Рэцэнзія: MASTER – Saints Dispelled

Год: 2024
Выдаўца: Hammerheart Records / Metal Star (тутэйшае выданьне)
Рэйтынг: 7,2 / 10

Маё знаёмства з легендарнымі MASTER пачалося за некалькі месяцаў да выпуску “Saints Dispelled”, таму, атрымаўшы дыск ад Metal Star, я слухаў яго зь яшчэ сьвежымі ўражаньнямі ад большай часткі папярэдняй дыскаграфіі. Мая асабістая праблема з MASTER у тым, што гэта Thrash Death Metal (менавіта ў гэткім парадку), а гэта азначае, што музыка недастаткова жвавая і кусачая, і ў той жа час недастаткова цяжкая. Я ведаю людзей, якім па сэрцы менавіта гэткі падыход (большасьці зь іх ужо добра за 50), але мне такі балянс не падабаецца. Вы або грайце трэш, або ўжо нешта ў стылі MALEVOLENT CREATION – гэта я разумею!

Так ці так, лаяць гурт за абраны ім жанр можа толькі непапраўны ебанько, і я гэтым займацца ня буду. MASTER, альбо асабіста Пол Спекман, усё ж заслугоўвае павагі за сваю трываласьць і непахіснасьць. Калі не ўлічваць сумнавядомы дэбютны альбом 1985-га году, дзе быў амаль што сапраўдны Death Metal, MASTER усю сваю кар’еру працуе ў адным жанры, і фанат гурта можа быць упэўнены, што яму не падсунуць абы-чаго. Вось і на “Saints Dispelled” гурт прапануе 8+2 трэкі стоадсоткава традыцыйнага, старамоднага амерыканскага (нягледзячы на тое, што Спекман даўно жыве ў Чэшскай Рэспубліцы) трэш-дэту без усякіх хітрыкаў і сюрпрызаў.

Альбомы MASTER адрозьніваюцца паміж сабой у асноўным хуткасьцю і цяжкасьцю гучаньня. “Saints Dispelled” атрымаўся дзесьці пасярэдзіне паміж крайнімі варыянтамі. Ён не самы цяжкі, але даволі важкі. Вакал Спекмана раней быў больш зьвярыны, але й зараз гучыць пераканаўча і энергічна, хоць дзеду ўжо 61 год. Хуткасьць граньня трошкі вышэй за сярэднюю, аднак напор трывалы, няспынны. Для кагосьці гэта нават можа быць занадта, бо альбом натуральна дзяўбе, дзяўбе і дзяўбе па галаве сваёй рытм-сэкцыяй, і празь 50 хвілін ты адчуваеш сябе Пінхэдам. Трэкі, як павялося, складаюцца з цэльнамэталічных рыфаў, якія адпавядаюць усім стандартам жанру. Зноў жа, нічога выбітнага, але агульны ўзровень даволі высокі. Пра тэксты сказаць дужа няма чаго, бо ў Спекмана яны заўсёды былі страшэнна нуднымі – абагуленыя фразы пра ўмоўных “іх”, якія ўсё кантралююць, усіх падманваюць, вядуць у прорву, зарабляюць на крыві, і гэтак далей; тыповая жвачка пра ўсё і ні пра што, якую можна прыкласьці да якой заўгодна ідэялёгіі. Падсумаваўшы, я б сказаў, што “Saints Dispelled” ёсьць добрым варыянтам для знаёмства з творчасьцю MASTER і выдатным падарункам для фанатаў, але ў дыскаграфіі гурта ёсьць альбомы мацней (таксама ёсьць і слабейшыя).

Тутэйшае выданьне ад Metal Star і ФОНО (перш за ўсё ад апошніх, бо гэта была іхная ініцыятыва) адрозьніваецца ад арыгінала толькі фарматам (джэвэл замест дыджыпака). Яно таксама мае поўны буклет і трэкліст з двума бонус-трэкамі (чаму яны сталі бонусамі – невядома, бо яны нічым не адрозьніваюцца ад астатняга матэрыялу). Замовіць можна на Possession. Падрабязнасьці на відэа.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *