Без залішніх прадмоваў прапаную да вашай увагі маю невялікую размову з легендарным Даласам Толер-Уэйдам, былым вакалістам / гітарыстам NILE, які цяпер займаецца нарэзкай жалеза ў сваім уласным гурце NARCOTIC WASTELAND.
Вітаю, Далас! Як зазвычай, давай распачнем з даўніх спраў. Задоўга да Nile ты быў часткай гурта Teratosis разам з Эдвінам Ронам, які таксама потым узяў удзел у Narcotic Wasteland. Вы запісалі адно ці два студыйных дэма, але празь некалькі год гурт распаўся. Можаш расказаць, што за гурт быў гэны Teratosis і чаму ён не спрацаваў?
Далас: Мы былі даволі неблагім Death Metal-гуртом! А здарылася зь ім тое, што звычайна здараецца з большасьцю маладых гуртоў. Людзі пайшлі рознымі дарогамі.
Напачатку 90-х death metal-сцэна Флёрыды, несумненна, была наймацнейшай у сьвеце. Але ты пачынаў у Паўночнай Караліне, што амаль у 1000 кілометраў ад Тампы. На што была падобная сцэна Паўночнай Караліны ў той перыяд?
Д: Напрыканцы 80-х і напачатку 90-х там было даволі някепска. У Ролі па-ранейшаму цудоўная мэтал-сцэна. Я бачыў там мноства Death Metal-гуртоў, якія цяпер ёсьць клясычнымі.
Паміж Teratosis і тваім далучэньнем да Nile мінула багата часу. Чым ты займаўся ў той перыяд?
Д: Я граў у сваім гурце пад назвай Dukallian. Потым ён таксама разваліўся, і мы з Эдам стварылі пражэкт DHB. У сярэдзіне 90-х колькасьць месцаў, дзе можна было граць, зьменшылася, і нашыя магчымасьці пачалі вычэрпвацца.
Ужо будучы ўдзельнікам Nile, ты далучыўся да Lecherous Nocturne і нават граў на бубнах на іхным першым альбоме. Але надоўга ты не затрымаўся, бо, як я разумею, Nile патрабаваў усё больш часу. Я чытаў, што ты пачынаў сваю кар’еру як бубнач; чаму ты больш не граеш на ударных? Ці пішаш ты ўдарныя партыі для сваіх новых песьняў?
Д: Так, зазвычай я пішу партыі бубнаў сам. Але я заўсёды адкрыты для прапаноў! Мы з Джо нядаўна стварылі песьню для наступнага альбома. Ягоныя ідэі былі проста бліскучыя.
Lecherous Nocturne выглядаюць вельмі блізкімі да Nile, бо ажно пяць удзельнікаў гэтага гурта ў той ці іншы час гралі ў Nile. Іхны сучасны вакаліст Зак Джэтэр сьпявае і грае на гітары ў Nile проста зараз. Як усталяваўся гэты зьвязак?
Д: Абодва гурта паходзяць з той жа самай мясцовасьці, і ў пэўны час яны праводзілі рэпетыцыі ў тым жа самым памяшканьні. Мы ўсе даўно ведаем адзін аднаго. Я па-ранейшаму часта гутару з Крайшлёфам. Яны свойскія і вельмі таленавітыя хлопцы.
У Nile і Narcotic Wasteland ты адначасова граеш на гітары і сьпяваеш. Гэта мае быць страшэнна цяжка, дык як ты гэта робіш, ці ёсьць тут нейкі хітрык? 🙂
Д: Я папросту раблю гэта вельмі даўно. У маёй першай бандзе мы рабілі кавэры на рэчы кшталту “Battle Angles” ад Sanctuary. Сам ня веру, што мог сьпяваць настолькі высока! Калі тут і ёсьць нейкі хітрык, то толькі адзіны – практыка, практыка практыка.
Гурт Narcotic Wasteland быў створаны ў 2011-м, калі ты яшчэ граў у Nile. Улічваючы тое, што NW і Nile гучаць даволі падобна, прынамсі на базавым узроўні, зь якой прычыны ты вырашыў стварыць гэты пражэкт? І ці твой гэта пражэкт увогуле? Бо я памятаю, што ў той час некаторыя СМІ называлі яго гуртом Эдвіна Рона, але я ня ведаю, ці праўда гэта.
Д: Гэта мой гурт з самага пачатку. Але, шчыра кажучы, ён распачынаўся як пражэкт, пра які я размаўляў з Эдвінам. Мы некалькі гадоў абмяркоўвалі яго ў мэсенджары і дзяліліся сырымі варыянтамі песьняў.
Першыя два альбомы Narcotic Wasteland прысьвечаныя пагрозам злоўжываньня рознымі рэчывамі, такімі як алкаголь, наркотыкі і г.д. Гэта даволі незвычайна для мэтала, і я падтрымліваю гэтую ідэю, бо сам жыву чыстым жыцьцём без усяго гэтага гаўна. Але чаму гэтая тэма настолькі важная для цябе, асабліва ўлічваючы той факт, што ў перыяд першага альбому ты ссаў піва літрамі (я бачыў гэта на ўласныя вочы, ха-ха)?
Д: Я хацеў закрануць непрыемныя пытаньні залежнасьці асобы ад пэўных рэчываў. Але мы таксама гаворым пра злачынствы і крывадушныя рэлігіі гэтага сьвету. Насамрэч я проста намагаюся кінуць у твар слухачу ўсе паскудныя рэчы, што існуюць у гэтым жыцьці. Для мяне гэта сапраўдны Death Metal!
Ці існуе нейкая сувязь паміж тваім сыходам з Nile і ўдзелам у Narcotic Wasteland? Ці можаш ты распавесьці больш пра тое, як ты пакінуў Nile? Паводле таго, што я чытаў у той час, усё выглядала не настолькі гладка, як намагаўся паказаць мэнеджмэнт Nile, і насамрэч цябе папросту выгналі.
Д: Мяне не выганялі. Я пакінуў гурт пасьля фэсту “Summer Slaughter” з мноства прычын. Збольшага таму, што для мяне настаў час заняцца іншымі справамі. Мой сыход з Nile не мае дачыненьня да Narcotic Wasteland. Хацелася б спытаць, дзе ты ўсё гэта прачытаў, ха-ха [каб я сам памятаў! – F1sher16].
Ці сочыш ты за Nile пасьля свайго сыходу? Маім меркаваньнем, яны шмат чаго страцілі. На навейшым альбоме яны пасьпяхова эмулявалі твае рытмічныя рыфы і вакальныя прыёмы, але я сумняваюся, што можна навучыцца твайму навыку стварэньня “хітовых” песьняў.
Д: На самой справе, вакальнымі аранжыроўкамі ў Nile займаўся Карл. Потым мы вырашалі, хто лепей прасьпявае тую ці іншую частку. Для песьняў, якія пісаў як, Карл накідваў лірыку, а я падбіраў вакальныя аранжыроўкі.
Наколькі мне вядома, Nile ёсьць прафэсійным гуртом. З Narcotic Wasteland тое ж самае, ці ў цябе ёсьць рэгулярная праца?
Д: Ёсьць, і я меў тую ці іншую працу, калі быў удзельнікам Nile. Але нічога доўгатрывалага.
Дэбютны альбом Narcotic Wasteland вы выдалі самастойна. Гэта было сьвядомае ці вымушанае рашэньне? Маім меркаваньнем, настолькі вядомы музыка, як ты, можа лёгка найсьці сабе выдаўцу.
Д: Я хацеў паспрабаваць зрабіць усё сам. Перш чым падпісаць угоду з MRI distribution, мы прадавалі альбом у лічбе праз DistroKid, што, дарэчы, было вельмі выгадна!
Гэта можа быць працягам папярэдняга пытаньня, але я заўважыў, што ты намагаешся заставацца як мага больш незалежным і самастойным. Narcotic Wasteland дае мноства маленькіх канцэртаў у клюбах, ты працуеш ва ўласнае студыі, сам адказваеш за свой гук, сам возіш гурт па краіне на аўтамабілі, і гэтак далей. Я ведаю, што некаторыя старыя гурты кшталту Deicide таксама працуюць гэткім чынам у мэтах эканоміі, але яны па-ранейшаму спадзяюцца на свой лэйбл і канцэртных агентаў, а Narcotic Wasteland абірае DIY на ўсіх узроўнях. Зноў жа, гэта выбар або вымушанасьць?
Д: На самой справе, у нас ёсьць агент. Я б сказаў, што я ня надта моцна думаю пра гэткія рэчы. Я люблю мой гурт і тое, што мы робім. Над ўсім, што я калі-кольвек рабіў, я заўсёды вельмі цяжка працаваў. І я люблю кіраваць аўтамабілем! За гады я аб’езьдзіў гэтую краіну ўдоўж і ўпоперак тысячу разоў, і ўсё адно кожны раз адчуваю палёгку, калі выпраўляюся ў дарогу. Але гэтак існуе большасьць андэграўндных гуртоў. Шмат у чым я лічу сябе барбарам. Я люблю жыць, а ня проста існаваць. Дадамо, што кожны, хто хоча заставацца актуальным на гэтай сцэне, АБАВЯЗАНЫ мець магчымасьць запісвацца самастойна. У мяне невялікі набор студыйнага рыштунку, але ён ВЕЛЬМІ моцны.
Ці выступаў ты з Narcotic Wasteland дзесьці, акрамя ЗША?
Д: Мы некалькі разоў гралі ў Канадзе, а ў чэрвені паляцім у Эўропу.
У адрозьненьні ад большасьці музыкаў твайго веку, ты вельмі актыўны ў сацсетках, кіруеш адразу некалькімі старонкамі, увесь час посціш розныя аб’явы, анонсы і відэапаведамленьні. Табе падабаецца больш непасрэдны варыянт камунікацыі з фанатамі?
Д: Так, бадай, мне гэта падабаецца ўсё больш! Мая жонка таксама вельмі моцна дапамагае з сацсеткамі і маім графікам. Мы – найвялікшыя фэны адно аднаго! Я намагаюся заставацца як мага больш дзейным у гэтым накірунку. І так, гэта вельмі прыемна, калі людзі актыўна камэнтуюць усё гэта і ставяць “падабайкі”!.
На другім альбоме вы падпісалі ўгоду з легендарным выдавецтвам Megaforce Records. Як гэта адбылося?
Д: Наш агент дапамагаў распаўсюджваць музыку NW, і з усіх лэйблаў, якія выказвалі да нас цікавасьць, Megaforce зрабілі найбольш слушную прапанову. Найцудоўнейшыя людзі!
У складзе Narcotic Wasteland было ўжо вельмі шмат зьменаў. Твой стары таварыш Эд Рон сыйшоў пасьля другога альбома. У чым прычына гэткіх частых перамен?
Д: На самой справе, Эд па-ранейшаму ў складзе, але ня можа езьдзіць у туры праз праблемы з здароўем. Што датычыцца астатніх, я магу толькі сказаць, што большасьць музыкаў ёсьць прыпізжанымі і ненадзейнымі гаўнюкамі. Я моцна ганаруся нашым сучасным складам. ГЭТА сапраўдныя Narcotic Wasteland. Кенджы – выбітны басіст! Гэта першы раз, калі я ня мушу “дапрацоўваць” за басіста, бо зазвычай яны не пасьпяваюць выканаць сваю дамашнюю работу. Джо Говард на дадзены момант ёсьць найбольш трывалым бубначом у гурце. Таксама Джо ЗНААААААЧНА лепшы і крэатыўнейшы на іншых бубначоў. І яшчэ ён фантастычна піша тэксты! Аднак мы адначасова працуем з Эрыкам Шультэкам, чые бубны і песьні таксама прагучаць на трэцім альбоме. Эрык застаецца бліскучым артыстам, за мінулыя гады мы зь ім запісалі некалькі забойных трэкаў.
Я заўважыў, што CD “Delirium Tremens”, выданы праз Megaforce, мае бонус-трэк “Anthem For The Mentally Scarred (1994 Version)”. Гэта штосьці з эпохі Teratosis, ці гурт Narcotic Wasteland насамрэч значна старэйшы, чым мы думалі?
Д: Гэтую песьню я напісаў у 1994-м для свайго гурта Dukallian. Яе тэкст мае для мяне вялікае значэньне, таму я перапрацаваў яе ў 2011-м пад цалкам новую музыку. Потым я вырашыў дадаць першапачатковы стары варыянт на дыск у якасьці бонуса.
Пасьля двух альбомаў вы пачалі працаваць па новай сістэме. З 2022-га вы выдалі 5 сінглаў. Два зь іх атрымалі лірык-відэа, яшчэ тры – паўнавартасныя відэакліпы. Табе падабаецца здымацца ў відэакліпах? То-бок, гэта ж цяжкая праца, і забаўна, што Nile (маючы значна большыя бюджэты) вельмі рэдка выпускалі відэакліпы.
Д: Ты ня думай, што ў Nile былі такія ўжо вялікія бюджэты, ды і ўвогуле хоць якія бюджэты. Але я не магу сказаць нічога пра справы Nile пасьля майго сыходу, бо з таго часу я намагаюся быць як мага больш плённым з маёй сучаснай бандай. Нам моцна падабаецца рабіць відэа! Звычайна мы ўвесь час рагочам і непрыстойна жартуем. Відосамі займаецца Кенджы, які мае належны рыштунак і выдатна ўмее ім карыстацца. Таму мы здымаем кліпы самастойна. Мне падабаецца, што мы настолькі незалежныя і ўсё можам рабіць учацьвярох.
Я заўважыў, што тэксты на гэтых сінглах маюць іншую тэматыку. Яны больш сацыяльныя і асабістыя. Ці ёсьць у вас пляны на новы альбом? Калі ёсьць, ці будуць тэксты значна адрозьнівацца ад папярэдніх?
Д: Так!!! Новы альбом моцна затрымаўся, але выйдзе дзесьці ў 2025-м. І так, я не хачу быць у гурце, які ўвесь час сьпявае пра тое ж самае. Зразумела, першапачатковая ідэя нікуды не зьнікне. Але, як я заўсёды кажу ў інтэрвію, Iron Maiden пішуць песьні ня толькі пра “Жалезную Дзеву”, верна? Немала слухачоў ужо сказала мне, што мае песьні дапамаглі ім вытрываць цяжкія моманты жыцьця, і гэта найлепшы камплімент для мяне!
Ты бываў у Беларусі прынамсі два разы. Першым разам у 2012-м, падчас тура Nile / Kreator / Morbid Angel. Тая ноч была шалёнай, бо праз забастоўку польскіх мытнікаў гурты прыбылі з вялікім спазьненьнем. Канцэрт пачаўся ў 1:00 ночы і скончыўся ў 5 раніцы, і Nile адыгралі толькі 15 хвілін без саўндчэка, пакуль большасьць людзей яшчэ была на дварэ. Я прыехаў дзеля Nile, таму быў вельмі расчараваны, хоць і пасьпеў засьведчыць ваш выступ. Я памятаю, як Карл незнарок адпіхнуў мяне, калі вы сыходзілі з сцэны, і я быў дужа ўзрадаваны, ха-ха. Ваш другі візіт адбыўся ў 2016-м, калі вы прыехалі ў гэтую частку сьвета з Belphegor (у вас тады ўзьніклі праблемы з ебанутымі “актывістамі” ў Расеі). Гэтым разам вы зладзілі вялікі канцэрт на 90 хвілін. Я працаваў там на мерчы ад імя Talent Tours / The Flaming Arts з умовай, што мне дазволяць паглядзець ваш сэт. Цудоўныя ўспаміны. Ты памятаеш гэтыя канцэрты?
Д: Так, я добра памятаю іх! Шалёныя часы; я тады думаў, што нас кінуць у турму, ха-ха. Але было добра атрымаць магчымасьць выступіць перад вамі.
Ты ведаеш якія-небудзь беларускія гурты?
Д: Вось гэтак адразу не ўзгадаю, але я заўсёды адкрыты да новай музыкі! У мяне папросту мала часу, каб яе слухаць, бо я заўсёды заняты сваім гуртом.
І самае важнае пытаньне: што здарылася з тваёй унікальнай прычоскай, якую ты насіў да 2010-га?
Д: Ну, у другі раз у сваім жыцьці я пагаліўся. Я быў лысы напачатку 90-х. Без валасоў жывецца значна прасьцей. Я называю гэта зачосам 90-х!
На гэтым усё. Дзякуй за твой час і тваю музыку! Калі хочаш што-небудзь дадаць да інтэрвію, не саромейся!
Д: Дзякуй вялікі за тое, што ўзяў у мяне інтэрвію, і дзякуй усім, хто падтрымлівае жыцьцё ў мэтале, бо я мяркую, што гэта найлепшая музыка ў сьвеце! Cheers!!! HAILS!!!!