Рэцэнзія: FAUSTBRUHIEL / PESTILENTIA – Šlach u zabyćcio

Год: 2025
Выдаўца: Skon
Рэйтынг: 7,5 / 10

Падтрымка маладых гуртоў старымі, а тым болей тымі, што маюць моцную рэпутацыю, заўсёды была важнай справай у андэграўндзе. FAUSTBRUHIEL ёсьць адной з маладых надзей крыўскага андэграўнда, і за няпоўныя тры гады існаваньня яны пасьпелі выдаць ужо тры рэлізы, у тым ліку паўнавартасны альбом “Клёкатам крумкача над ланцугом магіл”, натхнёны, відавочна, тэўтонскімі музычнымі экзэрсісамі. Маім меркаваньнем, з альбомам яны трохі пасьпяшаліся, бо гучаў ён даволі кепска і нястала, хоць і меў за сабой вартыя ўвагі задумкі. Новы спліт, ды не абы з кім, а з PESTILENTIA, гучыць ужо як больш сур’ёзная заява.

Для “Šlach u zabyćcio” гурты аддалі па адным эксклюзіўным трэку. Масавы слухач ня любіць спліты і міні-альбомы, асабліва такія ляканічныя, бо часьцей за ўсё туды трапляюць усякія адкідкі, якія няма больш куды засунуць. Але на самой справе малая форма можа даваць магутныя вынікі, калі ставіцца да яе з павагай. Трэк FAUSTBRUHIEL “Kroŭ u styłym pavietry” доўжыцца больш за 8 хвілін, трэк PESTILENTIA толькі секунд на 30 карацей, і абодва ёсць завершанымі, паўнакроўнымі творамі. У FAUSTBRUHIEL адразу заўважаеш прынцыповую перамену ў якасьці гучаньня. Хутчэй за ўсё, хлопцы пісаліся на “Яме” з дапамогай старэйшых таварышаў, таму тут усё жывое, выразнае і мэталічнае, без усякіх асаблівасьцяў аматарскага лічбавага запісу. Рэзкі, правільны Black Metal-гук без залішніх эфектаў, які ў ангельскае мове абазначаюць тэрмінам “stripped-down”. Сама песьня таксама выкананая ў лепшых крыўскіх традыцыях; тэўтоншчына засталася ў мінулым. Тут ёсьць злосны сярэднятэмпавы рыф, хуткія трэмольна-бластбітныя фрагмэнты, мэлянхалічныя сольныя партыі. Слухаецца вельмі няблага. Зрэшты, гэта ўсё ж не Black Metal, бо лірыка тут паганская, хоць і напісаная ў стылі, які моцна нагадвае KRUK. Нават на ўкладцы яна надрукаваная “рунічным” шрыфтам. Як кажуць, заімглёныя далі прыносяць успаміны… не самага прыемнага кшталту. Буду спадзявацца, што зь цягам часу хлопцы кінуць усю гэтую славяншчыну і зьвярнуцца да значна больш зацьмененага, затое натуральнага пласту крыўскага паганства.

“Shadows Dance” ад PESTILENTIA ёсьць, калі я верна зразумеў, першым у гісторыі запісам гурта, у якім (толькі па лягістычных прычынах) не браў удзел Plague666. Затое за бубны зноў сеў Яўген Ігнатаў, які не граў на папярэднім спліце. Трэк PESTILENTIA гучыць вельмі “прывідна”, як быццам там зусім няма басу. Форма ў яго цалкам традыцыйная: высокая хуткасьць, бласт-біты і трэмольныя рыфы, якія за адсутнасьцю Plague666 набралі ў сябе скандынаўскага марозу. Досьлед з выкарыстаньнем клявішных на альбоме “Heralds of Anguish”, відавочна, спадабаўся гурту, бо “Shadows Dance” таксама мае клявішныя партыі з высокім “касмічным” гучаньнем, награныя старым сябрам нашае сцэны – Сергіям з MØRKT TRE і PRAGNAVIT. Тут нават ёсьць клявішная інтэрлюдыя пад гукі ветру, чаго PESTILENTIA раней сабе ніколі не дазвалялі. Фінал трэка атрымаўся, не пабаюся гэтага слова, драматычным. Вельмі моцная рэч. І, што галоўнае, яна яшчэ лепей працуе ў тандэме зь песьней FAUSTBRUHIEL.

Вокладку для спліта намаляваў Vaiug. Дызайн выканаў Greek Design. Разам з касэтай пастаўляецца буйны флаер, на якім можна ўбачыць вокладку ў больш буйным памеры, а таксама знайсьці рэквізіты мастака, дызайнера і лэйбла. Падрабязнасьці на відэа. Я ведаю, што першы наклад касэтаў ужо распрадаўся, але ў бліэйшыя дні прыедзе другі, таму карыстайцеся магчымасьцю – вечна іх дадрукоўваць ня будуць.

FAUSTBRUHIEL & PESTILENTIA - Šlach u zabyćcio

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *