Бліц-рэцэнзіі 90: IRONHAWK, MEGATON SWORD, FELVUM, PANDEMIC, QRIXKUOR

90-ы выпуск кароткіх аглядаў.

IRONHAWK – Ritual of the Warpath
Год: 2022
Выдаўца: Dying Victims Productions
Рэйтынг: 8 / 10

Аўстралійскае мэталпанк-трыа, у якім, на шчасьце, 90% панку пайшло ў імідж. Па музыцы гэта змрочна-хуліганскі спідовы мэтал з апакаліпсічнымі тэкстамі, і зроблены, трэба адзначыць, з выдатным пачуцьцём таго, як гэта павінна гучаць. MOTÖRHEAD, JOEL GRIND, TOXIC HOLOCAUST, DISHAMMER – гурт працуе ў гэтым самым накірунку. Мяне ўразіла надзвычайная разнастайнасьць іхных кампазыцый, якія складаюцца з шматкроць правераных часам рухаў і рашэньняў. Кожны трэк выразна адрозьніваецца ад іншых, што ў гэтым стылі сустракаецца вельмі рэдка. Абавязкова паслухайце!

 

MEGATON SWORD – Might & Power
Год: 2023
Выдаўца: Dying Victims Productions
Рэйтынг: 5 / 10

Эпічны хэві-мэтал з Швэйцарыі. Цудоўная, велягурыстая музыка, а разам зь ёй – невыносны вакал, трываць які можна толькі дзеля гэтай самай музыкі. Я доўга ня вытрымаў.

 

FELVUM – Fullmoon Mysticism
Год: 2022
Выдаўца: Out of Season
Рэйтынг: 7 / 10

Традыцыйны чорны мэтал ў стылі “Transilvanian Hunger”, старога BURZUM, ранніх польскіх гуртоў і гэтак далей. Запісана ўдзельнікамі вельмі сумнеўных фармацый MRTVA VOD і KËKHT ARÄKH, але запісана з разуменьнем і аўтэнтычным духам. Зьвярніце ўвагу. У лічбе міні-альбом можна задарма забраць з Bandcamp.

 

PANDEMIC – Crooked Mirror
Год: 2023
Выдаўца: Awakening Records
Рэйтынг: 9 / 10

Вельмі файны польскі хэві-трэш, які ўвасабляе сабой суцэльны анахранізм. Калі закінуць гэты альбом на 40 гадоў у мінулае, ніхто нічога не западозрыць, настолькі ўсё тут аўтэнтычна, ад музыкі да гучаньня. Пры гэтым удзельнікам гурта няма нават 30 (старэйшаму – 28), а над гукам працаваў хлопец, якому ўсяго 23!!! Зразумела, награна ўсё вельмі тэхнічна, жвава, з агеньчыкам. Альбом не толькі ўвасабляе стыль, але і кажа ў ім сваё моцнае слова, што, здавалася б, амаль немагчыма ў наш час. Канешне, гэта не зусім мая тэма – чытачы Bagnik Zine, напэўна, ведаюць, што для мяне ідэалам трэшу ёсьць DEATHHAMMER. Але не магу не адзначыць руплівую працу гэтых польскіх хлопцаў, сапраўдных энтузіястаў, якія паставіліся да сваёй творчасьці так самааддана, нібы на дварэ зараз 80-е, хоць і цудоўна разумелі, што аніякай перспектывы стаць сусьветна вядомымі артыстамі ў іх няма. Chwała PANDEMIC!

 

QRIXKUOR – Zoetrope
Год: 2022
Выдаўца: Invictus Productions
Рэйтынг: 8,4 / 10

Даволі тыповы рэліз для Invictus Productions: ультра-змрочны і цяжкі чорны мэтал з галаваломнай ідэйнай канцэпцыяй і адпаведнай музыкай. Прызнаюся, усе гэтыя TEITANBLOOD, GRAVE MIASMA, HIC IACET ды іншыя гурты падобнага кшталту мяне даўно падзаебалі – іх стала зашмат, а гэты стыль даволі абмежаваны ў пляне ідэй. Аднак QRIXKUOR удалося завалодаць маёй увагай, бо на гэтым EP яны вельмі ўмела выкарысталі скрыпкі і набор музычных інструмэнтаў ці то з Бліжняга, ці то з Далёкага Ўсходу, надаўшы свайму 24-хвіліннаму твору грандыёзнае і пампезнае гучаньне. Нарэшце Англія прапанавала варты павагі Black Metal.

 

Author: F1sher16

4 thoughts on “Бліц-рэцэнзіі 90: IRONHAWK, MEGATON SWORD, FELVUM, PANDEMIC, QRIXKUOR

    1. Я трохі падазрона стаўлюся да гуртоў, якія адносяць сябе да Black Metal, пры гэтым маючы “рамантычную” эстэтыку, і ўжо тым болей імя ў стылі LLN. Для мяне гэта ў большасьці выпадкаў імгненнае no-go (то датычыцца Këkht Aräkh). Ну і ў абодвух выпадках у мяне ўзьнікла ўражаньне, што гэта збольшага творчасьць таленавітых артыстаў, але не перакананых фанатыкаў. Але гэта толькі інтуітыўна-павярхоўнае меркаваньне, і я, канешне, магу памыляцца, што таксама часта здараецца 🙂 “Сумнеўныя” тут у літаральным значэньні – ў мяне гэтыя гурты выклікаюць сумневы, але я не кажу, што яны дрэнныя.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *