84-ы выпуск кароткіх аглядаў.
ДО СКОНУ – …and Darkness was over the Surface of the Deep
Год: 2022
Выдаўца: Zazen Sounds / Crypt of Black Fog
Рэйтынг: 7/ 10
Атрымаўшы прома найсьвяжэйшага на гэты момант альбому ДО СКОНУ ад сяброў з Crypt of Black Fog, я меў намер зрабіць на яго паўнавартасны агляд. Але пасьля пэўнай колькасьці праслухоўваньняў вырашыў больш ня гвалціць сябе і перакінуць яго ў Бліц. Справа ня ў тым, што альбом слабы, а ў тым, што ДО СКОНУ неяк не працуе ў гэткім фармаце. Тут няма амаль нічога ад папярэдніх твораў ДО СКОНУ; гэта вельмі якасны сучасны Black Metal з нястомнымі бласт-бітамі, які не мае нейкіх адметных рысаў. І гэта мяне моцна бянтэжыць, бо амаль усе творы Максіма заўсёды мелі незвычайныя характэрныя асаблівасьці, нават калі яны былі мне не да спадобы. Але “…and Darkness” з роўным посьпехам мог бы быць працай скандынаўскага, нямецкага або фінскага гурта. Я чуў падобную музыку столькі разоў, што на мяне яна ўжо не робіць аніякага ўзьдзеяньня, і мне няма чаго пра яе напісаць. Якасна, цёмна, злосна, інтэнсіўна – так. Цікава? Не. Але, мабыць, у разнастайнай дыскаграфіі ДО СКОНУ павінны быць і гэткі твор.
RIFT – To Quench the Thirst of Wolves
Год: 2021
Выдаўца: Seance Records
Рэйтынг: 7,1/ 10
Атмасфэрны Black Metal ад удзельнікаў NAZXUL і ORDER OF ORIAS. У наяўнасьці хуёвыя запраграмаваныя бубны, абы-як прапісаны вакал, але вельмі мэлядычныя і мэлянхалічныя гітары. Атрымаўся няблагі альбом, які б атрымаў ад мяне значна вышэйшы рэйтынг, калі б ня сраны гук.
FURIS IGNIS – Decapitate the Aging World
Год: 2022
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 7,2/ 10
Германскі цёмны мэтал, эстэтычна вельмі блізкі да “вампірскага”, але насамрэч збольшага прысьвечаны вайне і чорнай магіі. Волкі гук, змрочныя ўрачыстыя сінты, крумкачыны вакал, рэверансы ў бок старых скандынаваў. Вельмі добра.
BEKËTH NEXËHMÜ – De fornas likgaldrar (Forna nordiska besvärjelser omfamnat i tre kapitel)
Год: 2021
Выдаўца: Purity Through Fire
Рэйтынг: бяз рэйтынгу
ВЯЛІЧЭЗНЫ (ажно на 2 гадзіны!!!) альбомішча ад няўтомных швэдаў. Я моцна паважаю творчасьць гэтых хлопцаў, але асабіста мне ў ёй заўсёды бракавала моцнага падмурку; праз кампазіцыі надмернай даўжыні і пэўныя асаблівасьці гуку іх музыка ёсьць для мяне хутчэй звышінтэнсіўным эмбіентам, а ня мэталам. У прыватнасьці, BEKËTH NEXËHMÜ – гэта такі PAYSAGE D’HIVER з яйцамі. У адрозьненьні ад безьзмястоўнага швэйцарскага гаўна, тут ёсць што слухаць, толькі вось дзьве гадзіны вытрымае не кожны, бо гэта ўсё ж не сінты, а гітары і бласты. З усёй адказнасьцю заяўляю, што мае дух і цела занадта слабыя для гэтага.
ANCIENT NORTH – The Gates
Год: 2022
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 6/10
Перад вамі сумны прыклад таго, як адсутнасьць нават зародкаў добрага густу і стылю можа паўплываць на чужое ўспрыманьне тваёй працы. Пачаўшы слухаць гэты альбом, я падбіваў свае першыя ўражаньні: “Неблагі Нарвэгія-worhsip, збольшага ў бок старых IMMORTAL, але ёсьць нешта і ад DARKTHRONE. Гучаньне, канешне, аматарскае, але гэта можна дараваць”. Потым мяне собіла зірнуць на фотаздымкі музыкі, дзе ён у клясычным баявым іміджы пазуе… ў калідоры сваёй кватэры. “Курва маць, чарговая дрысьня з маткінай спальні!”. Канешне, “The Gates” не перастаў быць грубым і прымітыўным мэталам у лепшых традыцыях “Pure Holocaust” і “Under the Funeral Moon”, але гэтыя фотаздымкі пакінулі на мне глыбокую рану. Гэта, ды ідыёцкае “ov” у назвах трэкаў. І – асобна – назва “Deicide Warriors ov the Abyss”. Сур’ёзна, якога хуя?