109-ы выпуск кароткіх аглядаў.
GOAT SEMEN – Fuck Christ
Год: 2024
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 8,3 / 10
Новы (не ўлічваючы сплітаў, першы за 9 гадоў!) студыйны рэліз перуанскага культа зусім не расчароўвае. Гучны, агрэсіўны, файна запісаны і награны казліны мэтал за 18 хвілін раз’ёбывае ўсё навокал ушчэнт – чаго вам яшчэ трэба? Адзіным мінусам рэлізу ёсьць удзел цыркача Крыстафера “НекраНос” Дзіна ў якасьці фатографа, але халера яго забяры, невялікая бяда. Слухаць абавязкова. Струк у горла Хрыста!
FLAMEKEEPER – Flamekeeper
Год: 2024
Выдаўца: Invictus Productions
Рэйтынг: 7 / 10
Нагадаю чытачам (бо мінула 5 гадоў), што FLAMEKEEPER – амаль сольны пражэкт гітарыста / вакаліста DEMONOMANCY. На дэбютным EP “We Who Light the Fire” ён запісаў перспектыўны і вельмі нахтняльны, вогненны мэтал незразумелага жанру пра тое, як важна датрымлівацца сваіх ідэалаў. Ад паўнафарматнага альбому я чакаў больш выразнага і грандыёзнага разьвіцьця гэтых ідэй, але вымушаны сказаць, што атрымалася далёка ня ўсё. “Flamekeeper” гучыць лягчэй і больш узвышана, але ў той жа самы час больш звычайна. Амаль што цалкам ён складаецца з традыцыйнага Heavy / Power Metal з прыгожым, моцным вакалам Марка. Пры ўсёй сваёй цікавай лірыцы і забойны песьнях кшталту ” Raise the Banner” альбом чамусьці зусім мяне не натхняе. А менавіта ў гэтым мне бачыцца асноўная задача FLAMEKEEPER.
2 WOLVES – Not Worth It
Год: 2024
Выдаўца: Werewolf Records
Рэйтынг: 7,7 / 10
Незвычайны рэліз для Werewolf Records: мэлядычны Doom Metal (зразумела, фінскі) ў стылі NOVEMBERS DOOM, але з выразнымі запазычаньнямі ў MY DYING BRIDE і PARADISE LOST. Менавіта гэтыя запазычаньні атрымаліся найбольш удалымі месцамі на альбоме. Пераходы паміж чыстым і агрэсіўным вакалам, сінтэзаваныя скрыпкі або раптоўныя гатычна-папсовыя прыпеўкі зробленыя па-сапраўднаму таленавіта. У астатнім гэта файна запісаны, прыгожы і эпічны дум.
CHAPEL OF SAMHAIN – Black Onyx Cave
Год: 2024
Выдаўца: Nuclear Winter Records
Рэйтынг: 8,1 / 10
Вельмі цёмны, мужчынскі, паскудны Black Death Metal з Партугаліі. Музыка – сумесь BLACK WITCHERY і ACHERON, вакал у стылі Мартына Ван Друнэна. Магутная негатыўная энергетыка.
NECRONY – Corrupted Crescendos
Год: 2023
Выдаўца: Regain Records
Рэйтынг: 8,4 / 10
Гурт NECRONY у свой час быў часткай швэдзкай Death Metal-сцэны і нават выдаў альбом у 1993-м, але, на жаль, быў занядбаны на карысьць грайндовага пражэкта NASUM. Зборнік “Corrupted Crescendos”, як водзіцца, утрымлівае ўсю дыскаграфію гурта. Трэба сказаць, што NECRONY былі вельмі цікавай бандай. Ужо ў які раз заўважаю, што старыя швэдзкія гурты, якія распаліся, былі значна больш самабытныя за тыя, што засталіся актыўнымі. NECRONY змешвалі традыцыйнае Death Metal-гучаньне з грайндовымі элементамі кшталту ультра-нізкага вакалу ды ўсякіх хрыпаў-хлюпаў, а таксама дадавалі да яго злавесныя сінты ў стылі старажытных навукова-фантастычных фільмаў. І ўсё гэта гучала больш сур’ёзна за другі альбом ENTOMBED ці будзь які альбом DISMEMBER, напрыклад. Аматарам стыля татальна рэкамэндую, гэта сапраўды годная музыка.