121-ы выпуск кароткіх аглядаў.
NIGHTWALKER – The Eternal Flame of Death
Год: 2025
Выдаўца: Amor Fati Productions
Рэйтынг: 5 / 10
Новы EP германскага one-man band. Усе тэхнічна-эстэтычныя моманты тут на высокім узроўні. Змрочнае гучаньне знаходзіцца пад відавочным уплывам BURZUM. Бяда толькі ў тым, што тут цалкам адсутнічае хоць самы слабенькі намёк на арыгінальнасьць і цікавыя моманты. Гэты EP роўнай лініяй уваходзіць у адно вуха, выходзіць у другое, а ў выніку не застаецца нічога.
IMPERIALIST – Prime
Год: 2025
Выдаўца: Transcending Obscurity Records
Рэйтынг: 3 / 10
Штатаўскі гурт з паскуднай назвай IMPERIALIST увасабляе ў сабе нямала сумных аспектаў сучаснага экстрэмальнага мэталу. Гэта жахлівы крызіс ідэнтычнасьці, зьмяшаны з глыбокім гаўнарствам. Хлопцы, відавочна, хацелі ўліцца ў струмень тэхнічных Death Metal-гуртоў з НФ-тэматыкай. Адсюль і назва – не таму, што яны імперыялісты, а таму, што тэхнічны Death Metal-гурт абавязаны мець назву, што сканчаецца на -ist. Але тэхнічнасьці ім бракавала, таму яны сталі граць прасьцей, а каб надаць сабе сур’ёзнасьці, абазначылі сябе як Black Metal. Нахабству гэтых цыркачоў можна толькі пазайздросьціць, бо аніякім Black Metal тут не пахне, яго тут ані каліва, ані кроплі. Зразумела гэта нават па зьнешнім выглядзе гурта. Музыка трохі нагадвае NECROPHOBIC, DISSECTION ды іншых мэлядычных швэдаў, але гэта нічога не значыць. Празь бадзёрасьць яна ўспрымаецца лепей за вышэйапісаны NIGHTWALKER, і гэта яе адзіны плюс. Песьні, зноў жа, нецікавыя, на НФ-тэматыку не кладуцца ад слова зусім. Нарэшце, апошнім цвікам у века труны ёсьць поўны набор недарэчнага мерчу, сярод якога можна знайсьці шорты з лёгатыпам IMPERIALIST. Black Metal? Здрыснулі нахуй. Ведайце сваё месца.
GROG – Sphere of Atrocities
Год: 2025
Выдаўца: Helldprod Records
Рэйтынг: 7 / 10
GROG ёсьць вельмі старой партугальскай бандай, якая з 1991-га году зьмешвае Death Metal і грайндкор. Я ніколі не быў аматарам гэтага стылю, таму не магу сказаць, як выглядае “Sphere of Atrocities” на тле клясычных плытак. Але з свайго недасьведчанага гледзішча з задавальненьнем адзначаю, што альбом слухаць цікава. Ён ня толькі вельмі агрэсіўны і напорысты, але й у нейкім хваравітым сэнсе тэхнічны. Тут нямала гітарных прыёмаў, якія я раней ня чуў. Таксама я не знайшоў на альбоме ўсёй гэтай вулічна-хардкорнай хуеты, якую ненавіджу ў музыцы DYING FETUS, напрыклад. GROG перш за ўсё Death Metal-гурт, а астатняе толькі ўзбагачае іхны саўнд.
NECROMANIAC – Sciomancy, Malediction & Rites Abominable
Год: 2025
Выдаўца: Invictus Productions
Рэйтынг: 7 / 10
Олдскульны мэтал (“morbid metal”, як гэта называе сам гурт) з Англіі, які не гучыць як гаўно, ня ёсьць фальшыўкай і ня пукаецца ад уласнай прэтэнцыёзнасьці? Няўжо?! Хтосьці ў лесе здох! Але хутка высьвятляецца, што цуда не здарылася, бо падчас стварэньня “Sciomancy…” аніводны ангелец не пацярпеў. Гурт складаецца з грэка Александраса (MACABRE OMEN, ex-SCYTHIAN), гішпанца Sadistik Fornicator’а, паляка Vlad’а і швэда Карла (NIGHTBRINGER). За запіс, фотаздымкі ды іншае адказвалі ірляндцы, палякі і італьянка. Калі б не мастэрынг ад Грэга Чандлера, альбом увогуле стаў бы на 100% залішаным ангельскае прысутнасьці, бо выпусьцілі яго ў Ірляндыі.
Што датычыцца музыкі, то вызначэньне “morbid metal” ёсьць вельмі трапным. Гэта гукавая і эстэтычная сумесь асноўных экстрэмальных жанраў, зробленая з поўным разуменьнем. Песьні не тое каб уражваюць, але маюць пэўную глыбіню. Асабліва тыя, дзе бярэ ўдзел вакаліст CULTES DES GHOULES. Усё сур’ёзна, прыдуркаватасьці няма. Дынаміка, зноў жа, на месцы. У некаторых фрагмэнтах альбом пачынае моцна нагадваць клясычных MASTER’S HAMMER. Варта слухаць.
P.S. Які ж гэта яскравы прыклад прорвы, што ляжыць паміж сьвядомасьцю правільных артыстаў і сцэнічных турыстаў. У творчасьці NECROMANIAC, якія нават не называюць сябе Black Metal, гэтага самага Black Metal невымяральна больш, ніж у цукерках з гаўном ад IMPERIALIST.
SCHEUSAL – Urwahn
Год: 2025
Выдаўца: Purity Through Fire
Рэйтынг: 5,4 / 10
Добры артворк – важнейшы элемент, які заўсёды станоўча ўплывае на ўспрыманьне альбома і прыцягвае дадатковую ўвагу. Вось, напрыклад, “Urwahn” я вырашыў паслухаць толькі дзякуючы вокладцы ад Warhead Art. На жаль, альбом выявіўся кволым, але прынамсі я магу вам пра гэта распавесьці, і хтосьці ўсё адно ім зацікавіцца – ужо карысьць! SCHEUSAL грае прымітыўны цёмны мэтал, у якім роўную сілу маюць нямецкі нацыянальны і глябальны панкаўскі прысмакі. Голас, прапушчаны скрозь гарманайзер (ня ведаю, хто першы гэта прыдумаў, але гэтага чалавека трэба ўкрыжаваць у павучаньне астатнім – што за мярзотная ідэя!), рэзкі і засраны шумамі гітарны саўнд, рытм-сэкцыя ў стылі ILDJARN. Знаёмая формула. У таленавітых руках яна можа падарыць вам ACWEALD, а ў іншым выпадку… ну, напрыклад, SCHEUSAL. Я ня ведаю, што можа даць гэты пражэкт, акрамя непрыемнага адчуваньня сырасьці. Раньні BILSKIRNIR, да якога SCHEUSAL моцна падобны, быў значна крывейшы, затое й разнастайнейшы. Не кажу нават пра ідэйную наладаванасьць. Як і першыя два альбомы ў гэтым выпуску Бліца, “Urwahn” свайго кшталту фаст-фудам для экстрэмалаў. Яго можна праглынуць з галадухі, але выбар музыкі навокал настолькі багаты, што марнаваць свой час на такую плытку я б не параіў.



