111-ы выпуск кароткіх аглядаў.
AZKETEM – Azketem
Год: 2024
Выдаўца: Darkness Shall Rise Productions
Рэйтынг: 7 / 10
Прыстойны цёмны мэтал з Германіі. Вельмі атмасфэрны і нетаропкі, з глыбокім гучаньнем ад легендарнага Торэ Сьцерны, і, што галоўнае, вытрыманы ў пасьлядоўна сумным і спакойным стылі, без непатрэбных выбухаў агрэсіі.
NIGHTSIDE – Death from the North
Год: 2024
Выдаўца: Purity Through Fire
Рэйтынг: 7,5 / 10
Гэта другі альбом старога фінскага гурта (заснаванага ажно ў 1996-м, але быўшага на перапынку з 2004-га па 2021-ы), адметнай асаблівасьцю якога ёсьць вакаліст Еры Курунен aka Rauta – адзін зь нешматлікіх ютуб-блогераў па мэтале, на якіх прынамсі не сорамна глядзець. NIGHTSIDE граюць моцны старамодны Black Metal з марозным духам і апакаліпсічнай мэлёдыкай у старашвэдзкім стылі (але й не без традыцыйнай фінскай мэлянхоліі). Усё тут як мае быць – пасьлядоўныя лініі рыфаў, бласт-біты, трохі злавесных клявішаў і злосны голас Курунена. Вельмі добра.
PROFANATION – Skull Crushing Violence
Год: 2023
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 7,9 / 10
Магутны дэбютны EP ад французкага гурта, дзе грае вельмі правільны (прынамсі з творчага пункту гледжаньня) дзядзька Kev Desecrator (SÉPULCRE, DESTRÖYER 666, ex-PERVERSIFIER, VENEFIXION). Музыка тут знаходзіцца дзесьці паміж BLACK WITCHERY і нашымі LJOSAZABOJSTWA, і ўсё гэта апаганена (у добрым сэнсе) панкаўскай брудотай і прастэчай музычных канструкцый. У буркатаньні баса і ляску талерак ёсьць нешта такое вельмі мужчынска-жывёльнае, ад чаго хочацца ЕБАШЫЦЬ. Ну, зрэшты, назва рэлізу якраз пра гэтае, таму ўсё лягічна.
MISERERE LUMINIS – Ordalie
Год: 2023
Выдаўца: Sepulchral Productions
Рэйтынг: бяз рэйтынгу
Паралельны пражэкт франкамоўных канадцаў з SOMBRES FORÊTS і GRIS, дзе яны граюць усё тое ж самае – атмасфэрны мэтал на мяжы гістэрыкі, ад якога, па задумцы аўтараў, слухач мае разьдзіраць кашулю на грудзях і заломліваць рукі, прасякнуўшыся шчырымі сардэчнымі пакутамі. На жаль, на мяне ўсе гэтыя квэбэкскія вытанчанасьці ніколі ня дзейнічалі. Загалоўны трэк на альбоме GRIS “Il était une forêt…” – гэта ўсё, што калі-колечы мяне кранала. Ну, і яшчэ AKITSA месцамі, але там зусім іншая тэма. Таму ацаніць “Ordalie” мне цяжка. Хутчэй за ўсё, фанатам спадабаецца. Прынамсі з гукава-кампазыцыйнага гледзішча альбом сапраўды вельмі якасны.
MOON INCARNATE – Hymns to the Moon
Год: 2024
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 7 / 10
Дэбютны альбом германа-штатаўскага гурта MOON INCARNATE прасоўваецца як чарговы нашчадак “Тройцы Peaceville”, але, як і ва ўсіх падобных выпадках, MOON INCARNATE падобныя да іх у той жа ступені, як увесь Black Metal падобны да MAYHEM, DARKTHRONE і BURZUM. То-бок, гэта сапраўды дэт-дум клясычнага ўзору… ну і ўсё. Якасны і разнастайны, і нават па-шчыраму цяжкі, з пэўнай дозай неабходнага дысторшну на гітарах. Тэксты, зноў жа, даволі цікавыя і добра спалучаюцца з музыкай. Аднак, як і ў выпадку з канадцамі, думавыя альбомы рэдка мяне кранаюць. 90% зь іх гучыць аднолькава. Таму большая частка “Hymns…” праходзіць мяне наскрозь або абмінае… але не ўся. Напрыклад, трэк “Nemesis” – гэта той выпадак, калі сабакамі падшыты прэс-рэліз раптам атрымлівае падмурак, бо гэтая песьня сапраўды гучыць як PARADISE LOST ці KATATONIA сярэдзіны 90-х, толькі зь вялікімі яйцамі. Вельмі ўдалы кантраст паміж цяжкімі малаточнымі рытмамі і чыстагалосай готыкай – здымаю капялюш!