Бліц-рэцэнзіі 96: CLAIRVOYANCE, SLASHER DAVE, SARCOPHAGUM, HIBERNUS MORTIS, NETHERMANCY

96-ы выпуск кароткіх аглядаў.

CLAIRVOYANCE – Threshold of Nothingness
Год: 2022
Выдаўца: Blood Harvest
Рэйтынг: 7 / 10

Чарговы кавалак чорнага-пячорнага Death Metal з магільным духам “сучаснага олдскулу”. Я ўжо пісаў, як мне надакучылі гэтыя аднолькавыя рэлізы, таму (ў адрозьненьні ад людзей, якія гэта запісваюць) паўтарацца ня буду. Але не магу не адзначыць, што малады польскі гурт CLAIRVOYANCE прынамсі добра папрацаваў над рыфамі: “Threshold of Nothingness” гучыць дужа дынамічна і нават бадзёра – наколькі гэта магчыма ў рамках пахмурнага стылю. У гэтага міні-альбому, страшна сказаць, ёсьць характар, таму гэта не аднаразовая музыка, як большасьць “OSDM Revival”.

 

SLASHER DAVE – Cannibal Death Gods
Год: 2023
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: Friday 13th Holocaust

Гэты зборнік аб’ядноўвае дылёгію “Cannibal Death Gods” ад Слэшэра Дэйва (удзельнік ACID WITCH). Дэйв вельмі даўно займаецца стварэньнем хорар-эмбіенту ў стылі старых фільмаў жахаў, і менавіта яго прапануе на гэтым грандыёзным рэлізе. Тутэйшыя трэкі напісаныя пад натхненьнем ад усёй клясыкі крывавага кінатрэшу, таму вы знойдзеце як трывожны рэтравэйв, так і людажэрчы брутальны трайбл. Улічвайце, што больш адухаўлёнае кіно (кшталту “Phantasm” ці там “Hellraiser”) да гэтага дачыненьня не мае. Музыка адлюстроўвае выключна зямныя асьпекты хорару – боль, гвалт, кроў, жорсткія бойкі, катаваньні і гэтак далей. Фанаты “Cannibal Holocaust” і “Beyond the Darkness” маюць быць у захапленьні.

 

SARCOPHAGUM – Conduits to the Underworld
Год: 2023
Выдаўца: Nuclear Winter Records
Рэйтынг: 7,3 / 10

Дэбютны пражэкт аўстралійскага гурта. Калі ўзяць сучасных GORGUTS і спрасьціць разы ў 3, атрымаецца “Conduits to the Underworld”. Характэрнай рысай музыкі ёсьць тыя самыя сумныя ноткі, што праявіліся ў творчасьці канадцаў (ці, як варыянт, у DEATHSPELL OMEGA) пасьля іх вяртаньня на сцэну, якія кладуцца на Death Metal з гучаньнем у стылі “Šahrartu” EXIMPERITUS. І гэта вельмі добра, бо гэткая цёмная мэлянхолія цудоўна працуе сама па сабе, а уж тым болей на падмурку з добрых рыфаў. 

 

HIBERNUS MORTIS – The Monoliths of Cursed Slumber
Год: 2022
Выдаўца: Blood Harvest
Рэйтынг: 7,8 / 10

Memento Mori, бо, па-першае, як тут на яе забудзешся, калі гэта ўжо трэці Death Metal-рэліз у сёньняшнім Бліцы, а па-другое, менавіта гэты гішпанскі лэйбл заўсёды спецыялізаваўся на выданьні гуртоў, што гучаць як INCANTATION. Але прома ад яго мне болей не прыходзяць, таму пішу пра падобны рэліз ад Blood Harvest. Штатаўскі гурт HIBERNUS MORTIS, відавочна, любіць ня толькі INCANTATION, але і швэдзкі Death Metal, таму тут спалучаюцца два ўплывы. Ад першага грузкі гук і характэрныя “баявыя” партыі бубнаў, ад другога дзёрзкі характар і дынаміка. Атрымліваецца вельмі ўдала – рэзкі перапады тэмпу не даюць засумаваць. Ды й лірыку варта пачытаць, бо яна нечакана добра ўзаемадзейнічае з гукавым напаўненьнем.

 

NETHERMANCY – Worship Evil Sacrifice
Год: 2023
Выдаўца: Helldprod Records
Рэйтынг: 6,66 / 10

Новы альбом ад пражэкту нястомнага J.A. з легендарнага партугальскага гурта DECAYED. Сумесь усяго адразу: тут ёсьць песьня ў стылі DARKTHRONE, песьня ў стылі BATHORY / NECROMANTIA, песьня ў стылі IMPALED NAZARENE, песьня ў стылі CELTIC FROST, песьня ў стылі MARDUK… Выканана кампэтэнтна, энергічна і злосна – ну дык чаму б не паслухаць!

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *