Год: 2024
Выдаўца: High Roller Records / Metal Star (тутэйшае выданьне)
Рэйтынг: 7,8 / 10
Ні для каго ня ёсьць сакрэтам, што вяртаньне SCALD было адным з найбольш чаканых і перспектыўных камбэкаў нават у нашую эпоху, калі на сцэну вяртаецца кожны, хто хоць раз трымаў у руках гітару. Вялікі альбом “Will of Gods Is a Great Power” быў і застаецца бадай што бліжэйшым да вікінгаўскае эры BATHORY творам калі не па гуку, то па духу. Пры гэтым яму пашчасьціла патрапіць на захад і нарабіць там шуму, таму сёньня перавыданьні “Will…” на рознакаляровых вінілах выходзяць у цывілізаваных краінах, а “Ancient Doom Metal” адразу выйшаў у Германіі. Калі High Roller нарэшце абазначылі дату выпуску новага альбома SCALD, я адразу ж прапанаваў выдаць яго па ліцэнзіі на Metal Star, нават не паслухаўшы аніводнай ноты. Бо, па-першае, гэты гурт проста ня мог расчараваць, а па-другое, яго ўдзельнікі як быццам маюць больш-менш прымальны сьветапогляд (пытаньні выклікае толькі басіст).
Як мы ведаем, SCALD спыніў сваё існаваньне ў 1997-м празь сьмерць вакаліста Агіля. Агіль быў ня толькі адным з заснавальнікаў гурта, але й не абы-якім сьпеваком. Таму адшукаць яму годную замену было, напэўна, страшэнна цяжка, але гэта атрымалася. Феліпе Плаза Куцбах ёсьць сапраўдным волатам. Па-першае, ён чыліец, хоць і жыве ў Швэцыі. Калі вам гэтага мала, Феліпе грае ў DESTRÖYER 666, узначальвае PROCESSION і быў гітарыстам NIFELHEIM. Але самае галоўнае тое, што сьпявае ён звышмагутна. Калі чалавек мае прыроджаны талент, гэта адразу бачна. У Феліпе па-сапраўднаму мужчынскі, фантастычна моцны, выразны голас. Яго манера выкананьня не падобная да Агілевай, але фальцэт (нажаль, ён выкарыстоўваецца занадта рэдка) папросту ідэнтычны. З новым вакалістам SCALD вельмі пашчасьціла.
Што датычыцца музыкі, то асабіста для мяне тут сюрпрызаў не было, але кагосьці (асабліва тых, хто чакаў запісу нявыданых трэкаў, створаных незадоўга да сьмерці Агіля) яна расчаравала. Яшчэ не паслухаўшы нічога з “Ancient Doom Metal”, я быў перакананы, што альбом атрымаецца падобным да творчасьці адроджаных GODS TOWER, і я не памыліўся. Насамрэч, у GT і SCALD багата агульнага: абедзьве банды былі заснаваныя напачатку 1990-х, абедзьве запісалі свае лёсавызначальныя альбомы зь вельмі спецыфічным аналёгавым гукам ў 1996-м, абедзьве распаліся празь сьмерць аднаго з заснавальнікаў, а потым адрадзіліся. І, хоць GODS TOWER запісвалі “Steel Says Last” у Гомлі, а SCALD у Швэцыі, гучаць яны аднолькава: яскрава, моцна, выразна, гучна. Гэта сучасны якасны мэталічны гук у станоўчым сэнсе. Параўнайце яго з гукам вельмі падобнага па жанру гурта EREB ALTOR: як быццам амаль тое ж самае, але EREB ALTOR жудасна нудныя і акадэмічныя, а ў SCALD усё ажно гарыць агнём. Вядома, у некаторых слухачоў былі падсьвядомыя надзеі на тое, што SCALD дадуць старажытнага гучаньня ў стылі дэбюта, але я ў гэта ніколі ня верыў. На жаль, у старых музыкаў ёсьць дзіўны забабон: яны чамусьці думаюць, што слухачам патрабуецца ўвесь гэты модны production за дзесяткі тысяч даляраў, каб чуць кожную ноту. А на самой справе гэта трэба толькі ім самім. Так ці інакш, гук на новым альбоме SCALD выдатны, таму няма на што скардзіцца.
Усе мае крытычныя заўвагі адносяцца непасрэдна да песьняў. Мне хочацца апісаць іх словам “пасьпешлівыя”, але гэта можа выклікаць няверныя асацыяцыі. Справа ня ў тым, што яны занадта хуткія (тэмп збольшага павольны або сярэдні) ці зробленыя прыхапкам (якраз наадварот, цалкам відавочна, што яны рыхтаваліся вельмі-вельмі доўга). Яны папросту… празмерна дынамічныя, нібы сьціснутыя ў тугую спружыну, празь што ўзьнікае адчуваньне перанасычанасьці. Для Doom Metal характэрна даваць прадыхацца кожнаму акорду, і гэтая рыса жанра часам робіць яго невысносна нудным. Але ў выпадку з SCALD усё наадварот: яны як быццам увесь час падганяюць свае песьні наперад, не дазваляючы аніводнаму фрагмэнту знаходзіцца на авансцэне дольш за адно-два імгненьні. На “Ancient Doom Metal” цэлы паўночны акіян выбітных рыфаў і акордаў, але вы не пасьпяваеце іх прачуць, бо ззаду заўсёды падпірае наступны фрагмэнт, а за ім нецярпліва чакае бясконцая чарга іншых фрагмэнтаў. Пераходы ад куплетаў да прыпеваў адбываюцца практычна бяз паўз, і на першых праслухоўваньнях вы нават не зразумееце, дзе там што было. Песьні на альбоме доўжацца ў сярэднім 7 хвілін, і гэтага крытычна мала, бо для той прорвы гукавай інфармацыі, што яны зьмяшчаюць, патрабуецца самаменей 10. Да майго вялікага жалю, SCALD забыліся на тое, што цішыня часам ёсьць найважнейшым інструмэнтам у арсенале музыкі; кантраст паміж зманлівым супакоем і рэзкім выбухам заўсёды робіць мацнейшае ўражаньне, ніж серыя выбухаў.
Каб вы верна зразумелі, сам музычны матэрыял, то-бок цаглінкі, зь якіх складаюцца песьні, ёсьць золатам вышэйшае пробы. Тутэйшая сола-гітара выдае сапраўдныя цуды (і, дарэчы, збольшага працуе ў стылі BATHORY, у адрозьненьні ад усяго астатняга) настолькі часта і лёгка, што гэта выглядае экспромтам. Хоць, вядома, за гэтымі сола стаіць цяжкая шматгадовая праца. Бяда ў тым, што гэтыя элементы не зусім верна скампанаваныя. Калі музыка сьціхае, ты можаш сказаць, што гэта агаломшальна магутны і яркі альбом, але на пытаньне, якая песьня спадабалася там больш за ўсе, адказаць будзе вельмі цяжка. Я б сказаў, што гэта “The Liberating Spells of Fire”, бо толькі там ёсьць па-сапраўднаму акцэнтаваны прыпеў. Іншыя песьні зьліваюцца ў памяці ў суцэльную масу, зь якой выпіраюць хіба што асобныя гузакі кшталту загалоўнага рыфа ” ALU (My Protection)” або радка пра “my own sepulchral bonFIIIIIIIIIRE!!!” з другога трэку.
Фізічнае выданьне ад Metal Star выйшла ў асаблівым фармаце дыджыбука з пашыраным да 20 старонак буклетам. Як і арыгінальны CD, яно мае бонус-трэк. Дызайн трошкі адрозьніваецца ў пляне якасьці выяў. У арыгінальным дызайне прысутнічала некалькі лянівых тэхнічных рашэньняў, якія штатны вярстальшчык Metal Star выправіў з дапамогай уласных навыкаў, сучасных тэхналёгій і моцнага слоўца. З мастацкага гледзішча дызайн цалкам адпавядае тэкстам песьняў, у якіх зьмяшаліся нардычная міталёгія і фэнтэзійныя матывы. Аматарам The Banner Saga рэкамэндуецца асабліва. Прыдбаць дыск можна на Possession. Падрабязнасьці на відэа.