Год: 2025
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: nö
Тут у нас чарговы выпадак, калі мне даслалі, кхм, музыку, якую я не разумею і не люблю, каб атрымаць водгук ад пабочнай асобы. Ну, трымайце. DZIED, хутчэй за ўсё, створаны тым жа самым хлопцам, які стаіць за сінтовым пражэктам TOPFHELM (ён трохі нагадвае стары PRAGNAVIT, якім ён мог бы атрымацца, калі б Voist нюхаў клей і любіў power electronics). DZIED ёсьць больш змрочнай сутнасьцю: тут нам прапануюць маднейшы Keller Synth.
Калі вы раптам ня ведалі, менавіта гэты стыль, незнарок выдуманы наркаманам з GRAUSAMKEIT, зараз ёсьць найбольш прывабным для моладзі, выхаванай мемчыкамі, ТыкТокам, саўндклаўд-рэпам, фальшывай настальгіяй па часах, якіх яны ніколі не бачылі, “пост-іроніяй” і Майнкрафтам. Можаце біць мяне палкамі за старэчую бурклівасьць, але дэградацыя юнакоў і юначак сапраўды адбываецца на нашых вачах. У 80-х і пачатку 90-х падлеткі стваралі новыя культавыя формы мэтал-музыкі, у сярэдзіне 90-х насычвалі старыя жанры электронікай, на пачатку 2000-х рабілі металкор і ню-мэтал, бліжэй да 2010-х засіралі Сеціва пакаёвым DS”BM”, напрыканцы 2010-х натужна капіявалі LLN, а сёньня, у 2020-х, нарэшце дакаціліся да дна ў выглядзе Keller Synth. Калі ўсё пералічанае патрабавала хоць нейкіх базавых намаганьняў – гітару там купіць, навучыцца торкаць яе ў ноўтбук – то Keller Synth ёсьць сапраўдным падарункам для падлетка з сындромам рассеянай увагі. Набіраеш сэмплаў, генеруеш вокладкі з прыдуркаватымі капялюшамі і грыбамі у Midjourney, засіраеш гук максімальна агідным лічбавым шумам – вось табе і альбом, а то й два-тры адразу! Інтэрвію на канале “Mayhem Quotes” і 15 секунд славы забясьпечаныя. Мабыць, на цябе нават зьверне ўвагу сьмярдзючы недаёбак OLD NICK, які нямала зрабіў для папулярызацыі найгаўнянейшай сінтовай музыкі.
Парадокс у тым, што Мікіта, які стаіць, прынамсі, за TOPFHELM, ёсьць ужо даволі сталым хлопцам, а не якім-небудзь 15-гадовым ёлупам. Таму я не разумею, нахалеру яму ўсё гэта трэба. “Kazki z-pad šybienicy” прыкладна напалову складаецца з тыповага для Keller Synth матэрыялу: жудасная каша наўмысна атанальных сінтэзаваных “гітар” і “бубнаў” з шыпучым вакалам і няўцямным гукам, які, паводле аўтара, запісваўся празь дзядоўскі магнітафон. Штосьці тут разбіраць не мае сэнсу. Мабыць, для неафіта, які адразу з дзьвюх ног зайшоў у Keller Synth і Tanzelcore, гэта гучыць як задумана: няўтульна, страшна, магічна і гэтак далей. Для мяне гэта гучыць як сьмяхотная спроба награць мэтал, не маючы пад рукой нічога, акрамя таго самога дзядоўскага магнітафона ды 20-рублёвага сінтэзатара з дыскаўнтэра “Светофор”.
Другую палову матэрялу складае тое, што сапраўды нагадвае музыку. Чуваць, што чалавек сапраўды ўмее пісаць мэлядычныя, адэкватныя пасьлядоўнасьці. Але чамусьці марнуе свой час на бессэнсоўны стыль, у якога, у чым я на сто адсоткаў упэўнены, няма будучыні. Калі б узяць той жа самы TOPFHELM, ды вось гэтыя фрагмэнты з DZIED, і ўсё гэта перапісаць у выглядзе чалавечага фолк-эмбіента з сапраўднымі інструмэнтамі, была б зусім іншая гісторыя. У Беларусі зараз такой музыкі моцна бракуе. А келерсінт ёй папросту не патрэбны.
“Kazki z-pad šybienicy” быў выпушчаны накладам у 15 асобнікаў на pro-tape з якаснай укладкай. Тэкстаў унутры няма, але іх і так збольшага чуваць. Унутры ўсё ў кіслотна-ружовым колеры, па цэху, як гаворыцца. Падрабязнасьці на відэа. Калі сярод чытачоў Bagnik Zine раптам ёсьць вычварэнцы аматары Keller Synth, падтрымайце пражэкт. Калі ўжо купляць, дык беларускае!
P.S. Дзеля папярэджаньня моладзі пра дэструктыўныя паводзіны прыкладаю ніжэй фота B.s.O.D.’а, бацькі Keller Synth, пасьля чарговае адсідкі. Паглядзіце, да чаго даводзіць гэты стыль! Яшчэ не запозна апамятацца і зьвярнуцца да здаровых, традыцыйных рэчаў – пакланеньня Д’яблу, гітлерызма, бегу па рэйках на падвесных чыгуначных мостах… Задумайцеся!




