Год: 2022
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 7,5 / 10
Калі вы сочыце за нешматлікімі публікацыямі навінаў на Bagnik Zine, вы ўжо ведаеце, што геніяльны аўстраліец Nightwolf пашырыў склад свайго праекту RUNESPELL, узяўшы ў яго бубнача і клявішніка. Я сумняваюся, што яны пасьпелі зрабіць моцны ўплыў на новы альбом, але неяк гэтак супала, што менавіта зараз запал RUNESPELL пачаў трошкі вывятрацца.
Зрэшты, у гэтым няма нічога дзіўнага. Наадварот, дзіўна тое, што Nightwolf, будучы вельмі прадуктыўным музыкай, наблізіўся да спусташэньня сваіх крыніц натхненьня толькі пасьля 15 (!) гадоў стварэньня альбомаў у амаль што аднолькавым стылі. І то, да поўнага спусташэньня яшчэ даволі далёка. Калі б за плячыма Nightwolf’а не было столькі выбітных запісаў, то “Shores of Náströnd” успрымаўся б значна лепей.
Па вялікім рахунку, тут нічога не зьмянілася. Урачыстыя, цёмныя паганскія гімны RUNESPELL пазнаюцца адразу, калі вы хоць раз слухалі творчасьць Nightwolf’а. Выдатных рыфаў і мэлёдый па-ранейшаму багата. Слабасьці хаваюцца ў дробязях: песьням трошкі бракуе натхненьня, гук з “прывіднага” стаў стэрыльна-спакладзеным, месцамі праскокваюць зусім стандартныя гітарныя партыі-філеры. На агульным тле альбому гэта адчуваецца ня надта моцна, але паспрабуйце пераключыцца хоць бы й на леташні EP “Sentinels of Time”, і адразу зразумееце, што навінка “не дацягвае”.
Вядома, гэта толькі першая ластаўка магчымага заняпаду. Хто ведае, мажліва, фантан натхненьня Nightwolf’а пачне біць на поўную моц. Прынамсі, на наступны год ужо анансаваны дэбют ягонага новага сольнага праекту, і RUNESPELL таксама ніхто кідаць не намераны. Пажывем-убачым.
Раю зьвярнуць увагу на аздабленьне альбому, выкананае украінскім мастаком Tern’ам, зь якім гурт супрацоўнічае ўжо не ўпершыню. Запомніце гэтае імя – ў хуткім часе вы пачуеце яго зноў.