Бліц-рэцэнзіі 102: SURGIKILL, CEMETERY URN, VERMINOUS SERPENT, SEVEROTH, MAGISTRAAL

102-і выпуск кароткіх аглядаў.

SURGIKILL – Sanguinary Revelations
Год: 2016
Выдаўца: F.D.A. Records
Рэйтынг: 7,9 / 10

Дэбютны альбом штатаўскага гурта, дзе працуюць ажно чатыры вакаліста / вакалісткі, у тым ліку Stevo з легендарных IMPETIGO. Па форме гэта Horror Death Metal у лепшых традыцыях жанру. Альбом выдаецца вельмі дынамічнай музыкай і аўтэнтычным паскудным гучаньнем. Абавязкова спадабаецца фанатам гуртоў кшталту THE GROTESQUERY, CARCASS, ну і тых жа самых IMPETIGO. 

 

CEMETERY URN – Suffer The Fallen
Год: 2023
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 8,2 / 10

Сьвежы альбом слынных аўстралійскіх дэтстэраў. Магутны, маскулінны, зьвярыны Метал Сьмерці з заябенным бурклівым гукам. Трушчыць косткі ў порах лепей за ўсякі бульдозер.

 

VERMINOUS SERPENT – The Malign Covenant
Год: 2023
Выдаўца: Amor Fati Productions
Рэйтынг: 7,7 / 10

Хаотычны, змрочны, прымітыўны Blackened Death Metal, пабудаваны на выдатных рыфах і сольных партыях. Найбольш адметнай рысай гурта ёсьць тое, што вакалістам / басістам тут выступае Алан Аверыл з PRIMORDIAL. Для яго гэткі экстрэмальны вакал ня ёсьць чымсьці зусім новым, але ўсё адно на тле нудных PRIMORDIAL гэта гучыць даволі цікава. Альбом атрымаўся моцны, ня болей і ня меней. Што галоўнае – ён не стэрыльны, як амаль усе пабочныя пражэкты з удзелам папулярных асоб. Зьвярніце ўвагу.

 

SEVEROTH – Шляхом Світла
Год: 2024
Выдаўца: Avantgarde Music
Рэйтынг: 8,2 / 10

Паўнавартасны агляд на новы альбом SEVEROTH у мяне неяк не атрымаўся, бо ў параўнаньні з папярэднім альбомам гэта даволі невялічкі крок ці то ў бок, ці то на месцы. Што таксама добра, але нічога новага я тут не напішу. Канструкцыйныя ўласьцівасьці трэкаў засталіся нязьменнымі, якасьць аранжыровак трошкі ўзрасла, чысты вакал стаў значна лепей. Тэксты ўзялі відавочны накірунак, асабліва з улікам таго, што празь атакі людажэрцаў Ільля быў вымушаны пакінуць свой дом з нованароджаным дзіцяці на руках. Асабліва яскрава гучыць узвышаны трэк ” Сталевої волі сини”. Калі вам спадабаўся папярэдні альбом, то й новы зойдзе толькі так.

 

MAGISTRAAL – Fantoom van de Deemsterburcht
Год: 2024
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: 8 / 10

Нідэрландскі дуэт – магчыма, сямейны. Мужык грае на ўсіх інструмэнтах, дзяўчына крычыць злосным голасам. Музыка – нешта ў стылі Black Metal прыкладна 1995-1996 гадоў. Гучыць вельмі містычна, старажытна, недобразычліва і ў станоўчым сэнсе неахайна. Блэкападобны мэтал з Нідэрландаў часьцей за ўсё выяўляецца нейкім крыва насраным гаўном, але ў дадзеным выпадку ўсё надзіва моцна і правільна, асабліва як для дэбюта. У фізічным выглядзе рэліз выйшаў на спліце зь ZIELDODER.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *