95-ы выпуск кароткіх аглядаў.
TRASTORNED – Into the Void
Год: 2023
Выдаўца: Dying Victims Productions
Рэйтынг: 8 / 10
Выдатны трэш з Чылі, да якога аб’ектыўна амаль немагчыма выстаўляць нейкія прэтэнзіі (гэта ж Чылі, ну). Гурт страшэнна тэхнічны і аўтэнтычны, але адзіная яго праблема ў тым, што ён завіс недзе паміж сацыяльным і вечным, а гэта зусім розныя катэгорыі ня толькі тэматыкі, але й гучаньня. TRASTORNED імкнуцца сьпяваць збольшага пра замагільнае, аднак іх гучаньне занадта чыстае і прасунутае, бліжэйшае да вулічнага трэшу кшталту VIO-LENCE, EXODUS ці сярэдне-позьніх SEPULTURA. Бадай, у сваёй катэгорыі TRASTORNED выступаюць больш чым пераканаўча, але што гэта за катэгорыя?
LACRAU – Axioma
Год: 2023
Выдаўца: Monumental Rex
Рэйтынг: 6,9 / 10
Змрочны канцэптуальны альбом з Партугаліі, які дэталёва апавядае пра старажытны скандынаўскі рытуал (сама)забойства старых людзей, што праз слабасьць больш ня мелі магчымасьці выконваць свае абавязкі. Аповед вядзецца ў форме мэлянхалічнага цёмнага мэталу з элементамі дума. Гучаньне па-нямецку якаснае, аблупленае і аднамернае, што я дужа не люблю. Але свае моманты тут ёсьць: напрыклад, “Queda” у добрым сэнсе нагадвае KATATONIA, і ў ім нават прысутнічаюць нейкія шчырыя эмоцыя, не перадугледжаныя абавязковай праграмай. У агульным, “Axioma” ёсьць вельмі сур’ёзным альбомам, да якога відавочна падыходзілі з намерам зрабіць твор, які б адпавядаў усім патрабаваньням сучаснага андэграўнду. Гэта й атрымалася, але ня болей за тое.
ULG – Windark
Год: 2017
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: 8 / 10
Атмасфэрны мэтал з Штатаў у найчысьцейшай форме: хатні запіс і гітара, якая дзыкае ў стылі “Filosofem”. Шэрыя гукавыя абшары ULG моцна нагадваюць культавыя WALKNUT і VEIL, а таксама харкаўскую сцэну перыяду творчага росквіту (дарэчы, на альбоме грае сэсійны бубнач-украінец). Альбом можа й не дасканалы, але для аматарскай творчасьці, якая распаўсюджваецца празь Bandcamp задарма, гэта фантастычны ўзровень. Ён адзін варты ўсёй той пастырскай бязрыфавай ёбані, што сёньня штампуе хіпстэрская атмасфэрная сцэна. Абавязкова наведайце Bandcamp артыста і надайце ўвагу ягонай творчасьці.
WOODEN THRONE – Eternal Wanderer of the Night Sky
Год: 2023
Выдаўца: Purity Through Fire
Рэйтынг: 7,8 / 10
Другі альбом сольнага пражэкта ўдзельніка OCTOBER FALLS. Ад першага нічым прынцыпова не адрозьніваецца – гэта зноў сузіральны атмасфэрны мэтал з рамантычным гучаньнем, прысьвечаны самотным шпацырам пад зорным небам. Але гэтым разам песьні атрымаліся трохі лепей (яны й раней былі добрыя). Акрамя таго, гэты альбом таксама кароткі (па мерках атмасфэрнага мэталу), дзякуючы чаму песьні не разменьваюцца на доўгія прэлюдыі, а адразу ж пачынаюць дэманстраваць сваю прыгажосьць з розных бакоў.
SIELUNVIHOLLINEN – Helvetinkone
Год: 2023
Выдаўца: Hammer of Hate Records
Рэйтынг: 7,7 / 10
Застаемся ў краіне Суомі, каб засьведчыць сьвята на вуліцы фанатаў DISSECTION. Навейшы альбом фінскага пражэкту (кіруе ім удзельнік BARATHRUM і WHITE RUNE) працягвае справу вялікага “Reinkaos”, безь усякага сораму вывальваючы на слухача горы мажорна-мэлядычных рыфаў і папсовых збівак. Гітара тут сьпявае так, што заслухаешся, ды й вакал часам не адрозьніць ад Ёнавага, хоць ідэйны складнік у SIELUNVIHOLLINEN на некалькі парадкаў прасьцейшы. Ёсьць у гэтым нейкі элемент guilty pleasure, а зь іншага боку – чаму й не, адзін раз жывем! Калі розныя ёлупы ў інтэрнэтах нудзяць, што Black Metal, маўляў, занадта сур’ёзны, яны папросту ня ведаюць, што ён бывае такім, як “Helvetinkone” – нязьменна радыкальным, але прыемным для вуха. І хуй на іх!