Рэцэнзія: MOON ORACLE – Ophidian Glare

Год: 2023
Выдаўца: Signal Rex / Bestial Burst
Рэйтынг: 7 / 10

Гэты фінскі гурт складаецца зь не апошніх людзей на фінскае сцэне – басіста BLOOD RED FOG і Харальда Мэнтара (RIDE FOR REVENGE, лэйбл BESTIAL BURST), а таксама нейкага U. Гэтыя людзі, асабліва Харальд, маюць тэндэнцыю разьвіваць жанр Black Metal у верных накірунках, не губляючы пры гэтым сувязі зь яго каранямі. “Ophidian Glare” таксама можна ахарактарызаваць як паказальны ў гэтым пляне твор.

З аднаго боку, альбом моцна нагадвае стары беларускі Black Metal кшталту PAGAN, KARACZUN або нават DEOFEL (у першую чаргу з гэтай прычыны я вырашыў напісаць на яго паўнавартасны агляд). У яго аснове знаходзяцца прымітыўныя, але вельмі моцныя і напорыстыя канструкцыі, добра знаёмыя майму вуху. Вакал таксама даволі спецыфічны, як у Алекса Бародзіча, толькі менш эмацыйны.

Зь іншага боку, песьні час ад часу дазваляюць сабе заплывы ў невядомыя воды. Агульная змрочная атмасфэра спрыяе лёгкаму пераходу гучаньня на ніву дум-мэталу, чым гурт ахвотна карыстаецца. Але часьцей за ўсё MOON ORACLE перадаюць свае найлепшыя зычэньні “Drawing Down the Moon”; раптоўныя ўсплёскі і зацішшы пазнае кожны, хто ўважліва слухаў культавы альбом BEHERIT. Канешне, “Ophidian Glare” і блізка не настолькі беспаветраны, але ў яго свая стыхія: гэты альбом быццам чорны бурлівы акіян у нейкім бязлюдным кутку, куды ніколі не зазірае сонца і адкуль няма вяртаньня. Black Waters of Heaven Sea, калі вы разумееце, аб чым я.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *