Год: 2024
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 8,4 / 10
Кажуць, што ў сьвеце няма нічога вечнага, і часам можна з гэтым пагадзіцца. Нямецкія вытворцы некалі трывалых аўтамабіляў скаціліся да выпуску плястыкавага гаўна з 5-гадовым тэрмінам службы і падагрэвам сядушак за асобную штомесячную плату. Вялікі канцэрн Harley-Davidson перайшоў на “экалягічныя” матацыклы, здрадзіўшы не тое што прынцыпам, а самое сутнасьці кампаніі. “Манчэстэр Юнайтэд” і зборная Бразіліі, што некалі былі безумоўнай элітай сусьветнага футболу, сёньня выглядаюць неймаверна жаласна. Сьпіс можна працягваць.
Зь іншага боку, ёсьць вялікая і нязьменная Кока-Кола, а яшчэ вось калумбійскі гурт WITCHTRAP, які, напэўна, фізічна ня здольны расчараваць мяне. Яны бяруць сваё якасьцю: у сярэднім адзін альбом кожныя 4 гады, і на гэтых альбомах няма нічога, акрамя крышталёва чыстага, стоадсоткава правільнага Thrash Metal. Музыка WITCHTRAP не зьмяняецца наогул, бо зьмяненьні патрабуюцца тым, хто штосьці робіць няверна, а ў гэтых калумбійцаў заўсёды ўсё найвыдатна. З гэтай жа прычыны я не бачу сэнсу занурацца ў падрабязнае апісаньне яе гучаньня; за гэтым зьвяртайцеся да старых рэцэнзій. Альбомы WITCHTRAP я традыцыйна аглядаю яшчэ з часоў Metallibrary.
Пра “Hungry as the Beast” магу сказаць, што ён атрымаўся трошачкі слабейшым за папярэдні “Evil Strikes Again”, дзе WITCHTRAP зладзілі сапраўдную вакханалію пякельнага разбурэньня. Новы альбом больш рок-н-рольны і зьмяшчае меншую колькасьць незабыўных момантаў, але розьніца насамрэч зусім невялікая. Песьні па-ранейшаму агрэсіўныя, напорыстыя і злосныя; адпачываць няма калі. Традыцыйныя тэксты пра ліха і мэтал цудоўна, выразна напісаныя і выдатна ўспрымаюцца няўзброеным вухам. Яшчэ адзначу, што WITCHTRAP цяпер ужо зусім не падобныя да старых KREATOR, як гэта было напачатку 2000-х. Бадай, нейкія перамены ў іхнай музыцы ўсё ж адбываюцца…
Самае прыемнае тут тое, што на 4-ым дзесяцігодьдзі сваёй кар’еры WITCHTRAP нарэшце пачынаюць атрымліваць плён ад сваёй руплівай працы. Нядаўна яны езьдзілі ў тур па Эўропе, зараз рэгулярна даюць канцэрты і карыстаюцца медыйнай актыўнасьцю вакол свайго імя. Здаецца, эўрапейскія прамоўтэры пачалі разумець, што сапраўдны мэтал цяпер трэба завозіць з Паўднёвае Амерыкі, бо па Старым Сьвеце проста зараз езьдзяць і іншыя тамтэйшыя гурты. Самае важнае – каб яны не прасякнуліся підарскім духам цяпершаней заходнеэўрапэйскай вялікай мэтал-сцэны і не прывезьлі гэтую заразу назад на радзіму.