Рэцэнзія: NOTHING / ТЕМЕНЬ / ВСПОЛОХ / ВИХРЬ – Ural Megalith

Год: 2023
Выдаўца: Ural Megalith
Рэйтынг: 7,6 / 10

Выдавецкая ініцыятыва Ural Megalith існуе ўжо вельмі даўно, гадоў 7, калі не памыляюся. Яе першапачатковай мэтай было перавыданьне запісаў аднаго старога культавага гурта, але неяк не атрымалася. У канчатковым выніку выдавецтва трансфармавала сваю канцэпцыю і распачала ўсё нанова. Ural Megalith на сучасным этапе кіруецца маім старым сябрам Хладам і панам A. з гурта NOTHING. Хлад  граў на бубнах у NOTHING і ёсьць стваральнікам гурта ВИХРЬ, дзе ў сваю чаргу аднойчы сьпяваў A., ну а ВСПОЛОХ – старыя таварышы і суседзі абодвух. Як бачыце, гэты рэліз ёсьць ня проста сплітам, а сапраўдным альбомам-маніфэстам тамтэйшае часткі ўральскай сцэны. Нават у буклеце “Ural Megalith” няма імёнаў і фотаздымкаў удзельнікаў (акрамя гасьцей), бо ўсе тут робяць агульную справу.

Так атрымалася, што па выніках уважлівага вывучэньня ўсіх складнікаў рэліза я буду больш крытыкаваць, ніж хваліць, але спачатку традыцыйна аглядзім кожны гурт паасобку. Альбом адкрые гурт NOTHING, пачынаючы бамбаваньне бласт-бітамі без усякай падрыхтоўкі. Праўду сказаць, я ўжо даўно ненавіджу розныя інтро і прэлюдыі, зь якіх зараз пачынаецца ледзь не кожны альбом, але менавіта на “Ural Megalith”, на мой погляд, мела сэнс зрабіць больш павольны старт, каб слухач, гэтак бы мовіць, працяўся значнасьцю моманту. Ну, што ёсьць, тое і маем. NOTHING грае даволі тыповы для Расеі цёмны мэтал з аднамернымі і простанакіраванымі гітарнымі лініямі. Цалкам магчыма, што карані пана А. ляжаць нават ня ў мэтале, а ў RAC. Трошкі больш цікавым атрымаўся вакал – дзякуючы зрывістаму голасу і невялічкаму рэху. Мэлёдыі ў NOTHING неблагія, але гук зусім бесхарактэрны, як быццам інструмэнты падчас запісу торкнулі наўпрост у кампутар і потым звялі без усякай дадатковай дапрацоўкі. Гэткая мэтода давала станоўчы вынік у аналягавыя часы, але не ў нашыя лічбавыя.

ТЕМЕНЬ, як нам стала вядома падчас інтэрвію, ёсьць найноўшым праектам Хлада. Тут ён упершыню, калі не памыляюся, з часоў FROSSET SKOG сьпявае сам. З гледзішча музычнае структуры ТЕМЕНЬ ня надта адрозьніваецца ад NOTHING, бо гэта таксама даволі лінейны мэтал. Аднак за кошт “прадакшна”, высокай хуткасьці і злоснай падачы гэты гурт гучыць сапраўды цёмна. Няхай сьвежасьці ў гэтым няма ані на каліва, але трэмольныя рыфы ТЕМЕНЬ відавочна ствараліся вельмі старанна, каб забясьпечыць максімальную плыннасьць музыкі. Таксама дадамо, што хлопцам ўдалося стрымацца ў рамках добрага густу: пры ўсёй злоснасьці, ТЕМЕНЬ ніколі не заносіць цалкам на той бок, дзе жыве Шатан, а музыка пераўтвараецца на гаўняны MARDUK – як гэта даволі часта бывае зь іншымі інтэнсіўнымі гуртамі.

ВСПОЛОХ заўсёды былі ў мяне ў фаворы, бо гэта гурт эўрапейскага ўзроўню, які, жывучы немаведама дзе, стварае музыку, да якой большасьць немцаў ці скандынаваў падобнага жанру ніколі не дацягнецца. На “Ural Megalith” яны прапаноўваюць два трэкі ў сваім знаёмым стылі – з разнастайнымі гітарнымі партыямі, цёплым саўндам, абавязковым варганам і пачуцьцём заслужанай самавітасьці. Як звычайна, атмасфэрная музыка ВСПОЛОХ ахінае і выдатна стымулюе фантазію. Зьвярну ўвагу на лёгкія клявішныя партыі ў стылі КОБЬ – як яшчэ адну даніну павагі уральскім караням гурта.

ВИХРЬ, які заўсёды быў схільны да патэтыкі (у станоўчым сэнсе) чаканым чынам завяршае альбома сваім трэкам “Зима”. Стылёва ён блізкі да твораў з альбому “Кощунство”: высокія мэты, дынамічнае выкананьне і багацьце выразных сродкаў, сярод якіх – жаночы вакал і невялічкая партыя скрыпкі. За асноўны вакал адказвае зноў жа Хлад; калі не памыляюся, ён упершыню сьпявае ў рамках ВИХРЬ, і робіць гэта вельмі ўдала.

Цяпер да крытычных заўваг. Я разумею, што мэта Ural Megalith – як выдавецтва, так і альбома – стварыць свайго кшталту хаб для гуртоў-аднадумцаў, і гэты рэліз ёсьць, як ужо было сказана маніфэстам, заявай пра тое, што на цёмнай сцэне зьявіўся новы гулец. Але з творчага пункту гледжаньня гэта самапаўтор: усхваленьне духоўнай і фізічнай сутнасьці Ўрала ў больш-менш тых жа самых словах і падобных гуках ужо мела месца 10 гадоў таму, на спліце “У камней замшелых…”. Цяпер канкрэтна пра словы: лірычны складнік у параўнаньні з тым, што я ўжо чуў ад гэтых гуртоў раней, таксама стаіць на месцы. Тэксты велягурыстыя, напісаныя прыгожай мовай, аднак усе яны (за выключэньнем ВСПОЛОХ) збольшага апавядаюць пра абагуленыя рэчы кшталту “чорнага, як смаль, духу Ўрала”. То-бок гэта, карыстаючыся літаратурным тэрмінам, краявідавая лірыка. Раней гэта працавала, але з кожным паўтарэньнем эфект усё слабейшы. Вершам бракуе змястоўнай глыбіні, прывязкі да чагосьці рэчаіснага або нейкай канцэпцыі. ВСПОЛОХ болей ці меней вырашылі гэтую праблему, напісаўшы песьні пра Інзэр і Шыгір, астатнія – не. У якасьці прыкладу абыходжаньня з падобнага кшталту лірыкай магу прывесьці KRUK, у якіх кожны радок меў сэнс і адсылаў да пэўных ідэялягем, месцаў або рытуальных практык, традыцыйных ці асабістых. Яшчэ прэтэнзія: напэўна, гэта сындром падманутых чаканьняў, але я неяк думаў, што для рэліза падобнага калібру ўсе ўдзельнікі падрыхтуюць забойныя трэкі, кожны зь якіх будзе чымсьці грандыёзным. Але насамрэч матэрыял NOTHING и ТЕМЕНЬ выглядае збольшага як прэзентацыя на тле больш слынных партнёраў па спліце. І зь гэтага вынікае апошняя, хоць і дробная, праблемка: празь падабенства музычных структур першых двух гуртоў цяжкавата заўважыць пераход ад аднаго да другога. Першая палова альбома трошкі зьліваецца ў адзінае цэлае. Калі б памяняць месцамі ВСПОЛОХ і ТЕМЕНЬ, альбом гучаў бы больш эфектна.

Нягледзячы на ўсе гэтыя спрэчныя моманты, “Ural Megalith” аб’ектыўна ёсьць вельмі моцным рэлізам, культурная каштоўнасьць якога мае патэнцыял для росту. У канчатковым выніку ўсё будзе залежаць ад таго, як складзецца лёс уральскае ініцыятывы. Калі Ural Megalith будзе развівацца, абрастаць новым рэлізамі і культавай рэпутацыяй, то і гэты спліт застанецца ў гісторыі як пачатак чагосьці вялікага, а не аднаразовай моцнай заявай. Фізічнае выданьне “Ural Megalith” мае наклад усяго ў 200 копій: 100 джэвэлаў і 100 дыджыбукаў. Дыджыбук мае буклет найвышэйшай якасьці з усімі тэкстамі песьняў і фатаздымкамі ўральскіх мегалітаў у якасьці ілюстрацый. Падрабязнасьці на відэа. Аўдыёварыянт спліта можна забраць задарма з Bandcamp.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *