалююць для вас поўную карціну гісторыі Absurd з такіх пунктаў гледжаньня, зь якіх яна раней не паказвалася. Кожны чытач сам зможа сфармаваць сваё меркаваньне.
За ўсёй інфармацыяй па Absurd заходзьце на www.hordeabsurd.com, маё дыстра можна знайсьці на www.black-metal.shop, а калі нават пасьля гэтых працяглых адказаў вам па-ранейшаму цікава, пра што я думаю, наведайце www.weltenfeind.info.
Вот это действительно ЦЕННОЕ интервью!