Інтэрвію з LJOSAZABOJSTWA

Сёння, 25-га снежня 2020-га, мы адзначаем пяцігоддзе з дня з’яўлення на свет першага рэліза таямнічых крывічоў LJOSAZABOJSTWA: “Staražytnaje licha”. Найлепшым падарункам на такое свята мог быць толькі новы альбом групы, але прасіць аб гэтым было б занадта рана і нахабна. Таму трымайце падарунак іншага кшталту: аб’ёмнае інтэрв’ю.

Вітаю на старонках Bagnik Zine! Пачнем гэты дапыт, як заўжды, ад самага старту. Распавядзіце аб нараджэнні LJOSAZABOJSTWA. Што і калі падштурхнула вас да стварэння групы? Калі яно адбылося? Да чаго зводзіцца мэта, місія, альбо сэнс існавання LSZB?

LSZB: Ідэя стварэньня LSZB з’явілася даволі даўно, але была ўвасоблена ў жыцьцё толькі ў 2014, калі абодва першапачатковых удзельніка вырашылі граць яшчэ павольней, чым гэта яны рабілі ў папярэдніх гуртах. Шчыра кажучы, меркавалася, што LSZB будзе чымсьці накшталт Beherit-worship гурту, але ўсё пайшло праз дупу і атрымалася як атрымалася. Сэнс існаваньня гурта – хулі, славіць Д’ябла ды граць метал, пажадана змрочны ды цяжкі.

Калі вы стваралі групу, ці мелася ў галовах такая думка, што ў беларускім музычным асяроддзі назіраецца недахоп каманд падобнага стылю?

LSZB: Якога? Black? Death? Гурт ствараўся без позірку на тое, каб трапіць у нейкую нішу ці закрыць нейкі прабел. Мы проста граем Death / Black Metal у тым выглядзе, у якім мы звыкліся да яго. Недахопу гуртоў мы таксама не назіраем, проста для большасьці беларусаў Death ды Black – гэта нешта накшталт SIX FEET UNDER ды BATUSHKA, а не, напрыклад, AUTOPSY ці DEMONCY, таму пра сапраўдны крыўскі андэграунд амаль што ніхто не піша ў шматлікіх парталах ды блогах. Каму вайна, каму маці радна; усім патрэбна, каб былі дуды, рушнікі ды дзеўкі галасілі, ды каб гучала абавязкова “арыгінальна”. Да і аб якім недахопе гуртоў можна казаць, калі кожны металхэд тут ці грае недзе, ці дахуя журналіст. А вось проста слухачоў ды аматараў метала – амаль што няма. Жыцьцё – боль.

Дзякуючы фатаздымку, размешчанаму пад дыскам з “Głoryja Śmierci”, можна даведацца, што зараз склад групы налічвае 3 асобы. А колькі людзей было ў складзе на момант стварэння групы?

LSZB: Ад пачатку гурт быў дуэтам вакаліста-бубнача-басіста ды гітарыста-клявішніка, але ўжо на момант запісу першага EP ў складзе з’явіўся асобны бас-гітарыст. Гурт грае ў фармаце трыа ўжо каля чатырох гадоў. Можа яшчэ дзевак возьмем, каб галасілі, будзем як ZNICH.

З якой нагоды вы вырашылі захоўваць ананімнасць?

LSZB: Гэта стылёва, модна, моладзева. Не хацелася быць чарговым гуртом, пра які б пісалі нешта накшталт “у складзе былыя удзельнікі гурту такога ды гурту сякога”. Як высветлілася пазней, ананімнасьць шмат каго раздражняе, што нас таксама пацешыла (мяне таксама! у сэнсе, раздражняе – прым. рэд.).

LSZB – радыкальна беларускамоўная банда і на альбомах, і ў “грамадзянскім” асяроддзі. Чаму быў абраны менавіта такі падыход?

LSZB: Беларуская мова – мёртвая мова, яна найлепшым чынам падыходзіць для выкананьня Death Metal, да і для метала ўвогуле. Яна гучыць змрочна i злосна, і нам не зразумела, чаму некаторым яна здаецца “мілагучнай”. З той жа нагоды выкарыстана лацінка – сьмешна было потым чытаць некаторыя вялікарускія каментары пра тое, што “кокококо посмотрите они продались полякам”, “я ничего не понимаю что это за язык”, “а в чем прикол писать на мове английскими буквами” цi “кококо кококо беларуский язык искуственный и насаждался поляками русь матушка царь батюшка кругом враги”, нават ад нашых суайчыньнікаў. Сцаць у ебала такім “беларусам”.

