Бліц-рэцэнзіі 104: GRABUNHOLD / CIRCLE OF SHADOWS, THE TROOPS OF DOOM, KERASPHORUS, HERZOG, SACRENOIR

104-ы выпуск кароткіх аглядаў.

GRABUNHOLD / CIRCLE OF SHADOWS – Lamentationen
Год: 2023
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 7 / 10

Цёмны мэтал з Германіі і Аўстрыі. Абодва гурты прысьвяцілі па 3 песьні сусьвету Джона Р.Р. Толкіна. GRABUNHOLD (тут на гітарах і вакале ўдзельнік BAXAXAXA і RUNESPELL) намагаецца запхнуць у сваю музыку ўсяго патрошкі: ўжо ў першым трэку ёсьць і ваяўнічы старажытны мэтал а-ля INQUISITION, і разухабісты тэўтонскі, і мэлядычна-атмасфэрны. Але свайго выразнага твару ў гурта, на жаль, няма. Аўстрыйцы CIRCLE OF SHADOWS сходу даюць нейкага BLACK WITCHERY, аднак вельмі хутка пераходзяць на больш традыцыйнае сярэднявечнае бласт-бітнае ліха, якое з часам таксама выязджае на тэрыторыю разбойніцкіх тэўтонскіх скокаў. Агулам атрымліваецца неблагі, якасны рэліз, якому, згодна сучасным германскім традыцыям, бракуе сапраўдных такіх, жалезных яйцаў.

 

THE TROOPS OF DOOM – A Mass to the Grotesque
Год: 2024
Выдаўца: Alma Mater Records
Рэйтынг: 7,4 / 10

Бразільскі гурт, дзе грае адзін з заснавальнікаў SEPULTURA, працягвае рабіць сапраўдны трэш, які гучыць больш падобна да SEPULTURA, ніж усе спробы братоў Кавалера перазапісаць стары матэрыял. Адмоўныя бакі ўсё тыя ж, што й раней: ёбаны “груў”, занадта ахайны сучасны гук, спробы стварыць дынаміку з дапамогай марудных адрэзкаў, што для трэшу вельмі шкодна. Але гэта не мусіць вас спыняць, слухайце абавязкова! Дарэчы, альбом выйшаў на лэйбле, створаным удзельнікамі MOONSPELL – мабыць, яны ёсьць апартуністамі, якія граюць хуйню, але яны заўсёды зналіся на добрым мэтале.

 

KERASPHORUS – Kerasphorus
Год: 2016
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 7 / 10

Зборнік зьмяшчае абодва міні-альбомы штатаўскага гурта, што выйшлі ў 2010-м і 2011-м гадах. Граюць тут удзельнікі ABHOMINE, ANGELCORPSE, REVENGE, ORDER FROM CHAOS, PERDITION TEMPLE, таму вы ўжо ўяўлеце сабе, як гэта гучыць. Адметнай рысай KERASPHORUS ёсьць вельмі няроўная, паламаная ва ўсіх магчымых месцах структура рытм-сэкцыі. Ты ніколі ня ведаеш, калі адбудзецца чарговая зьмена рытмаў. Усё астатняе як звычайна: татальная вайна і руіны. Вельмі непрыемная (у правільным сэнсе) музыка.

 

HERZOG – Furnace
Год: 2023
Выдаўца: Amor Fati Productions
Рэйтынг: 6,4 / 10

Дэбютны альбом бельгійскага гурта. Гэтая цудоўная краіна мае сваю невялікую, але стылёвую экстрэмальную сцэну, і тамтэйшыя альбомы амаль заўсёды прасякнутыя вытанчанай, глыбокай цемрай. “Furnace” ў гэтым пляне не выключэньне. З атмасфэрай тут усё выдатна, гук вельмі густы і андэграўндны, а музыка разнастайная. Зразумела, таксама маецца пэўны інтэлектуальны зьмест, іначай альбом не выйшаў бы на Amor Fati. На жаль, аўтарам пакуль што бракуе канцэнтрацыі і добрага густу. Прысутнічае адчуваньне, што некаторыя фрагмэнты былі даданыя проста таму, што хацелася дадаць нешта яшчэ, нягледзячы на тое, што яны не нясуць аніякай карысьці. Ці вось трэк “All Rites” – у першай палове ён гучыць як нейкае поц-рокерскае гаўнішча, што на гэтым альбоме зусім не да месца.

 

SACRENOIR – Comme des revenants parmi les ruines
Год: 2023
Выдаўца: Sepulchral Productions
Рэйтынг: 6,5 / 10

Тут мы маем свайго кшталту супергурт: дуэт удзельнікаў FORTERESSE, MORTIFEROUS, SANCTUAIRE, SUI CADERE. Прэс-рэліз пафасна (ну а як інакш) заяўляе, што ветэраны квэбэкскае сцэны, значыцца, вырашылі аддаць даніну павагі клясычнаму Black Metal 90-х, перш за ўсё DARKTHRONE, GORGOROTH і нават BATHORY. І, як амаль заўсёды бывае з прэс-рэлізамі, гэта хлусьня. Можна, вядома, праводзіць паралелі паміж спалучэньнем “трэмольныя рыфы + бласт-биты” і DARKTHRONE, а яшчэ можна нацягваць саву на глобус, але няхай гэтым займаюцца аўтары вось гэткіх прэс-рэлізаў. На самой жа справе тут мы чуем больш-менш той жа самы квэбэкскі цёмны мэтал, толькі больш злосны і амаль не салодкі. Ужо нешта, бо сыроп, які звычайна прапануюць у гэтым рэгіёне, я глытаць фізічна ня здольны. “Comme des revenants parmi les ruines” хоць бы можна слухаць. Але не абавязкова, бо, напрыклад, тыя ж фіны робяць гэткую музыку ў пяць разоў больш пераканаўча.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *