Год: 2020
Выдаўца: Silent Future Recordings
Рэйтынг: 7,5/10
Выдаўшы ў 2021-м вельмі ДОЎГАчаканы альбом “Strayed in Shadows”, мой улюбёны гурт DE ARMA не стаў зноў засынаць на дзясятак гадоў. Ужо ўвясну быў выданы міні-альбом “Nightcall”, які стаў ці то першым крокам да новага стылю, ці то эксперыментальным творам. Праўду раскрые толькі наступны рэліз DE ARMA, выпуск якога, калі верыць прэс-рэлізам, аднойчы адбудзецца.
“Strayed in Shadows” ужо быў ня надта мэталічным альбомам, але на”Nightcall” ад мэталу засталіся хіба што пэўныя базавыя канструктыўныя ўласьцівасьці. Крыніцамі натхненьня для яго паслужылі перш за ўсё гатычны рок, darkwave і начны сінт-поп кшталту “Ultra” ад DEPECHE MODE. На па-ранейшаму цьвёрдых і выразных рытмічных структурах будуецца вельмі атмасфернае гучаньне, якое намагаецца ствараць выявы футурыстычнага нуару, і робіць гэта вельмі пасьпяхова. Тры песьні распавядаюць гісторыю клясычнага нуарнага персанажа ў капялюшы і доўгім плашчы, які жыве на самоце ў нейкім брудным мегаполісе і топіць гора ў бутэльцы. Усе тры даволі моцныя, але на мяне зрабіла найбольшае ўражаньне апошняя, дзе пазнавальная звонкая гітара DE ARMA саступае месца сінтэзатару. Можна сказаць, што гэта прыгожая балада, але ў ёй ёсьць нейкае пачуцьцё стомы і абыякавасьці; ты як быццам глядзіш на світанак вачыма чалавека, які не спаў двое содняў, і настолькі заебаўся, што прыгажосць ранішняга сонца ўсьведамляецца толькі на візуальным узроўні, але не на эмацыйным. У кантэксце нуарнага стылю альбома працуе вельмі добра.
Зь іншых стылёвых навацый можна адзначыць, што Андрэас цяпер часьцей сьпявае ўдваёх з запрошанай вакалісткай Марыяй Оя. Таксама на альбоме ўдзельнічае канцэртны гітарыст LIK, які выконвае выдатныя сола. Майстэрынгам зноў займаўся Necromorbus. “Nightcall” мне спадабаўся, але я б не сказаў, што я ў захапленьні ад яго, як ад папярэдніх рэлізаў гурта. Пераход на новыя рэйкі адабраў у музыкі DE ARMA нешта важнае. Музыцы бракуе сапраўднай эмацыйнасьці і дынамікі; раней гурту удавалася спалучаць прынцыпова розныя фрагменты ў вельмі пасьлядоўных трэках, а тут гэтага няма – ўсё роўнае і спакойнае. Зрэшты, можа так і трэба, усё ж гэта міні-альбом з пэўнай канцэпцыяй.
Выданьне “Nightcall” на CD пастаўляецца ў дыджыпаку з буклетам, які зьмяшчае ўсе тэксты. Аздабленьнем займаўся малады украінскі мастак Барыс Грох. Падрабязнасьці на відэа. Акрамя гэтага рэлізу, у калямузычным партфоліа Барыса маецца толькі адна вокладка для нейкага мэтал-гурта з Штатаў, але гэта ўсё няважна, бо Барыс – аўтар таго самага легендарнага шэдэўра пра рускі ваенны карабель. Сапраўды, сьвет не такі ўжо й вялікі, як здаецца на першы погляд.