Рэцэнзія: TEUFELSBERG – Cienie

Год: 2023
Выдаўца: Under the Sign of Garazel Productions
Рэйтынг: 7,6 / 10

Міні-альбом польскага гурта TEUFELSBERG прыцягнуў маю ўвагу прэс-рэлізам, у якім сьцвярджалася, што гэты рэліз запісаны ў якасьці даніны павагі магутным SACRILEGIUM, NORTH, GROM, NEASIT, HEFEYSTOS. На гэтыя імёны я малюся, таму абмінуць “Cienie” я, канешне, ня меў права.

Вядома, цуду я не чакаў, бо перадаць усе нюансы культавых запісаў гуртоў Дуба і Арла папросту немагчыма. Не ўдалося гэта і TEUFELSBERG, хоць яны падабраліся даволі блізка. Усе тры трэкі выкананыя ў сярэднім тэмпе і па сутнасьці ёсьць даволі монатоннымі. Гітарны саўнд сапраўды нагадвае пра SACRILEGIUM і NORTH. Агульнае адчуваньне старажытнасьці і мэлянхоліі таксама ёсьць, хоць і не дацягвае да “арыгіналаў”. Што датычыцца падабенства да GROM, HEFEYSTOS і NEASIT, то з гэтым усё ня надта пасьпяхова. Вытанчанае гучаньне першых двух выбудоўвалася ў вялікай ступені на клявішных партыях, чыстагалосых дэкламацыях ды акустычных і сола-гітарах, якія спляталіся найцудоўнейшым і націкавейшым чынам. NEASIT увогуле былі даволі “сьветлым” гуртом, у музыцы якога было нямала ад Heavy Metal. Замест усяго гэтага TEUFELSBERG прапануюць шматразовае паўтарэньне тых жа самых рыфаў і збольшага агрэсіўны вакал. Каб скончыць з параўнаньнямі: увесь “Cienie” – гэта першая палова песьні SACRILEGIUM ” W dolinie rwących potoków”, толькі спрошчаная і трохі запаволеная.

Пры ўсім гэтым, “Cienie” дае рады ў галоўным: ён нагадвае пра стар(ажытн)ыя часы і напаўняе душу глыбокім трывожна-мэлянхалічным пачуцьцём, якое можа ў асабліва запушчаным выніку прывесьці да пераасэнсаваньня ўласнага быцьця, як гэта здарылася з мною, калі я ўпершыню паслухаў музыку гуртоў Дуба і Арла. У рэшце рэшт, калі вы ўвогуле ня ведаеце, што гэта за гурты такія, то ўсё адно зьвярніце ўвагу на дадзены рэліз, бо гэта выдатны цёмны мэтал.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *