Рэцэнзія: ПРОЦЕССОР – Thanatophobia

Год: 2025
Выдаўца: Metal Race Records
Рэйтынг: 6 / 10

ПРОЦЕССОР ёсьць вельмі старым гуртом з Хабараўска. Існуе ён з 1992-га году і карыстаецца папулярнасьцю збольшага на далёкім усходзе. Яшчэ большую папулярнасьць меў басіст / вакаліст Сяргей Какорын, які быў вядоўцай музычнай рок-перадачы “Драйв”. У 2024-м Сяргей памёр ад рака.

ПРОЦЕССОР выдавалі дэма ў 1992-м і 1993-м гадах, але, насуперак сваёй традыцыі, Metal Race не стаў іх перавыдаваць. Двухдыскавы зборнік, які я сёньня разглядаю, зьмяшчае больш сьвежы матэрыял: англамоўную вэрсію альбома “Thanatophobia”, расейскамоўную вэрсію гэтага ж самага альбома, а таксама EP “Взрослые Дети Тяжелого Рока”. Альбом запісваўся з 1997-га па 2002-і гады, EP з 2007-га па 2014-ы. Запісы, у лепшых традыцыях раньняга постсаўка, рабіліся на студыі тэлерадыёкампаніі (відавочна, дзякуючы сувязям Сяргея). І, напэўна, празь гэта увесь матэрыял гучыць адпаведна, нават “Взрослые Дети…”. Не пачытаўшы буклет, я б ніколі не здагадаўся, што гэта музыка была зробленая, гэтак бы мовіць, у XXI стагодьдзі.

ПРОЦЕССОР граюць тэхнічны Thrash / Death Metal зь невялічкімі прагрэсіўнымі элементамі. Трэба адзначыць, што гэта ўсё ж сапраўдны мэтал, а ня гейшчына ў стылі CYNIC. Тут няхай бы сабе ня надта страшны, але ўсё ж экстрэмальны вакал. Галоўная роля адводзіцца рыфам, а “высокакультурныя” аранжыроўкі разьмяркоўваюцца па рэшткавым прынцыпе. Ёсьць нават кавэр на SLAYER. Карацей, ПРОЦЕССОР усё ж ёсьць мэталістамі, а не фанабэрыстымі джазмэнамі, якіх “ніхто не разумее”.

Тым ня меней, “Thanatophobia” пакінула мяне абыякавым. Раскідзісты стыль кампазыцый гурта стварае эфект лапікавага коўдра, што даволі часта здараецца ў тэхнічных стылях. Большасьць зь іх ня ёсьць песьнямі; гэта збор адрэзкаў, злучаных паміж сабою. Праслухаўшы альбом, я не магу сказаць, што дзесьці там ёсьць моцны трэк, які мяне ўразіў. Увесь матэрыял успрымаецца як калекцыя дэталяў для нейкага мэханізма: высокаякасных, надзейных, вырабленых умелымі майстрамі. Але незразумела, які мэханізм у выніку зь іх складаецца. “Взрослые Дети…” ў гэтым пляне адрозьніваецца, аднак адначасова ў лепшы і горшы бок. Песьні тут больш пасьлядоўныя, але й дурнейшыя, бо мужыкоў, як заўсёды, папёрла ў гідотны “груў”. Ды й на расейскай мове ПРОЦЕССОР гучаць вельмі няўдала. Ад некаторых фрагмэнтаў патыхае чарназёмным такім, клясычным гаўнарокам. Яшчэ мяне моцна напружыў тэкст да трэку “Братья”. Не магу назваць яго адназначна ватным, але ў любым выпадку ён адразу прыводзіць на розум слынны міні-комікс пра псыхоляга. ХАБАРАЎСК, ХАБАРАЎСКІ КРАЙ! Літаральна мяжа з Кітаем, а яны пішуць песьні пра тое, што там дзеецца ў 6 з паловай тысячах кіламетраў.

Фізічнае выданьне ад Metal Race, як я ўжо сказаў, выйшла ў джэвэле з двума дыскамі. У раскладным буклеце можна знайсьці фотаздымкі, афішы, англамоўныя тэксты да альбому ды біяграфію гурта, напісаную спачылым вакалістам. Падрабязнасьці на відэа.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *