Год: 2022
Выдаўца: Werewolf Records
Рэйтынг: 7,5 / 10
Пан Вэрвольф апошнім часам паводзіцца вельмі дзіўна: актыўна засядае на дэгенерацкім гадзюшніку Reddit і на Facebook, дзе нахабна заяўляе, што SATANIC WARMASTER і ён сам насамрэч заўсёды былі левымі, і наогул, ён ганяе з турамі па Лацінскай Амерыцы (праўда, канцэрт у Мексіцы нядаўна скасавалі), дык чаго ж вам яшчэ трэба? Найбольш радыкальныя слухачы ўжо пасьпелі запісаць яго ў здраднікі расы, але я пакуль што ня стану з гэтым сьпяшацца; ведаючы эксцэнтрычную натуру Лаўры, усё гэта можа быць гульнёй, якая скончыцца вельмі забаўна. А можа й не, будучыня пакажа.
Так ці так, SATANIC WARMASTER выдаў першы з 2014-га году паўнафарматны альбом, і гэта, канешне падзея. Запісваць “Aamongandr” дапамагалі старыя знаёмыя Вэрвольфа: бубнач MOONSORROW, басіст CADAVERIC INCUBATOR, гітарыст WHITE DEATH і гітарыст з мянушкай Nattravn, які граў на папярэднім альбоме. У выніку ўсё атрымалася вельмі падобным да “Devil Crisis” THE TRUE WEREWOLF двухгадовай даўніны. Гэта не тое каб нечакана; у SATANIC WARMASTER даўно назіралася тэндэнцыя да змякчэньня. І, напэўна, калі б TTW не існаваў, “Aamongandr” пакінуў бы ў мяне лепшае ўражаньне. Але, як аглядчык, я не магу не шукаць паралелі, і параўнаньне двух вышэйузгаданых альбомаў атрымліваецца не на карысьць навінкі.
“Aamongandr” прапануе той жа самы мэлядычны фінскі Black Metal на больш сур’ёзную шатанаўскую тэматыку. Усе трэкі хітовыя, дынаміка і амбіцыі вельмі высокія, узровень кампазіцый пакідае ўсю папярэднюю творчасьць SATANIC WARMASTER за бортам – гэта сапраўдная прэм’ер-ліга. Гук таксама шалёна якасны, аднак занадта мяккі, ён не б’е ў вушы, а кладзецца ў іх. На жаль, альбому бракуе абстрактнага, і ўсё ж неабходнага кампанента, які быў у “Devil Crisis” – адухаўлёнасьці, сапраўднага палу. Не скажу, што “Aamongandr” нежывы, але шчырасьць самавыяўленьня тут відавочна была не на першым месцы. Гэта папросту вельмі добрая музыка, якая не запаліць сэрцы і не паўплывае на сьветапогляд слухачоў, як то было з “Strength & Honour” або “Carelian Satanist Madness”.