Год: 2020
Выдаўца: Bat-Cave Productions
Рэйтынг: 8,9 / 10
Я вельмі рэдка пішу пра пост-панк (а мо наогул аніводнага разу яшчэ не пісаў – не памятаю), але не таму, што гэта “нефармат”. Пост-панк і Heavy Metal ёсьць для мяне двума жанрамі, да якіх я маю вельмі асаблівае і асабістае стаўленьне, і менавіта з гэтай прычыны я падыходжу да іх неймаверна пераборліва. Што адное, што другое мусіць гучаць канкрэтным чынам, і ніяк іначай. І таму годныя (на мой погляд) гурты ў абодвух жанрах я магу пералічыць па пальцах рук. Але, калі ўжо ўсё складаецца належным чынам, то гэта каханьне на ўсё жыцьцё.
Мае патрабаваньні да пост-панку вельмі простыя: трывалая й устойлівая рытм-сэкцыя (!!!), роўны (але ня мёртвы) вакал з абмежаванай эмацыйнай палітрай, зноў жа трывалае, але роўнае пачуцьцё трывогі, і, нарэшце, характэрны гук, дзе бубны робяць ТШЧ-ТШЧ, бас працуе ўпоравень зь гітарай, а гітара зьвініць. То-бок, мяне цікавіць сфэрычны пост-панк у вакууме, і толькі. Але ж якая бяда – высьвятлілася, што ў сьвеце гэткіх гуртоў камарова жменя. Куды ні торкнешся – альбо на вакале вішча нейкі підарас, альбо гітары граюць ледзь не металкор, альбо музыка агулам спаўзае ў нейкі авангард / дарквэйв / сінтпоп. Альбо ўсё добра, але папросту перанасычана (гл. МОЛЧАТ ДОМА). Не кажучы пра тое, што кожны другі гурт рана ці позна спрабуе замахнуцца на веліч FIELDS OF THE NEPHILIM, не маючы і дзясятай долі патрэбнага таленту – зь вядомым мізэрным вынікам. Карацей, на дадзены момант існуе ўсяго тры фармацыі, дзе мяне ўсё задавальняе – THE CURE перыяду “Seventeen Seconds”, туркі SHE PAST AWAY, ну і вось гэтыя палякі HÄNDE. Ёсць яшчэ BELGRADO, ну і, вядома, КИНО, аднак з абмежаваньнямі.
Знаёмства з HÄNDE, як звычайна, адбылося незнарок, калі я клікнуў на промку на вось гэтага самага альбома на форуме Revelation of Doom. Я адразу зразумеў, што гэта яно, а астатняе – гісторыя. Адразу трэба адзначыць, што ў ідэйным пляне ад HÄNDE нічога добрага чакаць не даводзіцца, бо гурт паходзіць з панкаўскага асяродку. Гралі HÄNDE на фэстах зь нейкімі мурзатымі недаёбкамі для гэткіх жа мурзатых недаёбкаў, у бошках у іх няслаба насрана “прагрэсіўным мысьленьнем”, і большасьць тэкстаў для альбому, напісаных сьпявачкай Аней, апавядае пра цяжкую бабскую долю або сьмяхотную хуйню кшталту “чарговай Крышталёвай Ночы”. Карацей, чарговы набор страшэнна важных сацыяльных паведамленьняў і папярэджаньняў ад чарговых левакоў, якім матка не дадала дубца за маленствам. У мэтале для мяне гэта імгненнае і катэгарычнае no-go, але да падобных выпадкаў у пост-панку я стаўлюся паблажліва, бо, у рэшце рэшт, нельга патрабаваць здаровага розуму ад сцэны, дзе дарослыя мужыкі часьцяком падфарбоўваюць вочы чорным і носяць на руках калготкі.
Не марнуючы часу на залішнее разгойдваньне, альбом стартуе з той самай “Kryształowa Noc”, не самага моцнага трэку на альбоме, але паказальнага, бо ён у аблегчаным выглядзе зьмяшчае ўсе складнікі музыкі, якую мы будзем слухаць на працягну наступных 38 хвілін. Трывалы і даволі хуткі рытм, гітара, якая паступальна нарошчвае трывожнае адчуваньне, фонавы, але выключна важны сінтэзатар, збольшага спакойны жаночы вакал – зрэшты, я ўжо ўсё распісаў двума абзацамі вышэй. Гук чысты і выразны, пазбаўлены непатрэбных пост-эфектаў. Тэксты тут і надалей, няхай бы яны больш чым напалову пра абы-што, напісаныя даволі стылёва, і на музыку кладуцца вельмі файна. Дзе трэба – ідуць поруч з рытмам, дзе ня трэба – выкшталцона аздабляюць музычны каркас.
Першы трэк – толькі разагрэў, бо прахалодная прыгажосьць альбому пачынае выяўляцца з другога трэка. “Dwie Drogi” – атмасфэрная рэч з бадай што самым традыцыйным пост-панкаўскім тэкстам. “Armia” – антываенны хіт. “Uwazaj” – хуткая і пагрозьлівая песьня з жалезным басавым гукам, якая ў лірычным сэнсе наўмысна ці ненаўмысна адсылае да “Следи за собой” ад КИНО, толькі тут пра жаночы страх цёмных завулкаў. “Ucieczka” – мройлівая (па тутэйшых мерках) песьня з фантастычнымі глыбокімі гітарнымі партыямі. “Północ (Finlandia)” – несумненна найлепшы твор HÄNDE, які назаўжды застаецца нават у забітай розным сьмецьцем галаве кшталту маёй. Відавочна, ідэя песьні зьявілася ў кагосьці з удзельнікаў гурта пасьля візіту ў Фінляндыю, бо тэкст да яе знаёмы кожнаму, хто залежыць ад дзяржаўнай палітыкі ацяпленьня жылога фонду. “W ZIMNYCH POKOJACH ZIMNI LUDZIE UDAJĄ, ŻE MOGĘ JESZCZE CZUĆ / W ZIMNYCH DOMACH PO CIEMKU ROZMYŚLAJĄ, PO CO MAJĄ JUTRO WSTAĆ” – гэтыя незабыўныя радкі адразу нагадваюць пра сярэдзіну восені або вясны, калі батарэі яшчэ / ужо ня грэюцца, а ў хаце халадэча, ды яшчэ й на працу трэба ісьці. “Marionetka” – нешта пра эмансіпацыю, але мяне перш за ўсё цікавіць магутны і суворы басавы гук. “Głos Ludzki” – неблагі інструмэнтал з сэмпламі, які аддзяляе фінальны трэк ад астатніх. Вельмі разумны ход, бо, як я ўжо казаў, альбом зроблены ў амаль што нязьменным рытме, і гэта стварае патрэбны кантраст. “Martwa Cisza” – той самы фінальны трэк, які прынцыпова нічым не адрозьніваецца ад астатніх, акрамя прыпева з двух словаў, які кладзецца на вельмі тонка прачутую кароткую пасьлядоўнасьць акордаў. Менавіта яна адразу кажа, што гэта фінал выбітнага альбому, які я буду слухаць яшчэ ня раз і нават ня дзесяць.
Фізічнае выданьне альбому пастаўляецца ў выглядзе дыджыпака з маленькім буклетам, дзе разьмешана фота і тэксты да песень. Таксама ёсьць вінілавы варыянт з вокладкай, якая неяк зусім не пасуе да музыкі і агульнай атмасфэры. Падрабязнасьці на відэа.