Распавядзіце аб сваіх вытоках натхнення, у тым ліку аб групах, якія паўплывалі на музыку LSZB

LSZB: У цябе не хопіць месца ў зіне. AUTOPSY! Таксама, акрамя відавочных MORTUARY DRAPE, MYSTIFIER ды MASTER’S HAMMER можна сказаць, што на гучаньне LSZB паўплывалі першыя дзве стужкі DARKTHRONE, DREAM DEATH “Journey into Mystery”, FLESHCRAWL “Descend Into The Absurd”, CONVULSE “World Without God”, MY DYING BRIDE “As the Flowers Withers”, першыя рэлізы SLAYER, IMPETIGO, SLAUGHTER, BEHERIT, INFERNAL MAJESTY (дэма), TORR, BESTIAL WARLUST, BLASPHEMY, CONQUEROR, PANDEMONIUM, SAMAEL, SEPULTURA ’86 ды ’87, GOATLORD, MORBID ANGEL “Abominations…” ды “Altars…” – да ўсёру можна пералічваць, але самыя буйныя крыніцы натхненьня, здаецца, усе тут.

«Staražytnaje licha» (2015) – ваш першы рэліз. Распавядзіце трошкі аб яго стварэнні і запісу.

LSZB: Калі мы пачалі граць LSZB, намі было вырашана як мага меньш абмяжоўваць сябе пры стварэньні матэрыялу, таму ўсё адбылося даволі хутка. Таксама мы дагэтуль не гралі (амаль) падобнай музыкі, гэта быў цікавы досьвед. Ўсё дэма было цалкам гатовым незде праз паўгады ды, у моцна нецьвярозым стане, запісана за адзін ці два вечары на нашай рэпетыцыйнай кропцы. Два мікрафона на бубны, тыя ж самыя мікрафоны на гітары ды бас. Наўрад ці запісу спадарожнічалі нейкія цікавыя гісторыі, проста два ашалелых зачыніліся ў гаражы ды нешта запісалі. Зразумела, на славу Сатаны.

 

З пункту гледжання агульнага падыходу, гуку і працягласці (калі ўлічваць дадатковы трэк з CD- і LP-варыянтаў), «Staražytnaje licha» цягне на міні-альбом. Але вы абазначаеце яго як дэма – чаму? Акрамя таго, чаму вы вырашылі спачатку выдаць яго самастойна, не звяртаючыся да лэйблаў?

LSZB: Дзіўна для банды пачынаць адразу з EP ці LP. Дэма на то і дэма, што мы спрабавалі нешта, шукалі гук, які б нам спадабаўся. Верагодна, што калі б нам не спадабалася дэма, то LSZB не існаваў бы ўвогуле. Але вынік працы апынуўся нядрэнным. Не магу ўзгадаць, чаму мы выдавалі дэма самастойна, але ўжо праз тыдзень ці каля таго ў нас не засталося асобнікаў, ды было некалькі прапаноў ад лэйблаў на перавыданьне.

CD-варыянт дэма быў выдадзены на польскім Hellthrasher Productions. Як апынулася, што вы заключылі пагадненне з гэтым лэйблам? Ці шмат было прапаноў?

LSZB: Прапаноў было няшмат, але яны былі. Paweł з Hellthrasher сам звязаўся з намі ды адразу прапанаваў добрыя ўмовы, а таксама зрабіў вялізарную працу па распаўсюджваньню рэліза. Самі б мы напэўна ахуелі.

“Staražytnaje licha”, безумоўна, стаў для мяне самай прыемнай нечаканасцю ў тутэйшым мэтале таго году. Па вашых назіраннях, як на яго адрэагавалі слухачы з Беларусі і замежжа?

LSZB: Дзякуй за добрыя словы ды падтрымку. За мяжой – вось наўпрост ахуенна, магчыма, там такая музыка больш слухачам падабаецца. З Беларусі дэма набылі лiтаральна некалькі чалавек, што нядзіўна, бо гэта быў перыяд, калі Таболіч нешта з нейкім у чарговы раз дзяліў, і ўсім было похуй на чарговае дэма чарговай банды. Тыя ж з нашых суайчыньнікаў, якiя чулі дэма, выразілі абуранасьць тым, што яно не гучыць як Behemoth ды што слэму няма. Нават зараз 99% таго, што прадаецца гуртом, ідзе за мяжу. Трэба, магчыма, нейкіх ільгот за экспарт патрабаваць ужо.

У 2018-ым годзе дэма выйшла на вініле на слынным Drakkar Productions, як гэта атрымалася?

LSZB: Drakkar самі выйшлі да нас ды прапанавалі выдаць абодва (на той момант) рэліза. Над выданьнем працаваў Ben з Drakkar USA і пасьпеў выдаць дэма на 12-цалёвым вiнiле. Вінілавы варыянт “Сыходжаньня” не пабачыў сьвет, таму што з-за асабістых праблем Ben быў вымушаны перадаць кіраваньне лэйблам ў іншыя рукі, і кантракт быў ануляваны пасля гэтага. Вiдавочна, гэта нас божанька пракляў за тое, што мы яго не любім.

Ужо на першым рэлізе сфармаваўся ваш лірычна-эстэтычны стыль: апакаліптычныя вобразы і жорсткае блюзнерства, часам паданае ў форме бруднае лаянкі. Гэта атрымалася натуральна, альбо існавала першапачатковая мэта захоўвацца як мага далей ад мудрагелістай вытанчанасці, характэрнай для сучаснага Black Metal?

LSZB: Мы жадалі прадэманстраваць “змрочны” бок роднае мовы, бо колькі можна сьпяваць гімны лесам, рэкам, імхам ды лішайнікам? Мы такое не асуджаем, але гэта заябала ўжо. Ну і мы таксама не бачым сябе вытанчанымі рэлігійнымі дзеячамі, якія б займаліся гаэтычнымі практыкамі пры сьвятле чорных свечак ў дупе. Толькі злое, прымітыўнае ды тупое, як пячорны чалавек, блюзьнерства. Так пераможам.

Вашая лірыка, безумоўна, глыбока антыхрыстыянская. Але ці мае яна месца для сатанізму як рэлігійнага элементу альбо нейкага духоўнага арыентыру? І ці ёсць для яго месца ў вашым штодзённым жыцці? Акрамя таго, ці мае вашая нянавісць да хрысціянства больш-менш канкрэтную абгрунтаванасць, апроч традыцыі Black Metal?

LSZB: У хрысціян тут (Крыўя) шмат дахуя улады, і пры гэтым амаль што няма мозгу. Вядома, мы іх пагарджаем. Што ж датычыцца Сатанізму з рэлігійнага боку позірку… Ведаеш, Сатане, відавочна, сраць на сваіх адэптаў, сраць на секты, сраць на асьвету ды сраць на метал. Ты не патрэбны Сатане мудрым, самастойным ды незалежным. Сатана хоча, каб ты памёр. І мы рэгулярна атручваем сваё цела. Гэта наша ахвярапрынашэньне, гэта наш рытуал.

EP “Sychodžańnie” (2017), ваш першы “афіцыйны” рэліз. Распавядзіце гісторыю яго стварэння. Ці ставіліся перад ім якія-небудзь спецыяльныя ўмовы, якія б адрознілі яго ад дэма?

LSZB: Акрамя злёгку лепшых умоў запісу, ўсё было, як і раней. EP быў, хутчэй, як праца над памылкамі, якія былі дапушчаны ў працэсе запісу дэма. Не магу ўспомніць, чаму “Сыходжаньне” атрымаўся ў фармаце EP, бо па працягласці ў сучасных рэаліях рэліз коціць за паўнафармат, але як ёсць, так ёсць.

 

У аздабленні “Sychodžańnie” ўжыты лагатып “Krywian Metal Hell”. Цікава, што ў аздабленні альбома яго няма (альбо я проста дзяўбуся ў вочы). Якая ідэя стаіць за гэтым лагатыпам?

LSZB: Слоган “Kryŭjan metal hell” прыблiзна апiсвае стан, у якiм мы знаходзiлiся падчас стварэньня / запiсу “Сыходжаньня” – гук ляскаючага металiчнага шторма, што ідзе з-за межаў часоў i прастораў, як ён гучыць у галавах узнаўляючых. Нiчога асаблiва таемнага, трэба разглядаць у сувязi з суседнiм таўром.

Што для вас Крыўя?

LSZB: Магiла. Цемра. Пекла. Тое, што зьнiкла, цi нават не iснавала нiколi. Схаваны манумент, што ўзвышаецца над лясамi й лёсамi, велiчны i жахлiвы ў сваёй сутнасці.

“Sychodžańnie” выбіваецца ўжываннем сэмплаў з беларускамоўнага кіно. Распавядзіце для чытачоў, якія кінастужкі вы выкарыстоўвалі. Акрамя таго, цікава даведацца, якую ролю ў творчасці LSZB грае кіно – гэта проста інструмэнт, альбо нешта большае?

LSZB: Гэта быў фільм паводле Караткевіча, “Маці ўрагану”. Сэмплы як нельга лепш падыходзяць да лірыцы рэлізу, але хто, блядзь, наогул у 2020 годзе з металістаў чытае лірыку? Кінематограф – гэта безумоўна адна з крыніц натхненьня. Добрага кіно – шмат, аднак у наш час яно часцей за ўсё схавана пад заваламі ААА-дзындры ды папулярнага лайна. Але гэта не адзначае, што трэба прыпыняць пошук.

Якія ў вас погляды на цёмную музычную сцэну нашай краіны? Да каго з тутэйшых ставіцеся з павагай?


LSZB: Крыўя ў былыя часы мела вялізны андэграўнд, з піздатымі бандамі накшталт KRUK, ŚMIERCIESŁAŬ, THRASHER, KARACHUN, EXHUMATOR, PATHOLOGIST DEPARTMENT, TORNADO, SEPTIC SCHIZO, BLEEDING, MENTAL ECLIPSE, ROBBED TOMB, S.W.O.R.D., ŠTURM, ВОЎЧАЕ ЛОГАВА i г.д. Зараз усё неяк сумна… З таго, што было добрага ў апошнія часы, ад тых людзей, якіх мы не ведаем, – другі паўнафармат PA VESH EN, ULVKROS, апошні рэліз DOWNCROSS былі годнымi.

Ці існуе магчымасць жывых выступаў LSZB?

LSZB: Паколькі ў нас поўны склад – верагодна, аднак наўрад ці мы будзем дарэчна выглядаць сярод гуртоў, якія звычайна выступаюць тут, ды і для стандартнага мясцовага слухача LSZB глядзець, хутчэй за ўсё, будзе нецікава. Шмат для каго з музыкаў жывыя выступы – галоўнае, дзеля чаго яны наогул icнуюць / граюць, але для нас гэта, з большага, наадварот.

Лічбавы мінік “Lszb” (2019) утрымлівае трэк “Pradbačańnie”, які не ўвайшоў на дэбютны альбом, а таксама кавэр на DEOFEL. Ўласна кажучы, чаму ж гэты трэк застаўся па-за бортам? І з якой нагоды было вырашана запісаць кавэр?

LSZB: Трэк злёгку выбіваўся па якасьці выкананьня ад астатніх. LSZB не запісвае песні кавалкамі і не выкарыстоўвае метраном, і ў “Прадбачаньні”, відавочна, не ўсё сыграна ідэальна ды роўна. Калі альбом апынуўся даўжынёй амаль з гадзіну, мы вырашылі, што гэта неяк вельмі дахуя для такой музыкі, і сталі шукаць песню-кандыдат на выключэньне. Аднагалосна ёй і апынулася “Прадбачаньне”. Што тычыцца кавера, рэлізы Niemarač перыяда пачатку дзейнасці – даволі яркая з’ява на крыўскай сцэне, асабліва другое дэма DEOFEL “Будучыня нявечна”. Мы проста хацелі аддаць даніну павагі мінулым дням ды, у асобнасці, DEOFEL. Некалі яны былі той моцай, з якой трэба было лічыцца.

 

Абяцалася, што “Lszb” выйдзе на касетах абмежаваным накладам, але яму ўжо хутка будзе год. Ці варта яшчэ чакаць і спадзявацца?

LSZB: Рэліз на DIY-касэтах адбыўся неўзабаве пасля лiчбавай версii, але ўвесь наклад быў даволі хутка распрададзены. Стужка першапачаткова планавалася як эксклюзіўны рэліз, таму наўрад ці ў далейшым будуць яшчэ перавыданьні.

“Głoryja Śmierci” (2020): дэбютны паўнафармат. Распавядзіце яго гісторыю. Як я зразумеў, запіс адабраў даволі шмат часу, а пасля таго каля года сышло на рэалізацыю альбома. Чаму ўсё рухалася так павольна?

LSZB: Непасрэдна запіс не адабраў шмат часу, больш часу было ахвяравана на звядзеньне i афармленьне. Таксама недзе на пачатковым этапе стварэньня матэрыялу ў аднаго з удзельнікаў банды адбыліся некаторыя цяжкія зьмены ў жыцьці, што таксама выбіла яго з каляіны і зацягнула працэс складаньня. Сам запіс патрабаваў літаральна дзьве ці тры сесіі, пасля чаго пачаліся доўгія пошукі адпаведнага гуку рэліза.

 

Альбом выйшаў на Godz of War Productions, зноў-ж такі з Польшчы. Чаму вы вырашылі змяніць выдавецтва? Увогуле, супрацоўніцтва з польскімі лэйбламі мае якое-небудзь абгрунтаванне, ці гэта проста збег акалічнасцяў?

LSZB: Так атрымалася, што Paweł вырашыў цалкам сканцэнтравацца на так званым second wave BM (напэўна, пасля посьпеху Gjendød), i ўзаемна парэкамендаваў нас з Godz ov War. Гэта даволi стары падвальны лэйбл, нам падабаюцца некаторыя яго рэлiзы, так што чаму не? Накшталт выключна польскiх выдавецтваў – у нас ужо быў лэйбл з Францыi / ЗША, ды хутка плануецца рэлiз у Чылi, таму гэта проста супадзеньне.

На “Głoryja Śmierci” значна менш хуткіх фрагментаў. Большая частка музыкі мае павольны тэмп і вельмі ўрачысты характар. Чым выкліканая такая змена?

LSZB: LSZB першапачаткова планаваўся як гурт, якi будзе граць ПАВОЛЬНА. I калi ў некаторых сьпевах на дэма ды EP было некалькi рэверансаў у бок старажытнага Thrash Metal (якi мы ўсе вельмi любiм), гэта яшчэ не азначае, што мы адмовiлiся ад гэтай задумы. Гэта наўрад цi змена, гэта той вынiк, да якога мы iшлi. Некаторыя слухачы ўспрынялi наш творчы пошук за канчатковы вынiк i былi расчараваныя – гэта таксама нармальна, бо нельга дагодзiць адразу ўсiм. Што тычыцца ўрачыстасьцi – струк яго ведае, дзе там урачыстасць, уся стужка запiсана ў адной танальнасцi, на дзвюх акордах, i гучыць хутчэй прымiтыўна, чым урачыста.

Я заўважыў, што ўсе вокладкі вашых фізічных рэлізаў намаляваны як быццам у касетным фармаце, вертыкальна. Чаму?

LSZB: Усё проста – гэта фармат палотнаў, на якiх VR пiша ўсе карцiны для LSZB.

Пакуль што над гукам кожнага з вашых запісаў працаваў Аляксей Седзін з Ghostalgy Prods, які зараз жыве ў Парыжы. Чаму вы карыстаецеся яго паслугамі? Не было жадання змяніць гукаінжэнера?

LSZB: Дзіўна, што ў цябе такая інфармацыя. Гук альбому цалкам зроблены сiламi LSZB у iмкненьнi наблiзiць яго да таго, што звычайна можна пачуць на рэпетыцыях. Нас доўга не ладзіў фінальны вынік, таму праца над мiксам, тым лiку перапынкі, доўжылася амаль год. Аляксей, у сваю чаргу, знатна дапамог на першых дзвюх стужках; зрабіўшы велізарную працу над гукам, ён літаральна выратаваў дэма. Сам памяркуй, бубны для дэма былi запiсаны дзвюма мiкрафонамi, гiтары па п’янi апынулiся ў супрацьфазе, i ўсё гэта шчодра запраўлена недасканалай акустыкай бетоннага гаражу. Аляксей – вельмi таленавiты гукарэжысёр, нашы рэкамендацыi.

Ці мае група нейкі глабальны план развіцця, альбо ўся ваша дзейнасць ўсё ж падпарадкоўваецца творчаму запалу?

LSZB: Нiякага выразнага плану няма, усё вельмi “хаацiчэскi”. Калi ёсць нейкiя напрацоўкі – мы рэпетуем або запісваемся. Калi iх няма – мы проста атручваем свае целы ды слухаем цяжкi метал, усё дзеля Сатаны.

Напрыканцы інтэрв’ю, падзяліцеся планамі на бліжэйшыя часы.

LSZB: Калi хочаш рассмяшыць Д’ябла – распавядзi яму пра свае планы. У блiжэйшы час нас чакае толькi чарнавая распрацоука наступнага альбому ды праца над яшчэ адным выданьнем паўнафармата. Ты сам бачыш, што адбываецца ў краіне; можа быць нас наогул усiх расстраляюць нахуй (туды i дарога). Таму планаў няма, але вы трымайцеся там.

Дзякую за адказы і магчымасць паразмаўляць! Па традыцыі, калі ёсць, што дадаць да сказанага вышэй, не сумнявайцеся.

LSZB: Услаўляйце Cатану ды слухайце цяжкi метал!

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *